Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НАВАЯ ВА́РТАСЦЬ,
паводле марксісцкай эканам. дактрыны, магчымасць тавару быць абмененым на іншы тавар у пэўнай прапорцыі, што знаходзіць сваё выражэнне ў грашовай вартасці, у цане тавару. Адрозніваецца ад спажывецкай вартасці, якая характарызуе тавар як прадмет спажывання.
т. 10, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВА́Р,
прадукт працы, выраблены для задавальнення патрэб грамадства шляхам куплі-продажу ці абмену на рынку. Прадукт працы становіцца Т. ва ўмовах грамадскага падзелу працы і адасаблення вытворцаў на выраб якога-н. прадукту. Т. мае вартасць і спажывецкую вартасць. Паводле К.Маркса, 2 бакі Т. абумоўлены дваістым характарам, увасобленай у ім працы. Спажывецкая вартасць утвараецца вызначанай карыснай працай работніка пэўнай спецыяльнасці (канкрэтная праца) і складае рэчавы змест багацця кожнага грамадства. Вартасць утвараецца абстрактнай працай — затратай інтэлектуальнай, нервовай, мускульнай энергіі таваравытворцы наогул, незалежна ад канкрэтнай формы праяўлення. У адпаведнасці з працоўнай тэорыяй вартасці (А.Сміт, Д.Рыкарда, К.Маркс) спажывецкая вартасць з’яўляецца носьбітам вартасці, але паміж імі існуе ўнутр. супярэчнасць. Як спажывецкія вартасці розныя Т. якасна разнародныя і колькасна несувымерныя, як вартасці — аднародныя. Гэтая агульная ўласцівасць (арэчаўленая грамадская праца) дае магчымасць прыраўноўваць Т. адзін да аднаго і абменьваць яго ў адпаведных прапорцыях (гл. Менавая вартасць). Прадстаўнікі гранічнай карыснасці тэорыі (К.Менгер, О.Бём-Баверк, Ф.Візэр і інш.) у сваіх даследаваннях найперш вылучаюць ролю карыснасці Т. пры абмене, паводзіны чалавека на рынку. Яны лічаць, што у аснове абмену знаходзіцца не вартасць, а карыснасць Т., якая і вызначае велічыню яго каштоўнасці. Узровень карыснасці Т. знаходзіцца ў адваротнай залежнасці ад яго колькасці.
А.Л.Падгайскі.
т. 15, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РТАСЦЬ,
увасобленая ў тавары і арэчаўленая ў ім праца таваравытворцаў; грамадская ўласцівасць тавару, якая выяўляецца ва ўмовах таварнай вытв-сці пры абмене аднаго тавару на іншы; аснова цаны тавару. Адрозніваюць спажывецкую і менавую вартасць. Спажывецкая вартасць — каштоўнасць рэчы, яе здольнасць задавальняць чалавечыя патрэбы непасрэдна (хлеб, адзенне, жыллё) і ўскосна (машыны, станкі, сыравіна). Усе тавары — розныя як спажывецкія вартасці (па якасці), але аднолькавыя як вартасць, бо ствараюцца ў вытв-сці і з’яўляюцца прадуктам працы. Велічыня вартасці тавару залежыць ад колькасці рабочага часу, неабходнага для вырабу гэтага тавару. Розныя таваравытворцы затрачваюць на вытв-сць аднаго і таго ж тавару неаднолькавую колькасць працы (часу), таму тавары маюць розную індывід. вартасць. Але яна не можа вызначаць грамадскую (рыначную) вартасць. Таваравытворцы звязаны паміж сабой сістэмай грамадскага падзелу працы і таму вырабляюць тавары на продаж (адзін для аднаго), у выніку чаго іх праца набывае грамадскі характар. Таму грамадская (рыначная) вартасць вызначаецца грамадска неабходным рабочым часам, ці часам, які затрачваецца на вытв-сць асн. масы тавараў гэтага віду. Формай выяўлення вартасці на рынку з’яўляецца менавая вартасць — прапорцыя, у якой адны тавары абменьваюцца на іншыя. Яна вызначаецца законам, які патрабуе абмену таварамі паводле іх грамадскай (рыначнай), а не індывідуальнай вартасці. Гэты закон выступае гал. рэгулятарам таварнай вытв-сці, эканам. адносін паміж таваравытворцамі. Ён вымушае прадпрымальнікаў змяншаць індывідуальны рабочы час да ўзроўню грамадска неабходнага, а яшчэ лепш — ніжэй за яго, што гарантуе перамогу ў канкурэнтнай барацьбе і прыбытковасць вытв.-гасп. дзейнасці. Тым самым ён стымулюе навук.-тэхн. прагрэс, удасканаленне вытв-сці, павышэнне прадукцыйнасці працы. Пачатак тэорыі працоўнай вартасці паклалі У.Пеці, А.Сміт, Д.Рыкарда, навук. абгрунтаваў яе К.Маркс. Некаторыя вучоныя-эканамісты лічаць, што менавыя прапорцыі вартасці тавараў вызначаюцца не затрачанай на іх выраб грамадскай працай, а іх спажывецкай вартасцю (каштоўнасцю); на гэтай канцэпцыі заснавана гранічнай карыснасці тэорыя. Існуе таксама прадукцыйнасці тэорыя, паводле якой вартасць — вынік дзеяння 3 фактараў вытв-сці — працы, зямлі і капіталу.
У гіст. развіцці вартасць прайшла наступныя формы ў працэсе абмену: простую, адзінкавую, ці выпадковую (тавары — на тавар), поўную, ці разгорнутую (адзін тавар — на многія тавары), усеагульную (усе тавары — на тавар-эквівалент) і грашовую (усе тавары — на грошы). Грашовая форма вартасці дала прастор развіццю таварнай вытв-сці, ініцыятывы прадпрымальнікаў, гандл. сувязяў. У гэтых умовах грошы сталі асновай узнікнення капіталу.
С.Я.Янчанка.
т. 4, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)