Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГАЮЧЫЯ ПТУ́ШКІ, бескілявыя (Ratitae або Gradientes),
група птушак, якія не могуць лётаць. 4 атр.: страусападобныя (Struthioniformes), нандупадобныя (Rheiformes), казуарападобныя (Casuariiformes), ківіпадобныя (Apterygiformes). 10 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі і бліжэйшых астравах, Афрыцы, Паўд. Амерыцы.
Выш. 20—270 см, маса 3—90 кг. Грудныя мышцы слаба развітыя, пярэднія крылы недаразвітыя. Кіль адсутнічае. Пер’е на крылах мяккае. Ногі моцныя, добра бегаюць. Гнёзды на зямлі. Кормяцца расліннасцю і дробнымі жывёламі. Гл. таксама Кілявыя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЯЛУ́ШКА (Bombycilla garrulus),
птушка атрада вераб’інападобных. Пашырана ў хвойных лясах Паўн. Еўразіі і Амерыкі. На Беларусі трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (ліст.) пралётах, асобныя зрэдку зімуюць. Трымаецца чародкамі да 200 асобін.
Даўж. да 21 см, маса да 73 г. Апярэнне густое, мяккае, ружова-шэрае. На крылах і хвасце невял. жоўтыя, белыя і чырвоныя плямкі. Высокі чуб на галаве. Гняздуецца на дрэвах. Нясе 5 яец. Корміцца ягадамі рабіны, шыпшыны, крушыны, ядлоўцу і пупышкамі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТРЫТАІДЭ́І (Bactritoidea),
надатрад вымерлых малюскаў класа галаваногіх. Існавалі ў ардовіку — трыясе. Каля 20 родаў. Рэшткі выяўлены ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах Прыпяцкай упадзіны.
Мелі прамую, радзей сагнутую вонкавую ракавіну дыям. да 3 см, у якой знаходзілася мяккае цела. Жылі ў морах, вялі рухомы спосаб жыцця. Цікавыя для вывучэння эвалюцыі галаваногіх малюскаў як продкаў аманітаў і белемнітаў.
Да арт.Бактрытаідэі: рэшткі малюска з роду Bactrites (выгляд з брушнога боку; павялічана ў 2 разы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАРО́ЛА (італьян. barcarola ад barca лодка),
лірычная песня венецыянскіх гандальераў (наз. таксама гандальерай). Муз. памер . Для баркаролы тыповыя мяккае пагойдванне руху мелодыі накшталт плёскату хваляў, манатонны рытмічны малюнак суправаджэння, мінорны лад. З 18 ст. жанр прафес. музыкі; найб. пашыраны ў 19 ст. У такіх баркаролах мажорны лад, памер 12/8, 3/4 і інш. Сустракалася ў операх пераважна італьян. і франц. кампазітараў. Вакальныя баркаролы ёсць у Ф.Шуберта, М.Глінкі, баркаролы для фп. — у Ф.Шапэна, П.Чайкоўскага, А.Лядава і інш. У аснове некаторых баркарол — нар. мелодыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́НГА (Canis dingo),
млекакормячае сям. воўчых атр. драпежных. Некат. вучоныя разглядаюць Д. як падвід здзічэлага свойскага сабакі. Пашырана ў Аўстраліі, верагодна, разам з пранікненнем чалавека. Жыве пераважна на адкрытых раўнінах або ў разрэджаных лясах. Начная і змрокавая жывёла, трымаецца невял. зграямі.
Даўж. цела 90—110 см. Целасклад зграбны, ногі моцныя, кароткія, прамыя. Вушы стаяць, хвост пушысты. Валасяное покрыва густое, мяккае. Звычайная афарбоўка ржава-рыжая або рыжа-бурая; трапляюцца белыя, плямістыя, шэрыя, амаль чорныя асобіны. Нараджае 4—8 шчанят. Корміцца дзікімі і свойскімі жывёламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЛЯКАПАДО́БНЫЯ (Caprimulgiformes),
атрад птушак, 5 сям., 93 сучасныя і 8 выкапнёвых відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных раёнаў, найб. — у тропіках. На Беларусі 1 від — ляляк звычайны (Caprimulgus europaeus). Жыве парамі ў лясах, пераважна хваёвых. Начная птушка. Нар. назвы начніца, лежань. Пуэртарыканскі ляляк (C. noctitherus) — у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. леляка звычайнага да 29 см, маса да 100 г. Апярэнне мяккае, рыхлае, буравата-шэрае, стракатае. Крылы і хвост доўгія. Дзюба кароткая, рот шырокі, абкружаны доўгімі шчацінкападобнымі пёрамі. Вочы вялікія. Ногі кароткія, слабыя. Корміцца насякомымі. Нясе 3 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНАСТА́Й (Mustela erminea),
млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве каля вадаёмаў, на балотах, у лесе, зарасніках кустоў, лесастэпе. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца ўсюды (падвід гарнастай сярэднярускі).
Даўж. цела да 38 см, хваста да 12 см, маса да 260 г. Футра кароткае, мяккае, густое. Летам спіна і бакі буравата-рыжыя, брушка белае з лімонна-жоўтым адценнем, зімой — снежна-белыя. Кончык хваста чорны. Корміцца пераважна дробнымі мышападобнымі грызунамі. Гнёзды ў норах, дуплах, ламаччы, пад тарпамі саломы. Нараджае да 18 дзіцянят (у сярэднім 4—8). Каштоўнае футра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖОЎТАГАЛО́ВЫ КАРАЛЁК (Regulus regulus),
птушка сям. каральковых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве пераважна ў яловых лясах. Увосень і зімой вандруе ў мяшаных і лісцевых насаджэннях. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі. Аселы і вандроўны від.
Самая маленькая птушка Беларусі, вядомая пад назвай «еўрап. калібры». Даўж цела 9—11 см, маса 5—7 г. Апярэнне мяккае, пушыстае. Спіна шаравата-зялёная, брушка светла-шэрае, хвост цёмна-буры, на крылах па 2 белыя палоскі, на галаве жаўтавата-аранжавы чубок з цёмнымі падоўжанымі палоскамі па баках. Гнёзды пераважна на елках. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСНЯ́НКІ (Plecoptera),
атрад прымітыўных насякомых. Вядомы з пермскай эпохі. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. Жывуць каля праточных вадаёмаў. У Віцебскай вобл. Зарэгістраваны 6 відаў, найчасцей трапляецца вяснянка шэрая (Nemura cinerea).
Цела даўж. да 30 мм, падоўжанае, мяккае, на заднім канцы 2 хваставыя ніткі. Галава з доўгімі вусікамі. У самак 2 пары празрыстых крылаў, пярэднія вузкія, заднія шырокія, у спакоі складваюцца веерападобна; у самцоў пакарочаныя або адсутнічаюць. Ротавы апарат грызучы, у дарослых рэдукаваны. Лятаюць ранняй вясной (адсюль назва). Ператварэнне няпоўнае. Лічынкі развіваюцца ў вадзе 1—4 гады, драпежныя. Дарослыя вяснянкі і іх лічынкі — корм для рыб.