ВАСЮЧЭ́НКА (Пётр Васілевіч) (н. 15.2.1959, г. Полацк),
бел. празаік, крытык. Канд. філал. н. (1985). Скончыў БДУ (1981). З 1984 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1979. Даследуе спадчыну класікаў бел. л-ры (Я.Купалы, М.Гарэцкага, А.Мрыя і інш.), творчасць сучасных празаікаў і драматургаў. Выдаў манаграфіі «Драматургія і час» (1991), «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994), «Пошукі страчанага дзяцінства» (1995). Піша навелы і прыпавесці, казкі і апавяданні для дзяцей (зб. «Белы мурашнік», 1993).
т. 4, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОК-О́ПЕРА (ад англ. rock + опера),
сцэнічна-музычны жанр. Узнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў ЗША і Вялікабрытаніі ў выніку спалучэння традыцый оперы і рок-музыкі на аснове форм, уласцівых для оперы-буф, аперэты, мюзікла, часткова джаза. Вытокамі лічаць оперу Дж.Гершвіна «Поргі і Бес» (1935) і рэгтайм-оперы С.Джопліна (пач. 20 ст). Далейшае развіццё набыла ў канцэптуальных альбомах некат. рок-груп 2-й пал. 1960-х г. («Муды Блюз», «Кінкс», «Бітлз)». Р.-о. папярэднічалі мюзіклы «Вестсайдская гісторыя» Л.Бернстайна (1957), «Хэло, Долі!» Дж.Германа (1964), «Валасы» Г.Макдэрмата (1967), «Томі» П.Таўшэнда (1970), «Годспел» С.Шуарца (1971). Першы ўзор уласна Р.-о. — «Ісус Хрыстос» — суперзорка» Э.Л.Уэбера (паст. 1971, экранізацыя 1972), які мае ўсе прыкметы оперы, але вакальныя партыі пазначаны выразнай рокавай стылістыкай. Да твораў гэтага жанру належаць «Фантом у оперы» Уэбера і Ц.Райса (1987), «Мурашнік» М.Алашэўскага і М.Скаларскага, «Naga» групы аўтараў. У СССР сярод першых Р.-о. — «Арфей і Эўрыдыка» А.Журбіна (1975), «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1976) і ««Юнона» і «Авось»» (1981) А.Рыбнікава, «Стадыён» А.Градскага (1982). На Беларусі да жанру Р.-о. можна аднесці «Курган» І.Лучанка ў выкананні «Песняроў» (1977).
Дз.А.Падбярэзскі.
т. 13, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)