Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ІРЛА́НДЫЯ (New Ireland),
вулканічны востраў у Ціхім ак., у Бісмарка архіпелагу. Тэр. Папуа—Новая Гвінея. 8,6 тыс.км². Нас. (з прылеглымі астравамі) 87 тыс.чал. (1990). Горныя масівы выш. да 2150 м акаймаваныя берагавымі нізінамі. Клімат гарачы, вільготны. Сярэднія месячныя т-ры 25—28 °C. Ападкаў больш за 2000 мм за год. Вільготныя экватарыяльныя лясы. Асн. культура — какосавая пальма. Гал. горад і порт — Кавіенг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСЛАКА́ЦЫІ (ад позналац. dislocatio зрушэнне, перамяшчэнне) ў геалогіі, парушэнні залягання горных парод у зямной кары і на яе паверхні. Адбываюцца ў выніку ўнутрызямных (эндагенных) працэсаў: тэктанічных, магматычных, вулканічных, метамарфічных, гідрастатычнага выштурхоўвання, гравітацыйнага пераразмеркавання парод па шчыльнасці і пластычнасці; паверхневых (экзагенных) працэсаў: крыягенных (звязаных са шматгадовай мерзлатой), гляцыягенных (ледавіковых), эразійных (дзейнасці акіянаў, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў і інш.), гравітацыйных (апоўзні, дэлювіяльна-пралювіяльныя перамяшчэнні), выціскання пластычных парод, карставых, саліфлюкцыйных (апаўзанне глеб на схілах стромкасцю больш за 3°—5°), дзейнасці ветру, тэхнагенных. Істотна ўплываюць на Д. і касм. працэсы: вярчэнне Зямлі, месячныя і сонечныя прылівы і адлівы, а таксама ўздзеянне інш.касм. цел. У выніку Д. адбываюцца дэфармацыі горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., на мяжы мораў Карскага і Лапцевых, тэр. Расіі. Ад мацерыка аддзелена пралівам Вількіцкага. Пл. каля 37,6 тыс.км². Уключае 4 вял. астравы — Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Бальшавік, Камсамолец, Піянер — і шмат дробных. Берагі месцамі скалістыя і стромкія, парэзаны глыбокімі фіёрдамі. У рэльефе вылучаюцца прыледавіковыя плато, узвышаныя раўніны, тэрасаваныя прыбярэжныя раўніны. Каля 1/2пл. ўкрыта ледавіковымі купаламі і шчытамі (выш. да 965 м). Складзена пераважна з асадкавых (пясчанікі, сланцы, даламіты, мергелі) і вывергнутых (дыябазы, граніты) парод. Клімат суровы, арктычны. Сярэднія месячныя т-ры зімой ад -28 да -33 °C, летам 0,5—1,6 °C. Ападкаў 150—400 мм за год. Пераважае арктычная пустыня з плямамі мохава-лішайнікавай расліннасці. У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Лежбішча нерпы, грэнландскіх цюленяў, маржоў, бялухі. Птушыныя «кірмашы». Астравы адкрыты экспедыцыяй Б.А.Вількіцкага ў 1913, даследаваны экспедыцыяй Г.А.Ушакова і М.М.Урванцава ў 1930—32.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ПІУС (Зінаіда Мікалаеўна) (20.11.1869, г. Бялёў, Расія — 9.9.1945),
руская пісьменніца. Ідэолаг дэкадэнцтва. Жонка Дз.С.Меражкоўскага. З 1920 у эміграцыі. Першыя вершы апубл. ў 1888. Выйшлі паэт.кн. «Збор вершаў» (кн. 1—2, 1904—10); «Апошнія вершы, 1914—1918» (1918). Межы яе паэтычнага свету вызначалі палярныя кантрасты паміж індывідуалістычным самасцвярджэннем, смелым прыняццем жыцця і адмаўленнем ад сябе, ад уласнай волі, стратаю сэнсу існавання. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Новыя людзі» (1896), «Чорнае на белым» (1908), «Месячныя мурашы» (1912), «Нябесныя словы» (1921), раманаў «Пераможцы» (1898), «Чортава лялька» (ч. 1-я трылогіі, 1911; ч. 3-я пад назвай «Раман-царэвіч», 1913), п’ес «Макавы цвет» (1908, з Меражкоўскім і Дз.Філосафавым) і «Зялёны пярсцёнак» (1916), мемуараў «Жывыя твары» (т. 1—2, 1925), «Дзмітрый Меражкоўскі» (1951, не скончаны). Як крытык (псеўданім Антон Крайні) абараняла сімвалізм («Літаратурны дзённік, 1899—1907», 1908). У творах, напісаных у эміграцыі, рэзкае непрыняцце Кастр.рэв. і сав. улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПАНУ́І, Пасхі востраў,
Вялікадня востраў (палінезійская Rapa Nui, ісп. Pascua, англ. Easter Island),
вулканічны востраў ва ўсх.ч. Ціхага ак.Пл. 165,5 км². Належыць Чылі. Нас. каля 2 тыс.чал. (1999). Каля 40% карэнных жыхароў палінезійцы (рапануйцы), моцна метысаваныя, гавораць на рапануйскай мове, якая ўваходзіць у групу палінезійскіх моў; астатнія пераважна чылійцы. Звязаны авіялініяй з г. Сант’яга (Чылі) і в-вам Таіці. Востраў мае форму трохвугольніка, па баках якога ўзвышаюцца вулканы: Рана-Ароі 539 м (вышэйшы пункт в-ва), Катыкі (377 м), Рана-Као (324 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна, складзеная з вулканічных туфаў і базальтаў і ўкрытая травяністай расліннасцю. Берагі скалістыя, цяжкадаступныя. Клімат трапічны. Сярэднія месячныя т-ры 16—23 °C. Ападкаў больш за 1400 мм за год. Расліннасць: пераважна травы, нешматлікія эўкаліпты. Трапічнае земляробства (бататы, цукр. трыснёг, бананы). Рыбалоўства, авечкагадоўля. Адм. цэнтр — пас. Анга-Роа (Ханга-Роа). Рэшткі зніклай культуры палінезійцаў (скульптура, дошчачкі з пісьмёнамі). Адкрыты галандскім мараплаўцам Я.Рогевенам у 1722 у Вялікдзень (адсюль адна з назваў). Нац. парк Рапануі, які займае 1/3 вострава, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНТУ́КІ (Kentucky),
штат на Пд ЗША. Пл. 104,6 тыс.км². Нас. 3883,7 тыс.чал. (1996), у т. л. каля 70% гарадскога. Адм. ц. — г. Франкфарт. Большую ч. тэрыторыі займае вапняковае плато Камберленд (выш. 200—450 м), расчлянёнае глыбокімі далінамі рэк Камберленд, Грын-Рывер і Кентукі. Характэрны карставыя формы рэльефу. На З і ПнЗ раўніна ўздоўж р. Агайо. Клімат умераны вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра каля 1 °C у студз., каля 24 °C у ліп., ападкаў 1000—1250 мм за год. Захаваліся невял. ўчасткі шыракалістых лясоў. К. — індустр.-агр. штат. Развіты хім. (сінт. каўчук, валокны, пластмасы і інш.), электратэхн. (быт. электрапрылады) прам-сць, агульнае машынабудаванне. Горад Падзьюка — адзін з цэнтраў атамнай прам-сці. Важнае значэнне маюць харч. (у т. л. вінаробства і вытв-сць віскі) і тытунёвая прам-сць. Здабыча каменнага вугалю (каля 100 млн.т штогод), нафты, буд. каменю, плавікавага шпату і інш. У сельскай гаспадарцы кошт прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна роўныя. Гал. культура — тытунь. Сеюць таксама кукурузу, кармавыя травы, сою, пшаніцу. Садоўніцтва. Мяса-малочная і мясная жывёлагадоўля. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Суднаходства на р. Агайо. Гал.прамысл. цэнтры — гарады Луісвіл і Лексінгтан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАНЕ́ЗІЯ,
адна з асноўных астраўных груп у Акіяніі (каля 1500 дробных астравоў), у зах.ч. Ціхага ак., гал.ч. на Пн ад экватара. Уключае Марыянскія астравы, Каралінскія астравы, Маршалавы астравы, Гілберта астравы, а-вы Ошэн, Банаба, Науру і інш.Пл. 2,6 тыс.км². Нас. каля 500 тыс.ж. (1998). Карэннае нас. — мікранезійцы. Жывуць таксама амерыканцы, англічане, філіпінцы, кітайцы. Большая ч. а-воў — атолы, астатнія вулканічнага паходжання; самы буйны в-аўГуам. На Марыянскіх а-вах ёсць дзеючыя вулканы. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Сярэднія месячныя т-ры ад 26 °C да 28 °C. Ападкі ад 2000 да 6000 мм выпадаюць раўнамерна на працягу ўсяго года. Частыя трапічныя цыклоны (раён Каралінскіх а-воў). Прыроднае покрыва на вулканічных астравах складаюць вечназялёныя трапічныя лясы, радзей — саванны. Расліннасць на каралавых астравах бедная. Буйныя млекакормячыя жывёлы на М. адсутнічаюць. Найбольш пашыраны пацукі, лятучыя мышы, розныя віды яшчарак, птушкі. Трапічнае земляробства; рыбалоўства. Плантацыі цукр. трыснягу, рысу. Радовішчы баксітаў, фасфарытаў (Каралінскія а-вы), здабыча фасфатаў (на в-ве Науру). На а-вах М. размешчаны дзяржавы: Маршалавы Астравы, Мікранезія (Федэратыўныя Штаты Мікранезіі), Науру, Палау, Паўночныя Марыянскія Астравы, асн. частка дзяржавы Кірыбаці (а-вы Гілберта), уладанне ЗША Гуам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕБРА́СКА (Nebraska),
штат у цэнтр. частцы ЗША, у бас.р. Місуры. Пл. 200,3 тыс.км². Нас. 1662,7 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г. Лінкальн, найб. горад Омаха. Большая ч.тэр. штата ў межах Вялікіх раўнін, на З адгор’і Скалістых гор (выш. да 1654 м). Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія месячныя т-ры ад -5 °C у студз. да 24 °C у ліпені. Ападкаў 450—700 мм за год. Найб. рэкі Наябрэра і Плат (прытокі р. Місуры), выкарыстоўваюцца на арашэнне. Характэрна натуральная травяністая расліннасць прэрый. У гарах на З хваёвыя лясы (пл. каля 3 тыс.км²). Індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 27,4 млрд.кВт∙гадз (1998). Працуюць ЦЭС на каменным вугалі і АЭС. Гал. галіны прам-сці: харч. (мясакансервавая, мукамольная, масларобная, цукровая), маш.-буд. (с.-г., транспартнае, выраб эл. і электроннага абсталявання), паліграф., хім. (вытв-сць угнаенняў), каляровая металургія. Больш як 2/3 кошту таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі дае жывёлагадоўля, пераважна мяснога кірунку. Гадуюць (1997, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 6700, свіней — 3600, авечак — 100. Птушкагадоўля (у 1997—12,1 млн. курэй, 2,3 млн. бройлераў). Вырошчваюць кукурузу, сорга, сою, сеяныя травы, пшаніцу, фасолю, авёс, бульбу, цукр. буракі. Значная частка с.-г. зямель арашаецца. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАНТЫЛІ́ЗМ (лац. infantilis дзіцячы ад infans які не гаворыць),
затрымка ў развіцці арганізма чалавека, захаванне ў дарослага марфал., фізіял. і псіхічных рысаў, уласцівых больш ранняму ўзросту. Выяўляецца ў нясталасці эмацыянальна-валявой сферы пры нармальным і нават паскораным фіз. і разумовым развіцці. Характэрнымі рысамі індывіда, якому ўласцівы І. (інфантыла) з’яўляюцца несамастойнасць рашэнняў і дзеянняў, адчуванне неабароненасці, капрызнасць, зніжаная крытычнасць у адносінах да сябе, розныя кампенсацыйныя рэакцыі (напр., фантазіраванне, што замяшчае рэальныя ўчынкі, эгацэнтрызм) і інш. Прычыны І.: інфекц. захворванні (туберкулёз, сіфіліс, малярыя, розныя паўторныя інфекцыі), інтаксікацыі, арган. захворванні, непаўнацэннае харчаванне, авітамінозы, дрэнныя гігіенічныя ўмовы жыцця, прыроджаныя канстытуцыянальныя асаблівасці. Адрозніваюць агульны І. (затрымка развіцця ўсяго арганізма) і частковы І. (затрымка ў развіцці асобных органаў і сістэм). Прыкметы: пры агульным І. захоўваюцца дзіцячыя прапорцыі, склад цела кволы, грудная клетка доўгая, вузкая, косці тонкія, сэрца маленькае, ціск крыві паніжаны, другасныя палавыя прыкметы выяўлены слаба, супраціўляльнасць інфекц. захворванням зніжана. Пры частковым І. вылучаюць псіхічны І. (няўстойлівасць настрою і ўвагі, лёгкая ўнушальнасць, крыўдлівасць, боязь новага, бесклапотнасць і легкадумнасць паводзін спалучаюцца з эгацэнтрызмам і дзіцячай патрабавальнасцю), палавы І. (мізэрная расліннасць пад пахамі і на лабку, у жанчын — недаразвіццё малочных залоз і маткі, месячныя нерэгулярныя, нярэдка бясплоднасць, у мужчын — недаразвіццё вонкавых і ўнутр. палавых органаў, прастаты, адсутнасць палавой цягі, парушэнне палавых функцый) і інш. Лячэнне; стварэнне спрыяльных умоў жыцця і лячэнне захворванняў, якія справакавалі І.