МЕ́ДЫКА-РЭАБІЛІТАЦЫ́ЙНАЯ Э́КСПЕРТНАЯ КАМІ́СІЯ,

МРЭК, медыцынская камісія, якая праводзіць экспертызу абмежавання жыццядзейнасці грамадзян, складае індывід. праграмы рэабілітацыі і ажыццяўляе кантроль за іх выкананнем. Утворана ў 1992 замест урачэбна-прац. экспертных камісій. Працуе паводле тэр. прынцыпу. Існуюць абласныя, гар., міжраённыя, раённыя, спецыялізаваныя камісіі. У склад МРЭК уваходзяць урачы-рэабілітолагі-эксперты (тэрапеўт, хірург, неўрапатолаг), у склад спецыялізаванай — урачы паводле профілю камісіі, таксама тэрапеўт ці неўрапатолаг, метадыст-рэабілітолаг і інш. МРЭК высвятляе ступень абмежаванасці жыццядзейнасці хворых, ступень страты працаздольнасці, прычыну і час надыходу інваліднасці і інш. На Беларусі функцыянуюць 83 МРЭК (1999).

Э.​А.​Вальчук.

т. 10, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБЕНШЧЫКО́Ў (Сяргей Міхайлавіч) (2.10.1918, г. Вышні Валачок, Расія — 10.6.1987),

бел. балетмайстар, педагог. Засл. дз. культ. Беларусі (1960). Скончыў Усесаюзны тэхнікум цыркавога мастацтва (1936). З 1936 артыст цырка, балета, эстрады. У 1953—68 балетмайстар мінскага нар. ансамбля танца «Дружба» БПІ. У 1955—71 метадыст, балетмайстар Рэсп. Дома нар. творчасці, з 1977 выкладаў у Мінскім ін-це культуры. У працах па харэаграфіі асн. ўвагу аддаваў сцэн. інтэрпрэтацыі і папулярызацыі бел. танц. фальклору, стварэнню на яго аснове новых харэагр. пастановак. З масавых кампазіцый Грабеншчыкова найб. цікавая «Родны край» для выканання на стадыёнах (768 удзельнікаў).

Тв.:

Сценические белорусские танцы. Мн., 1974;

Белорусская народносценическая хореография. Мн., 1976;

Белорусские танцы. Мн., 1978.

Л.​М.​Баярышава.

т. 5, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РЭК (Альфрэд Марцінавіч) (н. 21.11. 1922, Ташкент),

расійскі акардэаніст, метадыст, дырыжор, інструментазнавец, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1995). Д-р мастацтвазнаўства (1987). Скончыў муз. вучылішча (1950) і Ін-т культуры (1967) у Маскве. З 1947 выкладае, у т. л. з 1975 у Ленінградскім ін-це т-ра, музыкі і кінематаграфіі, з 1980 у Маскоўскім пед. ін-це (з 1988 праф.). Заснавальнік (1997) Міжнар. музея рус. гармоніка ў Маскве (на базе ўласнай калекцыі, больш за 150 інструментаў). Аўтар вучэбна-метадычных і інструментазнаўчых прац, у т. л. энцыклапедыі «Гармонік» (1994), аўтабіягр. кн. «Запіскі вязня» (1989) і «Турэмны рэквіем» (1997), складальнік шматлікіх зборнікаў п’ес і аўтар пералажэнняў для акардэона.

Тв.:

Школа игры на аккордеоне. М., 1962;

Из истории аккордеона и баяна. М., 1967;

Справочник по гармоникам. М., 1968;

Основа постановки аккордеониста. Киев, 1974.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУБО́ВІЧ (Каханоўскі) Аўген

(Яўген) Тодаравіч (5.3.1912, в. Ціхінічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 25.5.1987),

бел. гісторык, літаратуразнавец, паліт. дзеяч. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). У 1930 арыштаваны, сасланы. У 1933 вярнуўся ў БССР, з 1939 кансультант-метадыст Наркамасветы БССР. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, уваходзіў у склад Беларускай рады даверу, Беларускай цэнтральнай рады (1944, справы культуры), кіраўнік Беларускага культурнага згуртавання (1944); на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выступіў з асн. рэфератам. З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША. Удзельнічаў у рабоце бел. арг-цый і партый, займаўся літ., навук., культ.-асв. і паліт.-грамадскай дзейнасцю. Даследчык мовы, л-ры, гісторыі Беларусі, пачынальнік вывучэння гісторыі бел. эміграцыі. Укладальнік, рэдактар і адзін з аўтараў зб. «Янка Купала і Якуб Колас, 1882—1982: Вянок успамінаў пра іх» (1982).

Тв.:

Крокі гісторыі: Даслед., арт., успаміны. Беласток;

Вільня;

Менск, 1993;

На крыжовай дарозе: Тв. з эміграцыі. Мн., 1994.

т. 7, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧЫЯ Я́СЛІ,

дашкольная ўстанова, якая забяспечвае неабходныя ўмовы развіцця і выхавання дзяцей ва ўзросце ад 2 месяцаў да 3 гадоў. У Дз.я. вылучаюць 4 ўзроставыя групы: грудных дзяцей (да 9 мес), «паўзунковая» (9—14 мес), сярэдняя (14—24 мес), старэйшая (2—3 гады). Дзяцей, якім споўнілася 3 гады, прымаюць дзіцячыя сады. З 1959 існуе дашкольная ўстанова, якая аб’яднала Дз.я. і дзіцячыя сады ў адзін тып дашкольнай установы — дзіцячыя яслі-сад.

У яслях дзеці знаходзяцца па 10—11 гадз у суткі; існуюць групы падоўжанага і кругласутачнага выхавання. З дзецьмі працуюць сёстры-выхавальніцы, метадычную і выхаваўчую работу ажыццяўляе педагог-метадыст, лячэбна-прафілактычную — урач. Будуюць Дз.я. паводле тыпавых праектаў на 30—40 месцаў; у групе ад 1 да 2 гадоў — 10, ад 2 да 3 гадоў — 15 месцаў. У апошнія гады колькасць дзяцей у Дз.я. паменшала ў выніку змены заканадаўства аб працягласці дэкрэтнага адпачынку жанчынам (да 3 гадоў). У 1980 на Беларусі было 229 Дз.я. на 20,6 тыс. дзяцей, у 1996—17 Дз.я. на 0,8 тыс дзяцей. Гл. таксама Дашкольныя ўстановы, Дашкольнае выхаванне і навучанне.

Э.​А.​Вальчук.

т. 6, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫ́НЯ (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 26.2.1940, Мінск),

бел. майстар-рэстаўратар нац. муз. інструментаў, выканаўца на іх, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​Глінкі (1964), Мінскі ін-т культуры (1989). У 1965—78 артыст Дзярж. нар. аркестра БССР імя І.​Жыновіча. З 1972 адначасова працаваў у Мінскім абл., у рэсп. навук.-метадычным цэнтрах нар. творчасці і культ.-асв. работы. З 1979 педагог-ілюстратар сярэдняй спец. муз. школы пры Бел. кансерваторыі, старшы метадыст па фальклоры пры Мінскім абл. метадычным цэнтры. З 1982 майстар, у 1983—88 заг. вучэбнай майстэрні па рэстаўрацыі. рамонце і вырабе муз. інструментаў Мінскага ін-та культуры. Стваральнік музея бел. муз. стараж. інструментаў «Бел. хатка». Вырабляе бел. нар. муз. інструменты (аэрафоны: сапранавыя, альтавыя, басовыя дудкі; жалейкі, трубы, дуды і інш.; хардафоны: колавая ліра, басэтля і інш.). Выступае з ігрой на бел. муз. інструментах (удзельнік канцэртных праграм, фестываляў нар. творчасці, запісваецца на радыё, тэлебачанні). Аўтар кн. «Лірнік» (1993) — першай нац. школы ігры на бел. нар. інструментах, артыкулаў пра бел. нар. муз. інструменты.

А.​Л.​Карацееў.

т. 13, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)