ЭЛЕКТРАПО́ЕЗД,

разнавіднасць маторвагоннага рухомага саставу, маторныя вагоны якога абсталяваны цягавым прыводам і выконваюць функцыю лакаматыва; атрымліваюць энергію ад эл. сеткі праз токапрыёмнікі. Выкарыстоўваюцца пераважна на прыгарадных участках чыгунак з вял. патокам пасажыраў і ў метрапалітэнах.

У склад Э. акрамя маторных уваходзяць прычапныя вагоны (з іх 2 галаўныя). Колькасць вагонаў найчасцей ад 4 да 12, з іх маторнымі (самарухальнымі) могуць быць усе (як у метрапалітэне) або частка іх. Ёсць Э., цягавыя рухавікі якіх на неэлектрыфікаваных участках пуці сілкуюцца ад акумулятарных батарэй (маторвагонны састаў з дызельнымі рухавікамі — дызель-поезд). У галаўных вагонах Э. ёсць кабіны для машыністаў, абсталяваныя вымяральнай апаратурай і прыладамі кіравання. Пашыраны матор-вагоны ЭР2 (пастаяннага току) і ЭР9П (пераменнага току).

У Мінскім метрапалітэне выкарыстоўваюцца матор-вагоны тыпу 81-717 і 81-714 (умяшчальнасць да 254 чал., макс. скорасць да 100 км/гадз). На чыгунках Беларусі Э. (электрычкі) выкарыстоўваюцца на ўчастках паміж Мінскам і Брэстам, Оршай, Маладзечнам, Асіповічамі і інш.

І.​І.​Леановіч.

Электрапоезд пастаяннага току ЭД6 (Расія).

т. 18, кн. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)