штучная цэль, якая імітуе адну, некалькі або ўсе найб. характэрныя прыкметы рэальнай цэлі (памеры, форму, колер, спосаб і хуткасць перамяшчэння, манеўр і інш.) і выкарыстоўваецца для трэніровак у стральбе. Ужываюцца таксама макеты ваен. тэхнікі і яе сапраўдныя ўзоры. Паводле прызначэння адрозніваюць М. вучэбныя, выпрабавальныя, спарт. і інш., па форме — плоскія і аб’ёмныя, паводле характару імітацыі — рухомыя, нерухомыя і якія паяўляюцца і знікаюць. М. падраздзяляюцца на балістычныя, паветраныя, марскія, наземныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЙТРО́Н,
стабільнае ядро атама цяжкага ізатопа вадароду (дэйтэрыю) з масавым лікам 2. Абазначаецца 2H, D. Складаецца з пратона і нейтрона і з’яўляецца найпрасцейшай сістэмай, звязанай ядзернымі сіламі. Выкарыстоўваецца як мішэнь у многіх ядз. рэакцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКАНАСКО́П (ад грэч. eikōn выява, відарыс + скоп),
пераўтваральнік светлавога сігналу ў электрычны (відэасігнал); адна з першых перадавальных тэлевізійных трубак з назапашваннем эл. зарадаў. Заменены на больш дасканалыя пераўтваральнікі — відыкон, суперартыкон, ПЗС-матрыцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЫКО́Н,
пераўтваральнік светлавога сігналу ў электрычны; перадавальная тэлевізійная трубка з назапашваннем зарадаў. Працуе на аснове ўнутр.фотаэфекту. Мае паўпразрыстую мішэнь з паўправадніковых матэрыялаў, на якую праектуецца аптычны відарыс, што пераўтвараецца відыконам у відэасігнал (для патрэб каляровага тэлебачання створаны разнавіднасці відыкона: кадміконы, плюмбіконы і інш.). Характарызуецца высокай адчувальнасцю і малымі ўласнымі шумамі. Выкарыстоўваецца ў тэлевізійных камерах, відэатэлефонах, рэнтгенатэлевізійных сістэмах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДАВА́ЛЬНАЯ ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ ТРУ́БКА,
разнавіднасць электронна-прамянёвых трубак, якая пераўтварае аптычны відарыс на святлоадчувальнай паверхні (мішэнь, фотакатод ці інш.) у электронны (рэльеф эл. зарадаў, фотаправоднасць) і пасля ў відэасігнал; асн. частка тэлевізійных перадавальных камер.
Бывае з назапашваннем і без назапашвання эл. зараду. П.т.т. з назапашваннем зараду выкарыстоўваюцца ў вяшчальным тэлебачанні, маюць святлоадчувальную мішэнь, электронны пражэктар, факусавальную і адхіляльную сістэмы і інш. элементы (у залежнасці ад тыпу П.т.т.), якія кіруюць электронным праменем. У адных П.т.т. (напр., у іканаскопе, суперартыконе, суперіканаскопе) светлавыя сігналы выбіваюць электроны за кошт знешняга фотаэфекту, у другіх (напр., у відыконе) — змяняецца папярочная праводнасць фотакатода, у выніку чаго ўзнікаюць эл. зарады, якія назапашваюцца на мішэні. Электронны прамень пры абяганні (сканіраванні) мішэні разраджае яе, у выніку атрымліваецца відэасігнал. У тэлевізійных камерах выкарыстоўваюцца пераважна відыконы і іх разнавіднасці (плюмбіконы, сатыконы); у малагабарытных камерах — цвердацельныя фотапераўтваральнікі, напр., ПЗС-матрыцы. П.т.т. без назапашвання зараду (напр., дысектар) не маюць электроннага пражэктара, а відэасігнал фарміруецца электронамі, выпрамененымі з фотакатода пад уздзеяннем святла, і выкарыстоўваюцца для навук. і інш. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АСЛІ́НЫ ХВОСТ»,
групоўка расійскіх мастакоў на чале з М.Ларыёнавым, якія арганізавалі ў 1912 дзве аднайм. выстаўкі ў Маскве і Пецярбургу. Назва ад выстаўленай у 1910 у парыжскім Салоне Незалежных карціны, напісанай хвастом асла. Выступаючы супраць класічных нормаў у маст. творчасці, члены групоўкі (Н.Ганчарова, К.Малевіч, А.Маргуноў, В.Татлін, А.Фанвізін, М Шагал, А.Шаўчэнка і інш.) звярнуліся да прымітывізму, традыцый рус. іканапісу і лубка. Цэнтр. месца на іх выстаўцы займалі творы на сял. тэму Ганчаровай, «салдацкія карціны» Ларыёнава, жанравыя палотны Малевіча. У 1913 яны правялі выстаўку «Мішэнь», якая стала этапам на шляху да абстрактнага мастацтва.
Літ.:
«Ослиный хвост» и «М шпень». М., 1913;
Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. Спб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́ВА (Наталля Сяргееўна) (4.6.1881, в. Ладышкіна Тульскай вобл., Расія — 17.10.1962),
рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучылася ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (з 1898). Удзельнічала ў выстаўках аб’яднанняў «Бубновы валет», «Асліны хвост», «Мішэнь». Зазнала ўплыў імпрэсіянізму, кубізму і футурызму. Разам з мужам М.Ларыёнавым была адным са стваральнікаў рус.прымітывізму («Маскоўская вуліца», 1909; «Мыццё палатна», 1910) і т.зв. «лучызму» (спроба дэкар. абстракцыянізму). З 1915 жыла ў Парыжы. Афармляла спектаклі ў антрэпрызе С.Дзягілева («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава, 1914; «Жар-птушка» І.Стравінскага, 1926). Яе творам уласцівы дэкар. маляўнічасць і выразнасць, блізкая да рус. лубка.
Літ.:
Художники русской эмиграции (1917—1941): Биогр. словарь. СПб., 1994. С. 162—166;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШУ́ТНЫ СПОРТ,
скачкі з парашутам з лятальных апаратаў, від авіяцыйнага спорту. Уключае ўласна спарт. скачкі (адзіночныя і групавыя) на дакладнасць прызямлення ў мішэнь радыусам 0,16 м з вышынь 800—1200 м і зацяжныя з выкананнем акрабатычных фігур у свабодным падзенні з вышынь 1800—2200 м. У праграмы спаборніцтваў таксама ўключаюцца і інш. віды скачкоў: вышынныя з вышынь 7000 м і больш; акрабатычныя; камбінаваныя; парашутнае мнагабор’е: скачкі на дакладнасць прызямлення, стральба з малакалібернай вінтоўкі, бег (крос), плаванне, і інш.
Узнік у канцы 1920 — пач. 1930-х г.Міжнар. парашутная камісія ў саставе Міжнар.авіяц. федэрацыі (ФАІ) з 1950. Першы чэмпіянат свету адбыўся ў 1951 (Югаславія). Рэкорды свету ФАІ рэгіструе ў 46 відах скачкоў. Найб. развіты П.с. у Германіі, ЗША, Канадзе, Польшчы, Расіі, Францыі і інш.
На Беларусі П.с. развіваецца з 1930-х г. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1995. Чэмпіянаты рэспублікі праводзяцца з 1953. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіён свету і абс. чэмпіён Еўропы У.Гурны, чэмпіёны свету В.Слабадзянюк, М.Дзмітраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭТАТРО́Н,
цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў віхравым эл. полем, якое ствараецца пераменным у часе магн. патокам, што пранізвае арбіту электронаў.
Утрыманне электронаў на раўнаважнай кругавой арбіце ажыццяўляецца кіравальным магн. полем. Пастаянства радыуса раўнаважнай арбіты забяспечваецца падборам формы полюсных наканечнікаў электрамагніта, паміж якімі знаходзіцца тараідальная вакуумная камера, сувосевая з індуцыруючым патокам. Электроны перыядычна інжэкціруюцца ў камеру па датычнай да раўнаважнай арбіты ў адпаведны момант часу. Паскарэнне электронаў адбываецца ў час росту магн. поля. У канцы цыкла паскарэння з дапамогай спец. зрушвальнай абмоткі пучок электронаў адхіляецца ад раўнаважнай арбіты і накіроўваецца на мішэнь, якая знаходзіцца ўнутры камеры воддаль ад раўнаважнай арбіты. Бэтатрон адрозніваецца малымі памерамі крыніцы выпрамянення, магчымасцю плаўнай рэгуліроўкі энергіі. Бэтатрон выкарыстоўваецца для радыяцыйнай дэфектаскапіі матэрыялаў і вырабаў, у ядзерных даследаваннях, у медыцыне (прамянёвая тэрапія).
Літ.:
Арцимович Л.А., Лукьянов С.Ю. Движение заряженных частиц в электрических и магнитных полях. 2 изд. М., 1978.