Наезнік эфіяльт 7/296—297 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМАЛА́ЕЎ Юрый Міхайлавіч (н. 7.6.1932, Масква),

артыст цырка. Нар. арт. СССР (1989). У цырку з 1944. З 1949 дрэсіроўшчык коней і наезнік. У 1960—75 выступаў з Л.​Котавай. Выконвалі конна-балетную сюіту «Штраусіяна», сюжэтную кампазіцыю «Руская бярозка». З 1985 кіраўнік цыркавога коннага атракцыёна аб’яднання «Саюздзяржцырк» (з 1992 «Расдзяржцырк»).

т. 6, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗО́ЎСКІ Юрый Віктаравіч (16.1.1931, г. Іжэўск, Удмурція — 3.5.1993),

бел. артыст аперэты, спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Вучыўся ў тэатр. студыі пры Іванаўскім т-ры муз. камедыі (1947—48), з 1949 артыст гэтага т-ра. У 1970—90 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Майстар камедыйнага вобраза, вострахарактарнага сцэн. малюнка. Сярод лепшых роляў: Сцяпан Крыніцкі, Генерал, Нарэйка («Паўлінка», «Сцяпан — вялікі пан», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.​Семянякі), Скамарох («Несцерка» Р.​Суруса), Фама («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), граф Кутайсаў («Халопка» М.​Стрэльнікава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Кавалькадас («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Фядот («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Князь Тугавухаўскі («Гора ад розуму» А.​Фельзера), барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), князь Воляпюк, Фраскаці, Філіп, Генерал («Сільва», «Фіялка Манмартра», «Баядэра», «Д’ябальскі наезнік» І.​Кальмана), Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу) і інш.

Літ.:

Волчок Г. Юрий Лазовский // Тэатр. Мінск. 1980. № 4.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬМАН (Kálmán) Імрэ (Эмерых; 24.10.1882, г. Шыяфак, Венгрыя — 30.10.1953),

венгерскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў і найб. відных прадстаўнікоў т.зв. новай венскай аперэты.

Вучыўся ў Акадэміі музыкі, адначасова вывучаў права ва ун-це ў Будапешце. З 1911 жыў у Вене, з 1938 у Швейцарыі, з 1940 у ЗША, з 1948 у Францыі. Лепшыя яго аперэты пастаўлены ў Вене: «Цыган прэм’ер» (1912), «Каралева чардаша» («Сільва», 1915) — адна з вяршынь творчасці К., «Баядэра» (1921), «Графіня Марыца» (1924), «Прынцэса цырка» і «Фіялка Манмартра» (1930), «Д’ябальскі наезнік» (1932; у розныя гады ўсе паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі). Ім уласцівы разгорнутая драматургія, вастрыня сюжэтных сітуацый, яркая запамінальная меладыйнасць, эфектная аркестроўка; у многіх з іх прыкметны ўплыў вербункаша. Сярод інш. твораў: аперэты «Асеннія манеўры» (1908), «Салдат у адпачынку» (1910), «Маленькі кароль» (1912), «Залаты світанак» (1927), «Імператрыца Жазефіна» (1936), «Марынка» (1945); сімф. паэма «Сатурналіі» (1904); інстр. п’есы; рамансы; музыка для т-ра і кіно. Аўтар мемуараў.

Літ.:

Имре Кальман: Сб. статей и воспоминаний: Пер. с нем. М., 1980.

І.Кальман.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПУНО́Ў Анатоль Максімавіч (н. 15.9.1940, г. Гомель),

бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1998). Скончыў Бел. кансерваторыю па спецыяльнасцях ігра на нар. інструментах (1964) і оперна-сімф. дырыжыраванне (1973, клас Я.​Вашчака). З 1974 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, у Вял. т-ры ў Маскве, у Дзярж. сімф. аркестры Беларусі. У 1975—87 (з перапынкам) гал. дырыжор, з 1991 дырыжор Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. З 1993 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Сімфанічнага аркестра Беларускага тэлебачання і радыё. Пад яго муз. кіраўніцтвам у Дзярж. т-ры муз. камедыі пастаўлены аперэты бел. кампазітараў «Тыдзень вечнага кахання» Ю.​Семянякі (1975), «Судны час» Р.​Суруса (1984), «Джулія» У.​Кандрусевіча (1991), класічныя «Вясёлая ўдава» Ф.​Легара (1978), «Д’ябальскі наезнік» (1983), «Сільва» (1986) і «Марыца» (1992) І.​Кальмана і інш., творы сучасных айч. і замежных аўтараў; з Сімф. аркестрам Дзяржтэлерадыёкампаніі Беларусі ажыццявіў шэраг фондавых запісаў (оперы «Агатка, ці Прыезд пана» Я.​Д.​Голанда, «Фауст» А.​Радзівіла, музыка да драмы «Фінгал» і скрыпічны канцэрт В.​Казлоўскага, прэм’еры буйных твораў сучасных бел. кампазітараў).

Н.​А.​Юўчанка.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЖЭ́НАЎ Віктар Пятровіч (н. 21.1.1941, г.п. Зіядзін Самаркандскай вобл., Узбекістан),

бел. артыст аперэты (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (2002). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1970). У 1953—65 артыст хору, саліст Арэнбургскага т-ра муз. камедыі. З 1970 саліст Бел. дзярж. муз. т-ра. Яго выканальніцтва вылучаецца жанравай характарнасцю, тэмпераментам, сакавітым гумарам. Сярод роляў: Несцерка («Несцерка» Р.​Суруса), Сцяпан («Сцяпан — вялікі пан» Ю.​Семянякі), Таўкачык («Калі заспявае певень» А.​Чыркуна), Рауль, Тасіла, Раджамі, Антал Браш («Фіялка Манмартра», «Марыца», «Баядэрка», «Д’ябальскі наезнік» І.​Кальмана), Іанель, Расільён, Арман («Цыганскае каханне», «Вясёлая ўдава», «Фраскіта» Ф.​Легара), Айзенштайн, Энрыка, Аманай («Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі», «Цыганскі барон» І.​Штрауса), Фрэдзі («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Напалеон («Капялюш Напалеона» О.​Штрауса), Гары Трэвар, Баптыста («Цалуй мяне, Кэт!» К.​Портэра), Гаспадар шынка і Цэзар Галь («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Пабла («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Петра («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Сярожа («Патрабуецца гераіня» В.​Баснера), Міколка («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Джо Янкі («Дарагая Памэла» М.​Самойлава), Мендоса («Даратэя» Ц.​Хрэннікава).

В.​Г.​Брылон.

т. 18, кн. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАПОНЧАТАКРЫ́ЛЫЯ (Hymenoptera),

атрад насякомых. Вядомы з трыясу (каля 220 млн. г. назад). 2 падатр.: сядзячабрухія (Symphyta, або Phytophaga) і сцяблістабрухія (Apocryta); сцяблістабрухіх падзяляюць на паразітычных (Parasitica) і джалячых (Aculeata). Больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Вызначаюцца складанымі паводзінамі (адзіночныя і грамадскія насякомыя), у многіх развіты інстынкт будовы гнязда і клопату пра патомства. На Беларусі каля 3 тыс. відаў, найб. пашыраны арэхатворкі, восы, мурашкі, наезнікі, немкі, пільшчыкі сапраўдныя, пчолы. рагахвосты, трыхаграмы, хальцыды, іхнеўманіды і інш.

Даўж. 0,2—60 мм. На галаве 1 пара фасетачных вачэй і 3 простыя вочкі. Вусікі простыя, перыстыя, булава- або грэбенепадобныя. Пярэдняспінка злучана нерухома з сярэднегрудзямі, а пярэднягрудзі — рухома з пярэдняспінкай. Маюць 2 пары празрыстых перапончатых крылаў (адсюль назва), зрэдку другасна бяскрылыя (мурашкі, немкі). Ротавыя органы грызучыя ці грызуча-лізальныя або сысучыя У самак на канцы брушка яйцаклад або джала. Ногі хадзільныя, бегальныя. Дарослыя пераважна расліннаедныя, некат. — драпежнікі, паразіты; лічынкі кормяцца рознымі ч. раслін. Самцы развіваюцца з неаплодненых (гаплоідных) яец, самкі — з дыплоідных (з двайным наборам храмасом), звычайна аплодненых, толькі ў некат. відаў — з неаплодненых яец (гл. Партэнагенез). Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія або вусенепадобныя. Многія П. — апыляльнікі раслін; наезнікаў выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднікамі с.-г. раслін; пчолы меданосныя даюць мёд, воск, пропаліс. Ёсць шкоднікі с.-г. культур і лясных парод.

С.​А.​Максімава.

Перапончатакрылыя: 1 — эфіяльт выяўляльнік; 2 — наезнік начніцавы; 3 — андрэна шэрая; 4 — сфекс зубасты; 5 — мурашка-шашаль звычайная.

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫРК (ад лац. circus круг),

1) від сцэнічнага мастацтва, адным з асн. сродкаў выразнасці якога з’яўляецца трук.

2) Спецыяльны будынак з манежам (арэнай), у якім даюцца цыркавыя прадстаўленні.

Цыркавое мастацтва ўключае акрабатыку (гл. Акрабатычнае мастацтва), эквілібрыстыку, жангліраванне, ілюзіянізм клаунаду, дрэсіроўку жывёл, муз. эксцэнтрыку і інш. Яго вытокі ў нар. абрадах і гульнях, у творчасці скамарохаў, балаганных і кірмашовых т-рах. Элементы сучаснага цыркавога мастацтва сустракаліся ў Стараж. Кітаі, Грэцыі, Рыме, Візантыі. Паказы адбываліся ў спец. будынках — амфітэатрах і складаліся са спарт. гульняў, баёў гладыятараў, выступленняў жанглёраў, канатаходцаў. Вялікую ролю ў развіцці цыркавога мастацтва адыгралі жанглёры (у Францыі), шпільманы (у Германіі), франты (у Польшчы), дарвозы і масхарабозы (у Сярэдняй Азіі). У 1772 Ф.​Астлей адкрыў у Лондане школу верхавой язды, у 1782 пабудаваў першы ў свеце стацыянарны Ц. У Расіі першы стацыянарны будынак з’явіўся ў Пецярбургу (1827). У 1880 адкрыты Маскоўскі цырк (з 1997 імя Ю.Нікуліна). Для падрыхтоўкі артыстаў Ц. пры імператарскім тэатр. вучылішчы існавала цыркавое аддзяленне. У 1926 у Маскве арганізавана майстэрня цыркавога мастацтва (з 1961 Дзярж. вучылішча цыркавога і эстр. мастацтва). Рэжысёраў Ц. рыхтуюць у Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. Найб. вядомыя рас. цыркавыя артысты: клоуны Л.Енгібараў, Карандаш (М.​Румянцаў), В.​Лазарэнка, Нікулін, А.Папоў, дрэсіроўшчыкі жывёл І.Бугрымава, Ю.Куклачоў, В.Філатаў, П.​Круцікаў, П.​Крылоў, Я.​Панкратаў, дынастыі Валжанскіх, Дуравых, Запашных, Канціміравых, ілюзіяністы Кіо, гімнасты Каўрыгіны, наезнік П.​Федасееўскі, акрабаты Вінкіны, Сосіны, канатаходзец Ф.​Маладцоў, барцы І.​Заікін, П.​Крылоў, І.​Паддубны і інш.

На Беларусі элементы цыркавога мастацтва былі ў творчасці скамарохаў (вядомы з пропаведзі Кірылы Тураўскага супраць скамароства, 12 ст.). З 17 ст. ствараліся спец. школы дрэсіроўкі мядзведзяў (гл. «Смаргонская акадэмія»), вяровачных скакуноў і штукароў (у в. Семежава Капыльскага р-на Мінскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. існаваў Ц. памешчыка Л.​Оштарпа ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., дзе выступалі замежныя і прыгонныя штукары і блазны (вядомы бел. фокуснік Даўгяла). У 19 ст. ў часовых памяшканнях, балаганах і манежах мясц. знаці адбываліся гастролі замежных труп. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў Мінску гастраліравалі перасоўныя летнія Ц. К.​Гіне, Годфруа, Чынізелі, Труцы, Фероні, у Гомелі — трупы К.​Муміно, А.​Дэвінье, Далай-Ламы, А.​Лапіяда, Ц. «Рускі калізей» Ф.​Дурава. У 1884 у Мінску адкрыўся першы зімовы стацыянарны «Рускі цырк братоў Нікіціных», у 1890-я г. — Ц. у Гомелі (існаваў да 1917). У 1926 адкрыўся новы Гомельскі Ц. (у 1932 будынак перададзены БДТ-3). У 1930-я г. ў мінскім гар. парку працаваў летні Ц., з 1947 — шапіто. У 1959 прэм’ерай праграмы Беларускага цыркавога калектыву (існаваў да 1974) адкрыўся зімовы стацыянарны будынак Мінскага цырка. Сярод паказаў у Мінскім Ц. — нумары «Паветранае адажыо» (1985), «Паветраная гімнастка» (1998), «Акрабатычны дуэт» (1999), «Дрэсіраваныя мядзведзі» (2003), спектаклі «Збройнік Праспера» (1985), «Заўсёды свята» (1992), «Вясёлы Рымша» (1994), «Карлсан у цырку» (1999), «Планета радасці» (2000), «Айбаліт-2001» (2001), «Маскарад» (2002), «Зімовая казка» (2003), атракцыён «Ілюзія» (2003). У 1950—60-я г. ў Гомелі працавала шапіто. У 1972 адкрыўся другі на Беларусі стацыянарны Гомельскі цырк. Сярод пастановак у ім: нумары «Дрэсіраваныя кошкі» (1986), «Лялька» (1987), «Акрабаты на шастах», «Танцы на дроце» (абодва 1992), «Конь-матэматык», «Вышэйшая школа верхавой язды» (абодва 1993), «Акрабатычная пара», «Ёга» (абодва 1994), «Гульня з хула-хупамі» (1996), атракцыён «Мядзведзі на конях» (1993). Значны ўклад у развіццё цыркавога мастацтва на Беларусі зрабілі артысты і дзеячы культуры К. і Ю. Аўерыно, Т. і Г. Бандарчукі, А.Варанецкі, А.​Ваўчок, А.Вязаў, Ф.Гулевіч, К.​Дароці, М.​Запашная, Б.Кабішчар, В.​Колабаў, Я.​Лабовіч, У.​Макараў, М.Марусалаў, П.​Мар’янкоў, Я.Мілаеў, Л. і А. Пасечнікі, В.​Пацехін, В.​Радзянка, Б.​Райскі, М.​Фінберг, Я.​Чахаўскі, А.Шаг-Наважылаў, акрабаты Сунгуравы, турністы пад кіраўніцтвам В.​Кашубы і інш. З 1998 пры Мінскім муз. вучылішчы імя М.​Глінкі працуе аддз. па падрыхтоўцы артыстаў Ц. З 1950-х г. працуюць аматарскія цыркавыя калектывы, некаторыя з іх маюць званне народных.

Літ.:

Весь вечер на манеже. М., 1965;

Кузнецов Е. Цирк. 2 изд. М., 1971;

Шляпин Л.Ф. Цирк любителей. М., 1976;

Фальковский А.П. Художник в цирке. М., 1978;

Вадимов А.А., Тривас М.А. От магов древности до иллюзионистов наших дней. 2 изд. М., 1979;

Лабада А. Цырк на беларускай арэне: Фотаальбом. Мн., 1989.

Т.​М.​Бандарчук, Я.​М.​Лабовіч.

Да арт. Цырк. Арэна цырка Ф.​Астлея. Лондан.
Да арт. Цырк. Акрабаты пад кіраўніцтвам А.​Ампадзістава.
Да арт. Цырк. Эквілібрыст С.​Загорскі. 2003.
Да арт. Цырк. Дрэсіроўшчыца А. Выгарніцкая з ламамі. 2003.
Да арт. Цырк. Клоун А.​Родзін.

т. 17, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)