Матор-генератар, гл. Рухавік-генератар

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁСЛАВАЕ СУ́ДНА,

судна, якое рухаецца пры дапамозе вёслаў. Бывае з уключынамі (упорамі для вёслаў) і без іх. Уключыны знаходзяцца на бартах (шлюпкі, лодкі розных тыпаў), на кранштэйнах за бортам (акадэмічнае вёславае судна), у карме (гандола); Вёславыя судны без уключын — байдаркі, каноэ. Вёславыя судны могуць мець ветразі ці падвесны матор. Сучасныя марскія і рачныя вёславыя судны — у асноўным спартыўныя, невял. прамысловыя, транспартныя, выратавальныя і інш.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЦУГО́ВАЯ ПІЛА́,

піла для грубага папярочнага рэзання драўніны з дапамогай бясконцага пілавальнага ланцуга з рэжучымі зубамі.

Мае бензінавы матор або электрарухавік, муфту счаплення, рэдуктар і кансольны рэжучы механізм у выглядзе накіравальнай шыны, па якой рухаецца пілавальны ланцуг. Бываюць спецыяльныя (для валкі дрэў, абрэзкі сучкоў) і універсальныя; цяжкага, сярэдняга, лёгкага і асабліва лёгкага класаў. Найб. пашыраны Л.п. з карбюратарным рухавіком (тыпу «Дружба») і электрапілы (для папярочнага раскрою леса- і піламатэрыялаў).

т. 9, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЭ́ПЕР (англ. scraper ад scrape скрэбці),

землярыйна-транспартная машына цыклічнага дзеяння для паслойнага зразання, транспартавання, адсыпкі ў насып ці адвал і разраўноўвання грунту. Рабочы орган С. — коўш з нажом, які загружаецца свабодна пад дзеяннем цягавага намагання пры руху машыны або прымусова канвеерам (напр., элеватарам) з аўтаматызаваным кіраваннем.

Бываюць прычапныя да трактара (2- або 1восевай канструкцыі), паўпрычапныя на базе 2-восевых трактароў і цягачоў, самаходныя на базе аднавосевых цягачоў, у т. л. з дызель-эл. прыводам і матор-коламі. Умяшчальнасць каўша да 40 м³ і больш, адлегласць транспартавання грунту да 2,5 км і больш. С. наз. таксама рабочы орган (коўш) канатна-скрэперных установак, якія выкарыстоўваюцца на экскавацыйных, трансп. і інш. земляных работах на паверхні, пад зямлёй і пад вадой. Прывод каўша — ад лябёдкі праз сістэму канатаў і блокаў. На Беларусі С. выпускае Магілёўскі аўтамаб. з-д.

І.​І.​Леановіч.

Скрэпер самаходны МаАЗ-6014 (Магілёўскі аўтамабільны завод).

т. 14, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДУ́КТАР (ад лац. reductor які адводзіць назад),

1) механізм для змены скорасці вярчэння (найчасцей для яе зніжэння і павышэння вярчальнага моманту) пры перадачы руху ад аднаго вала да другога. Звычайна ў Р. выкарыстоўваюць зубчастыя перадачы, чарвячныя перадачы, ланцуговыя перадачы і іх спалучэнні. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, манціруюцца ў закрытым корпусе як асобны агрэгат ці ўбудаваныя ў машыну. У камбінаваным прыводзе Р. кампануюць з варыятарам. У адрозненне ад каробкі перадач перадатачны лік Р. — велічыня пастаянная.

2) Прылада для аўтам. прапускання вадкасці (пары, газу) з поласці высокага ціску ў поласць меншага ціску і падтрымання яго на зададзеным узроўні. Выконвае функцыі засцерагальнага і запорнага клапана. Ціск у Р. зніжаецца аўтам. рэдукцыйным клапанам, які звязаны з гібкай плоскай мембранай (знаходзіцца пад ціскам вадкасці з аднаго боку і вінтавой спружыны — з другога).

Рэдуктары: а — з чарвячнай перадачай; б — з электрарухавіком (матор-рэдуктар; 1 — рэдуктар, 2 — электрарухавік); в — прамога дзеяння для рэдуцыравання газу (1 і 6 — спружыны, 2 — клапан, 3 — штурхач, 4 — мембрана, 5 — націскны дыск).

т. 13, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)