МУ́РЫН (Аляксандр Рыгоравіч) (3.1.19,17, С.-Пецярбург — 6.12.1992),

расійскі харавы дырыжор. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1940). З 1937 хормайстар Ленінградскага радыё, з 1940 — ансамбля песні і танца Ленінградскай ваен. акругі, з 1947 — Малога опернага т-ра. З 1952 хормайстар, у 1961—89 гал. хормайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.​М.​Кірава. Кіраваў пастаноўкай хар. сцэн у многіх класічных оперных спектаклях, у т. л.: «Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага, «Іван Сусанін» М.​Глінкі, «Царская нявеста», «Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава, «Мазепа» П.​Чайкоўскага і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Глінкі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1976.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВО́НАЎ (Мікалай Ільіч) (28.12.1906, С.-Пецярбург — 28.5.2000),

расійскі і бел. акцёр. Нар. арт. Расіі (1957). З 1927 працаваў у тэатрах Ленінграда, Карэліі. У 1957—76 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Мастацтву Р. былі ўласцівы дакладны вонкавы малюнак ролі, псіхалагізм у распрацоўцы характараў, імкненне раскрыць складанасць чалавечай натуры. Сярод лепшых роляў у бел. драматургіі: Сямён Кныш і Бонч-Бруевіч («Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Іваноў («Усяго адно жыццё» А.​Маўзона), Малахаў («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Слесар («Гэта было ў Магілёве» Я.​Тарасава), Палкоўнік і стары Сахон («Мурын Бор» І.​Ісачанкі). З інш. роляў: Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Гельмер («Нора» Г.​Ібсена), Бернарда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Нананкур («Саламяны капялюшык» Э.​Лабіша), Дронаў («Усё застаецца людзям» С.​Алёшына), Даброцін («Марыя» А.​Салынскага).

Г.​Р.​Герштэйн.

М.І.Радзівонаў.
М.Радзівонаў у ролі Бернарда.

т. 13, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯНЯ́КА (Юрый Уладзіміравіч) (26.11.1925, Мінск — 16.7.1990),

бел. кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1974). Скончыў Бел. кансерваторыю (1957, клас А.​Багатырова). У 1947—63 канцэртмайстар Дзярж. акад. харавой капэлы Беларусі. У яго творчасці пераважалі 2 асн. кірункі — муз. тэатр і песня. Музыцы С. ўласцівы лірызм, яркі меладызм, шчырасць выказвання; інтанацыйны склад грунтуецца на бел. нар. песеннасці і асаблівасцях сучасных масавых жанраў. Сярод твораў: оперы «Калючая ружа», «Калі ападае лісце», «Зорка Венера», «Новая зямля» (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1960, 1968, 1970, 1982), аперэты «Рабінавыя каралі» (1964, паст. ў Бабруйскім муз.-драм. т-ры), «Пяе «Жаваранак» (1969, паст. ў Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі; 2-я рэд. 1971, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі), «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання», дзіцячая «Сцяпан — вялікі пан» (паст. ў т-ры муз. камедыі Беларусі адпаведна ў 1973, 1975, 1979), кантаты, у т. л. «Ясныя дарогі» (1957), «Памяці Канстанціна Заслонава» (1958), «Горад юнацтва» (1964), «Велічальная Мінску» (1967), «Зямля мая» ў 4 ч. (1979, для нар. хору і нар. арк.), «У вянок Максіму Багдановічу» (1980), сюіты «Родныя песні» (1979, для хору і нар. арк.) і інш. Аўтар шматлікіх песень, у т. л. «Ой, шумяць лясы зялёныя», «Беларусь — мая песня», «Люблю цябе, Белая Русь», «Расцвітай, Беларусь», «Явар і каліна», «Ты мне вясною прыснілася», «Не за вочы чорныя», «Журавіны», «Беларусачка» і інш. Значнае месца ў творчасці займалі харавыя творы (хары а капэла «Вы чулі, як плачуць дрэвы», паэма-рэквіем «Хатынскія званы», цыкл на словы Я.​Коласа), вак. дуэты, трыо, квартэты, музыка да драм. спектакляў («Трэцяе пакаленне» паводле К.​Чорнага, паст. ў Бабруйскім муз.-драм. т-ры, «Над хвалямі Серабранкі» І.​Козела і «Залаты медаль» І.​Шамякіна, паст. ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача, «Узнятая цаліна» паводле М.​Шалахава, паст. ў Дзярж. рус. драм. т-ры імя М.​Горкага, «Мурын бор» І.​Ісачанкі, паст. ў Магілёўскім абл. драм. т-ры і інш.). Пісаў музыку да кінафільмаў «Каханнем трэба даражыць» (у сааўт.), «Песня нашай зямлі», «Веснавыя мелодыі», «Дарогі Беларусі» і тэлефільмаў («Плач перапёлкі»), радыёспектакляў і тэлепастановак. Апрацоўваў бел. нар. песні для хору а капэла, дзіцячага хору і інш. У 1978—80 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Літ.:

Жураўлёў Дз., Загародні Г. Юрый Семяняка. Мн., 1974.

А.​Я.​Ракава.

Ю.У.Семяняка.

т. 14, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)