АЛІ́МПІЙ (Аліпій; ? — 17.8.1114),
старажытнарускі жывапісец і ювелір. Манах Кіева-Пячэрскай лаўры, з 1084 удзельнічаў у размалёўцы яе Успенскага сабора. Ёсць меркаванне, што Алімпій пісаў абразы, выканаў мазаікі для сабора Кіева-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра.
т. 1, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТО́НЫ [ад лац. pars (partis) частка],
гіпатэтычныя часціцы (ці квазічасціцы), элементы структуры адронаў. Гіпотэза аб існаванні П. выказана Р.Ф.Фейнманам (1969) для тлумачэння вынікаў эксперыментаў па глыбока няпругкім рассеянні часціц (рассеянні з вял. перадачай імпульсу другасным часціцам). Існуе меркаванне, якое атаясамлівае П. з віртуальнымі кваркамі.
т. 12, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КНЕ КЕЛО́ІД, сасочкавы дэрматыт галавы, склеразуючы фалікуліт патыліцы,
хвароба мужчын. Існуе меркаванне, што ўзбуджальнік — залацісты стафілакок. На патыліцы на мяжы росту валасоў, зрэдку на падбародку з’яўляюцца дробныя вузельчыкі, якія групуюцца і зліваюцца паміж сабой. Скура робіцца цвёрдай, валасы растуць пучкамі. Пасля ўскрыцця фалікулярных вузельчыкаў застаюцца келоідныя рубцы.
т. 1, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МІДЖ (англ. image літар. вобраз),
1) знешні вобраз, які ствараецца суб’ектам з мэтай выклікаць пэўнае ўражанне, меркаванне, адносіны ў іншых.
2) Сукупнасць уласцівасцей, што прыпісваюцца суб’екту прапагандай, рэкламай, прымхамі, традыцыямі і да т.п. з мэтай выклікаць да яго пэўныя адносіны. І. ўсё больш становіцца першаступеннай праблемай паліт. практыкі.
т. 7, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОДРСК, Одръск,
горад, які ўпамінаецца ў «Павучанні» Уладзіміра Манамаха ў сувязі з яго паходам на Полацк у 1078. З.Я.Даленга-Хадакоўскі выказаў меркаванне, што О. знаходзіўся на р. Адроў (правы прыток р. Дняпро), на Аршаншчыне, але гэта не пацверджана раскопкамі. Рас. гісторык М.М.Карамзін лічыў, што ў крыніцы памылкова напісана Одръск замест Дръютеск (Друцк).
т. 11, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРТРА́Н ((Bertrand) Марсель) (2.7.1847, Парыж — 13.2.1907),
французскі геолаг. Чл. Парыжскай АН (1896). Праф. горнай школы ў Парыжы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1899). Упершыню выказаў меркаванне аб перыяд. характары буйных тэктанічных рухаў і асн. эпохах складкавасці (гуронскай, каледонскай, герцынскай, альпійскай), выявіў шэраг заканамернасцяў у развіцці магматычных працэсаў. Яго назіранні ў Альпах далі пачатак тэорыі шар’яжаў (гл. Покрыва тэктанічнае).
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РСІЯ (ад позналац. versio відазмяненне, паварот),
1) адзін з варыянтаў выкладанняў, тлумачэнняў якога-небудзь факта, падзеі.
2) У следчай і судовай практыцы меркаванне (гіпотэза) следчага або суда пра наяўнасць ці адсутнасць падзей або фактаў з тых, што маюць значэнне для правільнага вырашэння справы і абгрунтавання на доказах і матэрыялах пэўнай крымін. справы, а таксама магчымае тлумачэнне іх узнікнення і характару.
т. 4, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТУМ (ад лац. votum жаданне, воля),
рашэнне, меркаванне, выказанае галасаваннем. У парламентах некаторых краін найб. пашырана галасаванне аб давер’і (вотум давер’я) або недавер’і (вотум недавер’я) ураду. Паводле заканадаўства гэтых краін пры неатрыманні ўрадам вотуму давер’я ён выходзіць у адстаўку або кіраўнік дзяржавы распускае парламент і прызначае датэрміновыя парламенцкія выбары. У некаторых зах. краінах існуе плюральны вотум — права выбаршчыка карыстацца некалькімі галасамі ў залежнасці ад цэнзаў выбарчых.
т. 4, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЦЯНІ́,
гарадзішча мілаградскай культуры каля в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Датуецца 2-й пал. 1-га тыс. да н. э. — пач. 1 ст. н. э. Даследаваннямі выяўлены рэшткі наземнай пабудовы слупавой канструкцыі, фрагменты ляпных яйцападобных пасудзін, жал. сярпы, шпілька, кольцы, бронзавыя ўпрыгожанні, касцяныя праколкі, шкляныя і гліняныя пацеркі і інш. Існуе меркаванне, што ў 6—7 ст. н. э. гарадзішча выкарыстоўвалася як сховішча.
т. 8, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
адзін з цэнтраў манетнай вытворчасці ў Рэчы Паспалітай. Створаны ў Брэсце ў час грашовай рэформы 1659—66 для выпуску меднага соліда (барацінкі). Працаваў з 4.12.1665 да 16.12.1666. Соліды Брэсцкага манетнага двара падобныя на медныя соліды Віленскага манетнага двара. На іх аверсе была выява бюста Яна II Казіміра Вазы
[1648—68],
на рэверсе — герба ВКЛ («Пагоня»). Ёсць меркаванне, што б.ч. тыражу манет мае адметныя рысы: шчыт з вострым вуглом, малая манаграма, палеаграфічныя асаблівасці.
т. 3, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)