МІКРАНЕ́ЗІЯ,

адна з асноўных астраўных груп у Акіяніі (каля 1500 дробных астравоў), у зах. ч. Ціхага ак., гал. ч. на Пн ад экватара. Уключае Марыянскія астравы, Каралінскія астравы, Маршалавы астравы, Гілберта астравы, а-вы Ошэн, Банаба, Науру і інш. Пл. 2,6 тыс. км2. Нас. каля 500 тыс. ж. (1998). Карэннае нас. — мікранезійцы. Жывуць таксама амерыканцы, англічане, філіпінцы, кітайцы. Большая ч. а-воў — атолы, астатнія вулканічнага паходжання; самы буйны в-аў Гуам. На Марыянскіх а-вах ёсць дзеючыя вулканы. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Сярэднія месячныя т-ры ад 26 °C да 28 °C. Ападкі ад 2000 да 6000 мм выпадаюць раўнамерна на працягу ўсяго года. Частыя трапічныя цыклоны (раён Каралінскіх а-воў). Прыроднае покрыва на вулканічных астравах складаюць вечназялёныя трапічныя лясы, радзей — саванны. Расліннасць на каралавых астравах бедная. Буйныя млекакормячыя жывёлы на М. адсутнічаюць. Найбольш пашыраны пацукі, лятучыя мышы, розныя віды яшчарак, птушкі. Трапічнае земляробства; рыбалоўства. Плантацыі цукр. трыснягу, рысу. Радовішчы баксітаў, фасфарытаў (Каралінскія а-вы), здабыча фасфатаў (на в-ве Науру). На а-вах М. размешчаны дзяржавы: Маршалавы Астравы, Мікранезія (Федэратыўныя Штаты Мікранезіі), Науру, Палау, Паўночныя Марыянскія Астравы, асн. частка дзяржавы Кірыбаці (а-вы Гілберта), уладанне ЗША Гуам.

т. 10, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)