ТЭЛЕФО́Н (ад тэле... + ...фон),

1) электраакустычная прылада для пераўтварэння эл. сігналаў у гукавыя. Бываюць эл.-магн., электрадынамічныя і п’езаэлектрычныя.

У найб. пашыраных эл.-магн. Т. ваганні мембраны ўзнаўляюць гук пад уздзеяннем эл.магн. поля, узбуджанага эл. токамі тэлеф. сігналаў. Т. з’яўляюцца састаўной часткай тэлефонных апаратаў, камутатараў, прылад для аўдыяметрыі, прыёмна-перадавальных радыёстанцый і інш.; галаўныя Т. (навушнікі) выкарыстоўваюцца для праслухоўвання праграм быт. гукаўзнаўляльнай апаратуры (напр., плеераў, радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў).

2) Радыётэлефон — пераноснае прыёмна-перадавальнае прыстасаванне з далёкасцю дзеяння да 10 км, а таксама аўтамаб. і стацыянарнае прыстасаванне радыётэлефоннай сувязі з далёкасцю да 40—500 км (гл. Тэлефонная радыёсувязь). Хатні радыётэлефон мае аўтаномную тэлефонную трубку з мініяцюрным прыёмаперадатчыкам, які працуе на той жа хвалі, што і прыёмаперадатчык у корпусе тэлефоннага апарата, падключанага да тэлефоннай сеткі. Працуе на адлегласці да 1 км і больш.

3) Мабільны Т. — канцавая прылада сотавай радыёсувязі.

4) Пашыраная быт. назва тэлеф. апарата і нумара тэлеф. апарата абанента.

Тэлефон: а — прынцып дзеяння (1 — мікрафон, 2 — лінія сувязі; 3 — тэлефон); б — канструкцыя электрамагнітнага тэлефона (1 — накрыўка корпуса з адтулінамі; 2 — мембрана; 3 — абмоткі электрамагніта; 4 — пастаянны магніт); в — сучасны тэлефон-трубка (1 — дыяфрагма; 2 — шпуля; 3 — электрамагніт).

т. 16, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)