ЛЕАНІ́ДЫ,

метэорны паток з радыянтам у сузор’і Льва. Назіраецца з сярэдзіны лістапада. Звязаны з каметай 1866 I, перыяд абарачэння якой 33 гады. Шчыльны рой метэорных цел займае невялікую частку арбіты каметы; пры яго сустрэчах з Зямлёй у 1799, 1833, 1866 і 1966 назіраліся метэорныя дажджы. У іншыя гады назіраецца невялікая колькасць метэораў.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)