НАБРАКА́ННЕ,

павелічэнне аб’ёму (масы) цвёрдага цела ў выніку паглынання ім вадкасці ці пары з навакольнага асяроддзя. Характэрнае для палімераў і некаторых неарган. крышт. рэчываў слаістай будовы (напр., мантмарыланіту). Колькасна паказваецца ступенню Н. — адносінамі аб’ёму (масы) узору пасля Н. да яго першапачатковага аб’ёму (масы). Адрозніваюць абмежаванае Н., якое спыняецца пры дасягненні пэўнай мяжы паглынання вадкасці (пары), і неабмежаванае Н., што прыводзіць да растварэння ўзору ў вадкасці (напр., Н. каўчукоў суправаджаецца пераходам у вязкацякучы стан). На практыцы з Н. звязаны варка драўніны, афарбоўка і дубленне скуры, перапрацоўка палімерных матэрыялаў, харч. прадуктаў, прыгатаванне кляёў.

т. 11, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРСЕРЫЗА́ЦЫЯ [ад імя англ. вынаходніка Дж.​Мерсера (J.Merceir; 1791—1866)],

1) першая стадыя тэхнал. працэсу вытв-сці віскозы. Ажыццяўляюць апрацоўкай цэлюлозы водным растворам гідраксіду натрыю. Пры М. ўтвараецца шчолачная цэлюлоза, адначасова адбываецца набраканне цэлюлозы і растварэнне яе нізкамалекулярных фракцый.

2) Апрацоўка баваўняных і цэлюлозных тканін водным растворам гідраксіду натрыю. Надае тканінам бляск, павышае гіграскапічнасць, мех. трываласць і паляпшае іх здольнасць афарбоўвацца.

т. 10, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯКАРДЫ́Т (ад мія... + грэч. kardia сэрца),

запаленне мышцы сэрца (міякарда) у чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Паводле ступені цяжкасці — лёгкі, сярэднецяжкі, цяжкі. Прычыны: інфекцыя (ангіна, дыфтэрыя, шкарлятына, туберкулёз і інш.), алергія, інтаксікацыя. У дзяцей можа развіцца пры рэўматызме. Рэўматычны М. нярэдка спалучаецца з эндакардытам. Прыкметы М. залежаць ад парушэння сардэчнага рытму і недастатковай скарачальнай функцыі міякарда (агульная слабасць, задышка ў спакоі, набраканне шыйных вен, працяглы «ныючы» боль у вобласці сэрца, сэрцабіццё, хуткая стамляльнасць). Ускладненні: кардыясклероз, сардэчная недастатковасць. Лячэнне: пасцельны рэжым, вітаміны, сардэчна-сасудзістыя сродкі, ліквідацыя асн. хваробы.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)