Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́ЗІК-ХОЛ (англ. music-hall канцэртная зала),
від эстраднага тэатра. Праграмы М.-х. складаюцца з невял. нумароў розных жанраў і ўяўляюць сабой муз.-эстр. канцэрты ці тэматычна і сюжэтна цэльныя муз.-эстр. спектаклі (агляды, рэвю). У пач. 18 ст. М.-х. — паказы ў англ. тавернах, дзе шырока выкарыстоўваліся прыёмы фарса, буфанады, гратэску. Адзін з першых М.-х. арганізаваны ў прыгарадзе Лондана (Воксхал). У 1890 у Лондане адкрыты М.-х. «Альгамбра», у аглядах якога выступалі эстр. і цыркавыя артысты. Першапачаткова гэтыя відовішчы прызначаліся для дэмакр. гледача. Паступова для еўрап. і амер. М.-х. стала тыповым захапленне экстравагантнымі сцэн. трукамі, пышнымі відовішчамі (рэвю). У М.-х. розных краін склаліся свае жанравыя асаблівасці: у Францыі і Італіі пераважаюць вакальныя, муз.-інструментальныя і тэлевізійныя формы, у Германіі — моўныя і эстр.-цыркавыя, у ЗША — эстр.-вадэвільныя, эксцэнтрычныя з «гёрлс» (girls) у якасці аднаго з вядучых кампанентаў паказу. Сярод майстроў замежных М.-х. Ж.Бейкер, І.Гільбер, К. дэ Мерод, Б.Кларк, Ж.Містэнгет, Э.Піяф, М.Шэвалье. У СССР першы М.-х. адкрыты ў 1923 у маскоўскім садзе «Акварыум». У 1926 пачаў працаваць М.-х. у памяшканні 2-га Дзяржцырка. Да сярэдзіны 1930-х г. М.-х. дзейнічалі ў Ленінградзе, Горкім, Растове-на-Доне, Баку, Таганрогу і інш. У 1960-я г. М.-х. зноў створаны ў Маскве, Ленінградзе і інш. гарадах.
Літ.:
Уварова Е.Д. Эстрадный театр: миниатюры, обозрения, мюзик-холлы (1917—1945). М., 1983.
В.А.Войніч.
т. 11, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРВІ́ЛЬ [Bourvil; сапр. Рэмбур (Raimbourg) Андрэ; 27.7.1917, в. Бурвіль, Нармандыя, Францыя — 22.9.1970],
французскі акцёр. У 1938 дэбютаваў у мюзік-холе і на радыё. З 1945 у кіно. Напачатку выступаў у амплуа камічнага прастака, пазней ствараў псіхалагічна глыбокія вобразы, выконваў таксама камічныя і драм. ролі. Сярод фільмаў: «Усё золата свету», «Разява», «Вялікая прагулка», «Праз Парыж», «Адвержаныя», «Чырвоны круг».
Літ.:
Клод К. Бурвиль: Пер. с фр. М., 1973.
т. 3, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́СТАНСКІ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР,
адзін са старэйшых сімф. аркестраў ЗША. Створаны ў 1881 у г. Бостан мецэнатам Г. Лі Хігінсанам. Выступаў у зале «Бостан-мюзік-хол», з 1900 — у «Сімфані-хол». Росквіт аркестра звязаны з дзейнасцю С.Кусявіцкага (1924—49), пад кіраўніцтвам якога выконваліся творы П.Чайкоўскага і інш. рус. кампазітараў. Сярод гал. дырыжораў: А.Нікіш, П.Манцё, Ш.Мюнш, Э.Лайнсдорф, С.Адзава. З аркестрам выступалі кампазітары А.Глазуноў, С.Пракоф’еў, В.д’Эндзі, Р.Штраус, Д.Міё, А.Рэспігі, М.Равель і буйнейшыя дырыжоры розных краін.
т. 3, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАВА Марыя Уладзіміраўна (6.1. 1911—13.11.1997),
расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1991). Скончыла Тэатр. тэхнікум імя Луначарскага (1927). З 1927 у МХАТ-2, у 1932—36 у т-ры Мюзік-хол, з 1938 у Маскоўскім т-ры мініяцюр. У 1948—82 выступала ў дуэце з мужам А.Менакерам. Вострахарактарная актрыса, майстар пераўвасаблення. Сярод спектакляў: «Справы сямейныя», «Кляксы», «Мужчына і жанчыны», «Нумар у атэлі». З 1990 у Маскоўскім тэатры-студыі пад кіраўніцтвам А.Табакова: Казіцкая («Настаўнік рускай» А.Бураўскага), Старая («Сыходзіў стары ад старой» С.Злотнікава). Здымалася ў кіно.
т. 10, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАН (Hoffmann) Курт (н. 12.11.1910, г. Фрайбург-ім-Брайсгаў, Германія),
нямецкі кінарэжысёр. З 1931 ставіў забаўляльныя фільмы. У 1950-я г. набыў папулярнасць як пастаноўшчык лёгкіх камедый: «Фанфары кахання» (1951), «Выкраданне сабінянак» (1953), «Феерверк» (1954) і інш. Творча выкарыстоўваючы прыёмы паліт. кабарэ і мюзік-хольных рэвю, стварыў сатыр. муз. фільмы ў форме парадыйна-гратэскавага эстр. агляду («Мы — вундэркінды», 1958), феерычнай кінааперэты («Прывіды ў замку Шпесарт», 1961) і інш. Яго фільмы маюць антыфаш. накіраванасць. Сярод экранізацый: «Прызнанне авантурыста Фелікса Круля» (1957, паводле Т.Мана), «Шлюб пана Місісіпі» (1961, паводле Ф.Дзюрэнмата). З 1970-х г. працаваў на тэлебачанні.
т. 5, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВЮ́ (франц. revue агляд),
від тэатральна-эстраднага прадстаўлення, якое складаецца з асобных самаст. драм. і сатыр. сцэн з песнямі, танцамі і цыркавымі нумарамі, аб’яднанымі скразной тэмай і адзіным складам выканаўцаў. Як муз.-драм. жанр аб’ядноўвае ў сабе элементы аперэты, балета, кабарэ і вар’етэ. Распаўсюдзіўся ў Францыі ў 19 ст. У канцы 19 ст. пад уплывам вар’етэ і мюзік-хола ўзнікла т.зв. пастановачнае Р. — пышнае забаўляльнае прадстаўленне. У ЗША склалася нац. разнавіднасць жанру Р. — шоу. Прадстаўнікі жанру Р. ў СССР: кампазітары М.Блантэр, І.Дунаеўскі, С.Кац, Дз.Пакрас, Л.Уцёсаў, рэжысёр М.Акімаў, драматург М.Эрдман, акцёры Р.Зялёная, А.Менакер, М.Міронава, Р.Ярон і інш. (гл. таксама Агляд).
т. 13, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́КЕРТ (Sickert) Уолтэр Рычард (31.5.1860, г. Мюнхен, Германія — 22.1.1942),
англійскі жывапісец і графік; адзін з вядучых майстроў англ. імпрэсіянізму. З 1868 жыў у Вялікабрытаніі. Вучыўся ў маст. каледжы Слейда (з 1881). Зазнаў уплыў Дж.Уістлера, Э.Дэга. Заснавальнік «Новага англійскага мастацкага клуба» (1885—86). З 1928 прэзідэнт Каралеўскага т-ва брыт. мастакоў. Яго дакладным па назіраннях пейзажам Лондана і Венецыі, партрэтам, інтэр’ерам жылых памяшканняў і мюзік-холаў уласцівы гучнасць колеру і празрыстасць, меланхалічнасць настрою. Сярод твораў: «Царква Сен-Жак» (каля 1890), «Сан-Марка. Венецыя» (1895—96), «П’яцэта» (каля 1901), «Жанчына ў гандоле» (1905), «Нуда» (1913—14), «Тэатр Новага Бедфарда» (1915—16).
т. 14, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫША́Р (Richard) П’ер [сапр. Дэфей
(Defays) П’ер Рышар Марыс Шарль Леапольд; н. 16.8.1934, г. Валансьен, Францыя], французскі акцёр, рэжысёр. Выступаў у кабарэ, мюзік-холах. У кіно з 1968. Стварыў вобраз добрага, невязучага, дзівакаватага героя ў фільмах «Высокі бландзін у чорным чаравіку» (1972),
«Вяртанне высокага бландзіна» (1974), «Забаўка» (1977), «Укол парасонам» (1980), «Бацькі» (1984), «Уцекачы» (1986), «Налева ад ліфта» (1988), «Стары шэльма» (1992) і інш. Паставіў камедыі, у якіх іграў гал. ролі: «Рассеяны» (1970), «Я нічога не ведаю, але ўсё раскажу» (1973), «Я сарамлівы, але я лячуся» (1978), «Гэта не я, гэта ён» (1979) і інш. Зняўся ў Грузіі ў фільмах «Тысяча і адзін рэцэпт закаханага кулінара» (1996), «Лета, або 27 згубленых пацалункаў» (2000). У 2001 гастраліраваў на Беларусі.
т. 13, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ Ігар Дзмітрыевіч (н. 28.3.1925, С.-Пецярбург),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1966). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1943), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1957). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Гал. балетмайстар ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета (з 1962), т-ра імя Кірава (з 1973), мюзік-хола (1979—92). З 1946 выкладчык Ленінградскага харэагр. вучылішча, з 1966 Ленінградскай (цяпер С.-Пецярбургскай) кансерваторыі, з 1992 маст. кіраўнік Акадэміі рускага балета. Сярод лепшых партый: Шурале («Шурале» Ф.Яруліна), Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Эспада («Дон Кіхот» Л.Мінкуса). Паставіў балеты «Бераг надзеі» А.Пятрова, «Канёк-Гарбунок» Р.Шчадрына, «Ленінградскую сімфонію» і «Адзінаццатую сімфонію» на муз. Дз.Шастаковіча, «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага і інш. Сярод вучняў В.Елізар’еў, Г.Маёраў, Р.Нурыеў, М.Барышнікаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 3, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)