ГО́ФМАН

(Hoffmann) Курт (н. 12.11.1910, г. Фрайбург-ім-Брайсгаў, Германія),

нямецкі кінарэжысёр. З 1931 ставіў забаўляльныя фільмы. У 1950-я г. набыў папулярнасць як пастаноўшчык лёгкіх камедый: «Фанфары кахання» (1951), «Выкраданне сабінянак» (1953), «Феерверк» (1954) і інш. Творча выкарыстоўваючы прыёмы паліт. кабарэ і мюзік-хольных рэвю, стварыў сатыр. муз. фільмы ў форме парадыйна-гратэскавага эстр. агляду («Мы — вундэркінды», 1958), феерычнай кінааперэты («Прывіды ў замку Шпесарт», 1961) і інш. Яго фільмы маюць антыфаш. накіраванасць. Сярод экранізацый: «Прызнанне авантурыста Фелікса Круля» (1957, паводле Т.Мана), «Шлюб пана Місісіпі» (1961, паводле Ф.Дзюрэнмата). З 1970-х г. працаваў на тэлебачанні.

т. 5, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)