НАБРАКА́ННЕ,

павелічэнне аб’ёму (масы) цвёрдага цела ў выніку паглынання ім вадкасці ці пары з навакольнага асяроддзя. Характэрнае для палімераў і некаторых неарган. крышт. рэчываў слаістай будовы (напр., мантмарыланіту). Колькасна паказваецца ступенню Н. — адносінамі аб’ёму (масы) узору пасля Н. да яго першапачатковага аб’ёму (масы). Адрозніваюць абмежаванае Н., якое спыняецца пры дасягненні пэўнай мяжы паглынання вадкасці (пары), і неабмежаванае Н., што прыводзіць да растварэння ўзору ў вадкасці (напр., Н. каўчукоў суправаджаецца пераходам у вязкацякучы стан). На практыцы з Н. звязаны варка драўніны, афарбоўка і дубленне скуры, перапрацоўка палімерных матэрыялаў, харч. прадуктаў, прыгатаванне кляёў.

т. 11, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)