МЕТЭО́РНЫ ПАТО́К,
сукупнасць метэораў у зямной атмасферы, якія маюць агульнае паходжанне. Траекторыі ўсіх метэораў патоку амаль паралельныя, але, з прычыны перспектывы, назіральніку здаецца, што ўсе яны выходзяць з аднаго пункта нябеснай сферы — радыянта. Назвы гал. М.п. паходзяць ад назваў сузор’яў, у якіх знаходзяцца іх радыянты (гл. табл.). Метэоры патокаў звычайна складаюцца з рэчыва нізкай шчыльнасці, маюць вял. эксцэнтрысітэты і звязаны з каметамі. Распад ядра каметы суправаджаецца размеркаваннем рэчыва ўздоўж арбіты з утварэннем рою каметных часцінак. М.п. ўзнікаюць пры перасячэнні Зямлёй арбіты каметы. Пры размеркаванні рою па ўсёй арбіце М.п. назіраюцца кожны год у пэўную дату, пры размеркаванні рою па частцы арбіты — у гады збліжэння каметы з Сонцам.
А.А.Шымбалёў.
т. 10, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Таўрыды (метэорны паток) 7/163
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯНІ́ДЫ,
метэорны паток з радыянтам у сузор’і Арыёна. Звязаны з Галея каметай. Назіраюцца штогод у 2-й палове кастрычніка.
т. 2, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЭ́ЛЫ КАМЕ́ТА,
камета, якая ў 1852 распалася на мноства метэорных целаў, што ўтварылі метэорны паток Андрамедыды. Адкрыта чэш. астраномам В.Біэлам у 1826. Апошні раз назіралася ў 1872 як слабае каметападобнае воблака.
т. 3, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІРЫ́ДЫ,
метэорны паток з радыянтам у сузор’і Ліры. Вядомы з 687 да н.э. Звязаны з каметай 1861 I. Назіраецца штогод каля 21 красавіка. Л. давалі вял. зорныя дажджы ў 1803, 1922, 1958.
т. 9, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Персеіды 7/163; 8/396, гл. Метэорны паток
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАМЕДЫ́ДЫ, біэліды,
метэорны паток з радыянтам у сузор’і Андрамеды. Звязаны з распадам Біэлы каметы. У 1741, 1872 і 1885 назіраліся метэорныя дажджы Андрамедыды. У выніку ўздзеяння Юпітэра на арбіту Андрамедыды ў 20 ст. колькасць метэарытаў у патоку значна зменшылася.
т. 1, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМІНІ́ДЫ,
метэорны паток з радыянтам у сузор’і Блізнят. Назіраецца ў 1-й пал. снежня, максімум 13—14 снежня. Адзін з найб. актыўных патокаў, што дзейнічаюць штогод. Мае вельмі кароткі перыяд абарачэння вакол Сонца — 1,7 года. Упершыню назіраўся ў 1862.
т. 5, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́ДЫ,
метэорны паток з радыянтам у сузор’і Льва. Назіраецца з сярэдзіны лістапада. Звязаны з каметай 1866 I, перыяд абарачэння якой 33 гады. Шчыльны рой метэорных цел займае невялікую частку арбіты каметы; пры яго сустрэчах з Зямлёй у 1799, 1833, 1866 і 1966 назіраліся метэорныя дажджы. У іншыя гады назіраецца невялікая колькасць метэораў.
т. 9, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)