надатрад вымерлых малюскаў класа галаваногіх. Існавалі ў ардовіку — трыясе. Каля 20 родаў. Рэшткі выяўлены ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах Прыпяцкай упадзіны.
Мелі прамую, радзей сагнутую вонкавую ракавіну дыям. да 3 см, у якой знаходзілася мяккае цела. Жылі ў морах, вялі рухомы спосаб жыцця. Цікавыя для вывучэння эвалюцыі галаваногіх малюскаў як продкаў аманітаў і белемнітаў.
Да арт. Бактрытаідэі: рэшткі малюска з роду Bactrites (выгляд з брушнога боку; павялічана ў 2 разы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛЯВЫ́Я ПТУ́ШКІ,
кілягрудыя (Carinatae), або лятаючыя (Volantes), надатрад птушак. Уключае большасць сучасных птушак. Каля 35 атр., больш за 8550 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце.
Маюць кіль (грэбень уздоўж грудной косці для прымацавання грудных мышцаў, якія прыводзяць у рух крылы) і косці, напоўненыя паветрам. Ёсць копчыкавая косць (пігастыль). У адрозненне ад бескілявых птушак добра лятаюць (акрамя некат. пастушковых). Характэрны нармальна развітыя контурныя пёры з самкнутымі махаламі, добра развітыя махавыя і рулявыя. Апярэнне размешчана пераважна на пэўных участках скуры — птэрыліях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРА́Ду біялогіі,
таксанамічная катэгорыя ў сістэматыцы жывёл, прамежкавая паміж сямействам і класам. Іншы раз у сувязі з павелічэннем драбнення сістэмы вылучаюць таксама пад-, інфра- і надатрады. Тэрмін уведзены ў 18 ст. шведскім вучоным К.Лінеем для абазначэння групы жывёл, якая аб’ядноўвае блізкароднасныя сямействы. Напрыклад, сям. сабачыя, янотавыя, куніцавыя, кашэчыя і інш. ўтвараюць атрад драпежных звяроў. Блізкія атрады складаюць клас, часам спачатку надатрад. Напрыклад, атрад бязногіх, хвастатых і бясхвостых земнаводных складаюць клас земнаводных, або амфібій. У сістэматыцы раслін атраду адпавядае парадак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАНІ́ТЫ, амонаідэі (Ammonoidea),
надатрад вымерлых малюскаў кл. галаваногіх. Былі пашыраны ў дэвонскім і мелавым перыядах, дасягнулі росквіту ў сярэдзіне мезазойскай эры. Вядома каля 1,5 тыс. родаў і 5 тыс. відаў. Рэшткі аманітаў трапляюцца ўсюды ў марскіх адкладах. На Беларусі найб. поўна фауна аманітаў прадстаўлена ў Прыпяцкім прагіне ў адкладах верхняюрскай сістэмы.
Ракавіны 1 см — 2 м у папярочніку. Падзяляліся перагародкамі на самастойныя камеры, у адной з якіх размяшчалася цела. Астатнія былі запоўнены газам і злучаліся паміж сабою тонкім вырастам мяккага цела (сіфонам), які служыў рэгулятарам газавага ціску ў камерах. На галаве шчупальцы. Маглі жыць у бурнай прыбярэжнай паласе. Драпежнікі. Маюць стратыграфічнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛЫ (Selachorpha),
надатрад пласцінашчэлепных рыб. Аб’ядноўвае 8 атр., каля 250 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, большасць у трапічных морах, некаторыя ў рэках (Ганг, Амазонка). Найб. старажытныя з рыб, вядомы з сярэдзіны дэвону.
Цела акулы верацёнападобнае, ад 20—30 см у некат. куніцавых (Triakidae) і катранавых (Squalidae) да 20 м (масай да 14 т) у гіганцкай (Cetorhinus maximus) і кітовай (Rhincodon typus). Луска плакоідная. Хваставы плаўнік магутны, гетэрацэркальны. Па баках галавы 5 (зрэдку 6—7) шчэлепных адтулін. Рот ніжні, зубы добра развітыя. Шкілет храстковы, плавальнага пузыра няма. Большасць драпежнікі (асобныя нападаюць на чалавека), некаторыя планктонафагі. Жыва-, яйцажыва- або яйцанараджальныя. Плоднасць ад 2 да 100 эмбрыёнаў. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЯКАДЫ́ХАЛЬНЫЯ (Dipnoi або Dipneustomorpha),
надатрад лопасцяпёрых рыб. 1 сучасны атр. рагазубападобныя (Ceratodiformes), 2 сям., 6 відаў. Вядомы з сярэдняга дэвону. Жывуць у прэсных слабапраточных вадаёмах, якія перасыхаюць, Паўд. Амерыкі (амерыканскі лускаўнік, або лепідасірэн — Lepidosiren paradoxa), трапічнай Афрыкі (4 віды пратоптэраў — Protopterus) і Паўн.-Усх. Аўстраліі (рагазуб — Neoceratodus forsteri). У засуху лепідасірэн і пратоптэры ўпадаюць у спячку.
Макс. даўж. каля 2 м, маса каля 10 кг. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў ці вугрападобнае У Д. жабернае і лёгачнае дыханне (адсюль назва), замест плавальнага пузыра «лёгкае», што дазваляе дыхаць атм. паветрам. Прымітыўныя асаблівасці: целы пазванкоў адсутнічаюць, хорда захоўваецца ўсё жыццё, сэрца з артэрыяльным конусам, кішэчнік са спіральным клапанам, верхняя сківіца зрошчана з чэрапам (аўтастылія). Ёсць унутр. ноздры (хааны), «лёгачны» кровазварот, ніжняя полая вена, перадсэрдзе часткова падзелена на правую і левую часткі. Нераст у перыяд дажджоў. Кормяцца беспазваночнымі, рыбамі, земнаводнымі. Пратоптэры і лускаўнік — аб’екты промыслу. Рагазуб ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦІ́СТЫЯ РЫ́БЫ (Teleostei),
надатрад прамянёвапёрых рыб. Каля 40 атр., 420 сям., каля 20 тыс. сучасных відаў. Жывуць амаль ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Вядомы з сярэдняга трыясу (каля 215 млн. гадоў назад), з верхняга мелу (каля 80 млн. гадоў назад), дамінуюць сярод рыб (больш за 90% усіх відаў).
Даўж. ад 7 мм (некат. бычкі) да 5 м (меч-рыба, тунцы, самы). Шкілет касцявы, пазванкі амфіцэльныя (дваякаўвагнутыя), луска касцявая—цыклоідная (гладкая) або ктэноідная (з шыпікамі), у некат. яе няма. Брушныя плаўнікі абдамінальныя (на бруху), таракальныя (на грудзях) або югулярныя (на горле). Хваставы плаўнік звычайна гомацэркальны (раўналопасцевы). У плаўніках калючкі (у вышэйшых К.р.). Плавальны пузыр (бывае недаразвіты) закрыты або праз канал можа быць звязаны са страваводам. Ёсць цыбуліна аорты, артэрыяльны конус захоўваецца толькі ў найб.стараж. форм. Раздзельнаполыя, некат. гермафрадыты (напр., марскія акуні). Апладненне звычайна вонкавае. Некат. К.р. жывародныя (напр., галамянка, гамбузія). Расліннаедныя і драпежнікі, ёсць паразіты (напр., некат. вугры, сомікі). Да К.р. належаць амаль усе асн.прамысл. рыбы.