ЮЗ (Hughes) Дэйвід Эдуард (16.5.1831, Лондан — 21.1.1900),
англійскі фізік і вынаходнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1880). У 1850—54 у Бардстаўнскім каледжы (ЗША); праф. музыкі (з 1850) і фізікі (з 1851). Навук. працы па электрамагнетызме і электратэхніцы. У 1855 атрымаў патэнт на літарадрукавальны тэлегр. апарат, што з 1856 выкарыстоўваўся ў ЗША, а з 1862 — у краінах Еўропы, у т. л. ў Расіі. У 1878 незалежна ад інш. вынаходнікаў распрацаваў вугальны мікрафон. У 1879 прапанаваў індукцыйныя вагі і гукамер. Атрымаў эл.-магн. хвалі (1889). Блізка падышоў да вынаходства радыётэлеграфіі. Распрацоўваў метады аховы будынкаў ад маланак.
т. 18, кн. 1, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)