Мікрафон 6/265; 7/197; 10/383, 384, 390; 11/368, 431

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАФО́Н (ад мікра... + фон),

пераўтваральнік энергіі акустычных хваль у эл. сігналы, прапарцыянальныя гукавому ціску. Характарызуецца адчувальнасцю, дыяпазонам рабочых частот, дынамічным дыяпазонам, накіраванасцю і інш. Выкарыстоўваецца ў тэлефаніі, тэлебачанні, радыёвяшчанні, гуказапісе, вымяральнай тэхніцы і інш.

Мае адчувальны элемент (мембрану), які вагаецца пад уздзеяннем гукавога ціску. Паводле прынцыпу дзеяння найб. пашыраны электрастатычныя (кандэнсатарны і электрэтны), дынамічныя і п’езаэл. М. У кандэнсатарным М. рухомая мембрана і нерухомы электрод утвараюць кандэнсатар пераменнай ёмістасці, да якога далучана знешняя крыніца сілкавання. У электрэтных М. найб. пашыраны мембраны з металізаванай электрэтнай плёнкі (гл. Электрэт), якая адначасова з’яўляецца крыніцай эл. поля. У дынамічных М. з мембранай жорстка злучана шпуля, што вагаецца ў пастаянным магн. полі і дзе ўзнікае эрс. У п’езаэл. М. да мембраны далучаны п’езаэлемент (гл. П’езаэлектрычнасць).

В.​І.​Шалатонін.

Схема дынамічнага мікрафона: 1 — магніт; 2 — шпуля; 3 — мембрана.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАТЭЛЕФО́Н,

вузел тэлефоннага апарата, у якім для зручнасці карыстання канструктыўна аб’яднаны мікрафон і тэлефон. Часта наз. тэлефоннай трубкай.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕФО́ННЫ АПАРА́Т,

прылада для перадачы і прыёму гукавой інфармацыі (маўлення, музыкі і інш.); канцавая абаненцкая прылада тэлефоннай сувязі. Мае моўныя (мікрафон, тэлефон, гучнагаварыцель), выклікальныя (нумаранабіральнік, званок) і камутацыйныя (пераключальнік «выклік — размова») прыстасаванні. Вынайдзены А.​Г.​Белам (1876).

Найб. пашыраны аўтаматычныя Т.а. з дыскавым ці кнопачным нумаранабіральнікам; паводле прызначэння адрозніваюць бытавыя Т.а., таксафоны, шахтавыя (выбуханебяспечныя), дыспетчарскія і інш. Многія Т.а. маюць мікрапрацэсар, з дапамогай якога карыстальнікі атрымліваюць розныя паслугі: электронная памяць (запамінаюцца набраныя тэлеф. нумары) з магчымасцю аўтам. паўторнага выкліку, вызначальнік нумара (вызначае і запамінае нумары Т.а., з якіх быў выкліканы дадзены Т.а.) і інш. Гл. таксама Відэатэлефон.

Схема тэлефоннага апарата: 1 — рычажны пераключальнік; 2 — кантакт нумаранабіральніка; 3 — трансфарматар; 4 — тэлефон; 5 — мікрафон; 6 — званок.

т. 16, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУМАМЕ́Р,

прылада для аб’ектыўных вымярэнняў узроўню гуку (акустычнага шуму). Мае ненакіраваны вымяральны мікрафон, узмацняльнік, фільтры карэкцыі, дэтэктар і індыкатар. Схема Ш. выбіраецца так. каб яго характарыстыкі набліжаліся да характарыстык вуха чалавека.

т. 17, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЫНГАФО́Н [ад грэч. larynx (laryngos) гартань + ...фон],

мікрафон спец. канструкцыі, які пераўтварае мех. ваганні (вібрацыі) звязак і храсткоў гартані чалавека, які гаворыць, у эл. ваганні. Практычна не ўспрымае гукавых ваганняў знешняга асяроддзя. Звычайна 2 Л. размяшчаюць з двух бакоў гартані па рамянях шлема. Выкарыстоўваецца для радыё- і тэлефонных размоў ва ўмовах (на аб’ектах) з высокім узроўнем шуму (у самалёце, танку, прамысл. цэху і да т.п.).

П’езаэлектрычны ларынгафон 1 — частка корпуса, якая прыціскаецца да гартані; 2 — п’езаэлемент з апорамі 4; 3 — вывады электрычнага напружання гукавой частаты.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮЗ (Hughes) Дэйвід Эдуард (16.5.1831, Лондан — 21.1.1900),

англійскі фізік і вынаходнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1880). У 1850—54 у Бардстаўнскім каледжы (ЗША); праф. музыкі (з 1850) і фізікі (з 1851). Навук. працы па электрамагнетызме і электратэхніцы. У 1855 атрымаў патэнт на літарадрукавальны тэлегр. апарат, што з 1856 выкарыстоўваўся ў ЗША, а з 1862 — у краінах Еўропы, у т. л. ў Расіі. У 1878 незалежна ад інш. вынаходнікаў распрацаваў вугальны мікрафон. У 1879 прапанаваў індукцыйныя вагі і гукамер. Атрымаў эл.-магн. хвалі (1889). Блізка падышоў да вынаходства радыётэлеграфіі. Распрацоўваў метады аховы будынкаў ад маланак.

т. 18, кн. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДКЕ́ВІЧ Яўген Рыгоравіч (3.10.1937, г. Сянно Віцебскай вобл. — 3.1.1999),

бел. пісьменнік. Канд. гіст. н. (1974). Д-р філал. н. (1988), праф. (1989). Скончыў БДУ (1963). Працаваў на Бел. радыё, у 1970—71 заг. рэдакцыі газ. «Мінская праўда». З 1974 у БДУ (у 1978—94 заг. кафедры). Друкаваўся з 1958. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяд. «Плытагоны» (1972), «Месяц Межань» (1976), «Горны мёд» (1982), аповесцей «Антаніна» (1977), «Пешшу праз Галактыку» (1984), раманаў «Сутокі дзён» (1982), «Закон прыцяжэння» (1990), у якіх узнімаў маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Даследаваў гісторыю і развіццё бел. радыё, тэлебачання.

Тв.:

Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983;

Увага! Мікрафон уключаны! Мн., 1996.

Л.​С.​Савік.

т. 13, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁСТА́НЦЫЯ,

комплекс радыёэлектронных прылад, прыстасаванняў і абсталявання, прызначаных для перадачы і (ці) прыёму інфармацыі з дапамогай радыёхваль. Адрозніваюць перадавальныя, прыёмныя і прыёмна-перадавальныя; па даўжыні хваль — доўга-, сярэдне-, каротка- і ультракароткахвалевыя. Бываюць стацыянарныя, на рухомых аб’ектах (аўтамабілях, самалётах, суднах) і пераносныя. Атрымалі пашырэнне Р. дуплекснай сувязі з убудаванымі мікраЭВМ: сотавы радыётэлефон, радыёмадэм, тэлефонны радыёпадаўжальнік, а таксама Р. транкінгавай сувязі.

Асн. вузлы перадавальнай Р.: радыёперадатчык, антэна (са злучальным фідэрам), крыніца сілкавання; прыёмнай — радыёпрыёмнік, антэна (з фідэрам ці без яго) і крыніца сілкавання. Асн. патрабаванні да тэхн. сродкаў перадавальных Р.: стабільнасць частаты і магутнасці выпрамяняльных радыёхваль; дакладнасць перадавальнай інфармацыі; высокі ккдз; адсутнасць пабочнага выпрамянення за межамі ўстаноўленай паласы частот. Тэхн. сродкі прыёмных Р. павінны задавальняць патрабаванням: нескажонае ўзнаўленне інфармацыі; дастатковая адчувальнасць да радыёсігналаў; здольнасць вылучаць сігналы патрэбнай частаты; стабільнасць прыёму радыёсігналу.

В.​М.​Ляўковіч.

Структурная схема малагабарытнай радыёстанцыі: 1 — мікрафон; 2 — радыёперадатчык; 3 — антэна; 4 — пераключальнік; 5 — радыёпрыёмнік; 6 — дынамік.

т. 13, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕФО́Н (ад тэле... + ...фон),

1) электраакустычная прылада для пераўтварэння эл. сігналаў у гукавыя. Бываюць эл.-магн., электрадынамічныя і п’езаэлектрычныя.

У найб. пашыраных эл.-магн. Т. ваганні мембраны ўзнаўляюць гук пад уздзеяннем эл.магн. поля, узбуджанага эл. токамі тэлеф. сігналаў. Т. з’яўляюцца састаўной часткай тэлефонных апаратаў, камутатараў, прылад для аўдыяметрыі, прыёмна-перадавальных радыёстанцый і інш.; галаўныя Т. (навушнікі) выкарыстоўваюцца для праслухоўвання праграм быт. гукаўзнаўляльнай апаратуры (напр., плеераў, радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў).

2) Радыётэлефон — пераноснае прыёмна-перадавальнае прыстасаванне з далёкасцю дзеяння да 10 км, а таксама аўтамаб. і стацыянарнае прыстасаванне радыётэлефоннай сувязі з далёкасцю да 40—500 км (гл. Тэлефонная радыёсувязь). Хатні радыётэлефон мае аўтаномную тэлефонную трубку з мініяцюрным прыёмаперадатчыкам, які працуе на той жа хвалі, што і прыёмаперадатчык у корпусе тэлефоннага апарата, падключанага да тэлефоннай сеткі. Працуе на адлегласці да 1 км і больш.

3) Мабільны Т. — канцавая прылада сотавай радыёсувязі.

4) Пашыраная быт. назва тэлеф. апарата і нумара тэлеф. апарата абанента.

Тэлефон: а — прынцып дзеяння (1 — мікрафон, 2 — лінія сувязі; 3 — тэлефон); б — канструкцыя электрамагнітнага тэлефона (1 — накрыўка корпуса з адтулінамі; 2 — мембрана; 3 — абмоткі электрамагніта; 4 — пастаянны магніт); в — сучасны тэлефон-трубка (1 — дыяфрагма; 2 — шпуля; 3 — электрамагніт).

т. 16, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)