ГАРАДО́ЦКАЯ КЕРА́МІКА,

1) ганчарныя вырабы з г. Гарадок Віцебскай вобл. Найб. развіцця ганчарны промысел дасягнуў у 19 — 1-й пал. 20 ст. Чырвонагліняная паліваная і непаліваная гарадоцкая кераміка гасп. прызначэння (гаршкі, збанкі, гладышы, вазонніцы, міскі, а таксама стараж. амфарападобныя пасудзіны з 2 ручкамі — карчагамі) вызначаецца простымі пластычнымі формамі з мякка апрацаванай паверхняй, светлы тэракотавы колер якой падкрэсліваецца маляўнічымі падцёкамі палівы фіялетава-карычневых колераў. Цяпер традыц. асартымент посуду вырабляе У.Татарыс.

2) Ганчарныя вырабы з в. Гарадок Глускага р-на Магілёўскай вобл. Промысел вядомы з старажытнасці. У 1930—70-я г. працавала ганчарная арцель, дзе выраблялі посуд традыцыйна быт. прызначэння (гаршкі, збаны, гладышы, слоікі, макатры, міскі, глякі; асобныя майстры выраблялі таксама фігурны посуд і цацкі). Посуд вызначаўся характэрнымі для Падняпроўя зграбнымі формамі, яго глазуравалі пераважна празрыстай палівай, часам дэкаравалі тыповымі для ганчарства гэтага рэгіёна выціснутымі хвалістымі паяскамі (стараж. сімвал вады).

Я.М.Сахута.

т. 5, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЁЛЫ

(італьян. viola),

сям’я струнных смычковых інструментаў. Адрозніваюцца памерамі (31—120 см), тэсітурай, строем, прапорцыямі, колькасцю струн (5—7), наяўнасцю або адсутнасцю рэзаніруючых струн і навязных ладоў і інш. З выгляду нагадваюць маленькі кантрабас. Асн. разнавіднасці віёл: сапранавая (дыскантавая), даўж. 32—45 см, строй d, g, c​1, e​1, a​1;, d​2; высокая сапранавая, даўж. 31—34 см, на кварту вышэй за сапранавую; малая альтовая, даўж. 40—48 см, на тон ніжэй за сапранавую; альтовая (віялета), даўж. 50—63 см, на кварту ці квінту ніжэй за сапранавую; малая басовая, або тэнаровая (віёла да гамба, асн. від віёл), даўж. 65—72 см, строй D, G, c, e, a, d​1; вял. басовая (басовая віёла да гамба; на яе аснове сфарміравалася т.зв. віёла бастарда, пашыраная ў 16—18 ст. пераважна ў Англіі); кантрабасавая. Паводле становішча інструмента ў час ігры адрозніваюць віёлы да брача (ручныя, у т. л. віёль д’амур; трымаюць гарызантальна, як скрыпку) і віёлы да гамба (нажныя; трымаюць вертыкальна, як віяланчэль). Узніклі ў канцы 15 — пач. 16 ст., выкарыстоўваліся сола і ў ансамблі, гучалі мякка, пяшчотна, «матава». З канца 18 ст. амаль зніклі, адрадзіліся на мяжы 19—20 ст. з ростам цікавасці да старадаўняй музыкі. Ігру на віёлах выкладаюць у многіх кансерваторыях.

т. 4, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)