СЕМЯНЯ́КА (Юрый Уладзіміравіч) (26.11.1925, Мінск — 16.7.1990),
бел. кампазітар. Нар.арт. Беларусі (1974). Скончыў Бел. кансерваторыю (1957, клас А.Багатырова). У 1947—63 канцэртмайстар Дзярж.акад. харавой капэлы Беларусі. У яго творчасці пераважалі 2 асн. кірункі — муз. тэатр і песня. Музыцы С. ўласцівы лірызм, яркі меладызм, шчырасць выказвання; інтанацыйны склад грунтуецца на бел.нар. песеннасці і асаблівасцях сучасных масавых жанраў. Сярод твораў: оперы «Калючая ружа», «Калі ападае лісце», «Зорка Венера», «Новая зямля» (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1960, 1968, 1970, 1982), аперэты «Рабінавыя каралі» (1964, паст. ў Бабруйскім муз.-драм. т-ры), «Пяе «Жаваранак» (1969, паст. ў Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі; 2-я рэд. 1971, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі), «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання», дзіцячая «Сцяпан — вялікі пан» (паст. ў т-ры муз. камедыі Беларусі адпаведна ў 1973, 1975, 1979), кантаты, у т. л. «Ясныя дарогі» (1957), «Памяці Канстанціна Заслонава» (1958), «Горад юнацтва» (1964), «Велічальная Мінску» (1967), «Зямля мая» ў 4 ч. (1979, для нар. хору і нар.арк.), «У вянок Максіму Багдановічу» (1980), сюіты «Родныя песні» (1979, для хору і нар.арк.) і інш. Аўтар шматлікіх песень, у т. л. «Ой, шумяць лясы зялёныя», «Беларусь — мая песня», «Люблю цябе, Белая Русь», «Расцвітай, Беларусь», «Явар і каліна», «Ты мне вясною прыснілася», «Не за вочы чорныя», «Журавіны», «Беларусачка» і інш. Значнае месца ў творчасці займалі харавыя творы (хары а капэла «Вы чулі, як плачуць дрэвы», паэма-рэквіем «Хатынскія званы», цыкл на словы Я.Коласа), вак. дуэты, трыо, квартэты, музыка да драм. спектакляў («Трэцяе пакаленне» паводле К.Чорнага, паст. ў Бабруйскім муз.-драм. т-ры, «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела і «Залаты медаль» І.Шамякіна, паст. ў Бел.рэсп. т-ры юнага гледача, «Узнятая цаліна» паводле М.Шалахава, паст. ў Дзярж.рус.драм. т-ры імя М.Горкага, «Мурын бор» І.Ісачанкі, паст. ў Магілёўскім абл.драм. т-ры і інш.). Пісаў музыку да кінафільмаў «Каханнем трэба даражыць» (у сааўт.), «Песня нашай зямлі», «Веснавыя мелодыі», «Дарогі Беларусі» і тэлефільмаў («Плач перапёлкі»), радыёспектакляў і тэлепастановак. Апрацоўваў бел.нар. песні для хору а капэла, дзіцячага хору і інш. У 1978—80 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Літ.:
Жураўлёў Дз., Загародні Г. Юрый Семяняка. Мн., 1974.