сямейства насякомых атр. клапоў. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна шкоднікі раслін. На Беларусі найб. вядома К. грушавая (Stephanitis pyri). Жывуць на пладовых дрэвах (груша, яблыня), ліпах.
Даўж. 1—10 мм. Крылаў 2 пары, пярэднія з перапончатым верхам, аснова крыла цвёрдая, скурыстая. Надкрылы і пярэдняспінка ячэйкавыя або карункавыя (адсюль назва). Ротавыя органы колюча-сысучыя. Кормяцца сокам лісця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЁНКА, бронзаўка касматая (Epicometis hirta),
жук сям. пласцініставусых. Пашыраны ў Еўропе ад лясной зоны да гор Крыма і Каўказа.
Даўж. да 13 мм, цела матава-чорнае. Надкрылы з жаўтаватымі плямамі. Зверху густыя жоўта-шэрыя валаскі (адсюль другая назва). Лятае вясной і напачатку лета, жывіцца кветкамі і пупышкамі пераважна пладовых дрэў, а таксама злакамі. Зімуе ў глебе, вясной адкладвае 15—20 яец. Поўнасцю развіваецца за год. Шкодзіць дэкар. і пладовым раслінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРКУЛЕ́С (Dynastes hercules),
насякомае сям. пласцініставусых жукоў. Пашыраны ў тропіках Цэнтр. і Паўд. Амерыкі.
Даўж. самца да 15,5 см, самкі 8—9 см. Самец бліскучы, чорны, надкрылы аліўкава-зялёныя з чорнымі плямамі; самка — аднакаляровая, матава-чорная. У самца 2 рагі: адзін на лбе, доўгі, тоўсты, вышчарблены; другі — на пярэдняспінцы, больш доўгі (амаль напалавіну даўжэйшы за цела). Самка без рагоў (прыклад палавога дымарфізму). Лічынкі развіваюцца ў гнілой драўніне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШЧУ́ПНІКІ (Pselaphidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомы жоўты бязвочка (Claviger testaceus), які жыве ў гнёздах жоўтых мурашак.
Даўж. 0,8—6 мм. Звычайна бурай або рыжай, радзей чорнай афарбоўкі. Надкрылы вельмі ўкарочаныя, 5—8 нерухомых членікаў брушка голыя. Жывуць у лясным подсціле, пад карой дрэў, камянямі, у пнях, пячорах, многія ў мурашніках. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Выдзяленні асобных залоз прывабліваюць мурашак, якія кормяць ашчупнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКО́РНІКІ (Aradidae),
сямейства насякомых атр. клапоў. Больш за 100 родаў, каля 1000 відаў. Пашыраны па ўсёй сушы. Жывуць на кары, пад карой дрэў (адсюль назва). На Беларусі каля 30 відаў, з іх найб. трапляюцца П. бярозавы (Aradiis betulae), звычайны (A corticalis), хваёвы (A. cinnamomeus).
Даўж. да 1,1 см. Галава даўгаватая, размешчана паміж 4-членікавымі вусікамі. Цела пляскатае, бурае ці чорнае. Надкрылы не закрываюць краі брушка. Лапкі 2-членікавыя. Кормяцца сокамі дрэў (чым шкодзяць дрэвастою), міцэліем грыбоў. Развіццё з няпоўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУСА́К, таракан рыжы (Blattella germanica),
насякомае атр. тараканавых. Пашыраны ўсюды; сінантропны від, жыве пераважна ў жыллі чалавека. Актыўны ўначы. Можа пашкоджваць харч. прадукты, скураныя вырабы, пераплёты кніг, пакаёвыя і цяплічныя расліны. Пераносчык узбуджальнікаў шэрагу хвароб (напр., дызентэрыі) і яец гельмінтаў. Цеплалюбівы, гіне пры т-ры ніжэй за -5 °C.
Даўж. да 13,3 мм. Цела пляскатае. Пярэднія крылы (надкрылы) скурыстыя, заднія — тонкія. Вусікі доўгія. Ротавыя органы грызучыя. Усёедныя. Яйцы адкладваюць (да 40 шт.) у аптэку — хіцінавую капсулу, якую да 40 дзён выношваюць на канцы брушка. Ператварэнне няпоўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБАЕ́ДЫ (Mycetophagidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 20 родаў і 200 відаў. Жывуць у грыбах і гнілой драўніне. Найб. вядомыя грыбаед двухкрапінкавы (Dacne bipustulata), грыбаед чырвонагаловы (Triplax russica). На Беларусі 12 відаў. Найб. пашыраны Litargus connexus і Mycetophagus quadripustulatus.
Даўж. 2—6,5 мм. Цела авальнае, слаба пукатае, укрыта тонкімі валаскамі. Афарбоўка ад светла-бурай да чорнай, надкрылы звычайна са светлым малюнкам. Лапкі ў самкі 4-членістыя, у самца пярэднія 3-членістыя. Лічынкі грыбаедаў прадаўгаватыя, з даволі вял. галавой і кароткімі нагамі; на заднім канцы цела кручкападобныя вырасты, загнутыя ўверх. Жывяцца пераважна грыбніцай (міцэліем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАГРЫ́ЗЫ (Lyctidae),
сямейства жукоў падатр. рознаедных. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках. Шкоднікі драўніны і вырабаў з яе. На Беларусі часцей трапляецца Д. баразнаваты, або лінейны (Lyctus linearis).
Даўж. 2,5—5 мм. Цела прадаўгаватае, зверху пляскатае, бурае. Пярэдняспінка з прытупленымі вугламі, з шырокай падоўжнай баразёнкай пасярэдзіне. Надкрылы з тонкімі кропкавымі баразёнкамі і тонкімі валаскамі. Лапкі 5-членікавыя з рэдукаваным першым членікам; вусікі з 2-членікавай булавой. Лічынкі бязногія, белыя. Развіваюцца ў сухой драўніне, якой кормяцца лічынкі і жукі. Пракладваюць хады ў драўніне і ператвараюць яе паверхневыя слаі ў парахню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЦВЯЕ́ДЫ (Silphidae),
сямейства насякомых атр. цвердакрылых, або жукоў. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай зоне. На Беларусі 14 відаў; найб. вядомыя жукі з роду магільшчыкі, М. матавы, або тоўстагалоўка матавая (Aclypaea opaca), М. цёмны (Silpha obscura), М. чатырохкрапінкавы (Xylodrepa quadripunctata), падлавік маршчыністы (Thanatophilus rugosus) і інш.
Даўж. да 40 мм. Вусікі 11-членікавыя, булавападобныя. Лапкі 5-членікавыя. Надкрылы часта ўкарочаныя. Лічынкі плоскія, рухомыя. Большасць М. корміцца мярцвячынай, спрыяюць ліквідацыі жывёльных рэшткаў, некат. — драпежнікі, расліннаедныя, якія шкодзяць агародным культурам (бульба, буракі, капуста, морква), прамежкавыя гаспадары гельмінтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́ЙНІКІ (Rhantus),
род жукоў сям. плывунцоў. 82 віды. Жывуць у стаячых або з павольным цячэннем водах сажалак, рачных затокаў, лясных рэк і ручаёў, часовых вадаёмаў. На Беларусі 9 відаў. Часцей трапляюцца глейнік плямагруды (Rh. notatus), глейнік чарнабрухі (Rh. suturellus) і глейнік жаўтабрухі (Rh. exoletus). Глейнік невядомы (Rh. incognitus) занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 7—14 мм. Цела круглаватае, злёгку пукатае. Пярэдняспінка жоўтая, зрэдку з чорнай плямай пасярэдзіне. Надкрылы жоўтыя са шматлікімі чорнымі крапінкамі. Лічынкі з падоўжаным целам, рухомыя. Кукалкі развіваюцца на сушы. Дарослыя і лічынкі драпежнікі. Пры масавым размнажэнні шкодзяць рыбнай гаспадарцы. Адначасова карысныя — знішчаюць лічынак і кукалак камароў.