АМАНІ́ТЫ,
амонаідэі (Ammonoidea), надатрад вымерлых малюскаў кл. галаваногіх. Былі пашыраны ў дэвонскім і мелавым перыядах, дасягнулі росквіту ў сярэдзіне мезазойскай эры. Вядома каля 1,5 тыс. родаў і 5 тыс. відаў. Рэшткі аманітаў трапляюцца ўсюды ў марскіх адкладах. На Беларусі найб. поўна фауна аманітаў прадстаўлена ў Прыпяцкім прагіне ў адкладах верхняюрскай сістэмы.
Ракавіны 1 см — 2 м у папярочніку. Падзяляліся перагародкамі на самастойныя камеры, у адной з якіх размяшчалася цела. Астатнія былі запоўнены газам і злучаліся паміж сабою тонкім вырастам мяккага цела (сіфонам), які служыў рэгулятарам газавага ціску ў камерах. На галаве шчупальцы. Маглі жыць у бурнай прыбярэжнай паласе. Драпежнікі. Маюць стратыграфічнае значэнне.
т. 1, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)