МАСНЭ́ ((Massenet) Жуль Эміль Фрэдэрык) (12.5.1842, Манто, каля г. Сент-Эцьен, Францыя — 13.8.1912),

французскі кампазітар, педагог. Чл. Ін-та Францыі (1878). Прэзідэнт Акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). У 1852—63 (з перапынкам) вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў А.​Тама; у 1878—96 яе праф. У 1863 атрымаў Рымскую прэмію. Разам з Ш.Гуно — адзін з вядучых прадстаўнікоў лірычнай оперы. Валодаў яскравым меладычным дараваннем, стварыў гнуткі арыёзна-дэкламацыйны вак. стыль. Сярод твораў: каля 30 опер, у т. л. «Дон Сезар дэ Базан» (паст. 1872), «Манон» (1884), «Вертэр» (1886), «Таіс» і «Наварка» (абедзве 1894), «Сафо» (1897), «Жанглёр Божай Маці» (1902), «Дон Кіхот» (1910), «Панург» (1913); аперэты; балеты «Куранты» (1892), «Цыкада» (1904), «Тарэра» («Эспада», 1908); 4 араторыі (1873, 1875, 1880, 1900); кантаты, у т. л. «Давід Рыцыо» (1863), «Мір і свабода» (1867); 7 праграмных сюіт і інш. для арк.; каля 200 рамансаў і песень, вак. цыклы; музыка да драм. спектакляў і інш. Сярод вучняў: А.​Бруно, Ш.​Кеклен, Ж.​Цьерсо, Г.​Шарпанцье, Э.​Шасон, Ф.​Шміт, Дж.Энеску. Аўтар успамінаў (1912).

Літ.:

Кремлев Ю. Жюль Массне. М., 1969.

т. 10, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маснэ Ж. 2/254; 3/517; 6/301; 7/68, 507, 514; 9/496; 10/421, 639; 11/287, 389, 427

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАЧО́ВА (Ірына Пятроўна) (н. 2.3.1939, С.-Пецярбург),

руская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1965), з 1978 выкладае ў ёй (праф. з 1982). З 1965 салістка Марыінскага т-ра. Сярод партый: Азучэна, Амнерыс, Эбалі («Трубадур», «Аіда», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Шарлота («Вертэр» Ж.​Маснэ). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя М.​І.​Глінкі (Масква, 1962), Міжнар. конкурсу вакалістаў у Рыо-дэ-Жанейра (1967). Дзярж. прэмія Расіі 1973, Дзярж. прэмія СССР 1984.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫСТАФАРА́НУ ((Cristoforeanu) Флорыка) (28.5.1886, Рымнікул-Сэрат, пав. Бузэў, Румынія — 1.3.1960),

румынская спявачка. Вучылася ў Румыніі, потым у Міланскай кансерваторыі (1904—08). Выступала ў оперных т-рах Італіі, Румыніі, у т-рах аперэты ў Румыніі, Італіі, краінах Паўд. Амерыкі і інш. Валодала голасам рэдкага дыяпазону, выконвала партыі лірычнага і мецца-сапрана: Віялета («Травіята» Дж.​Вердзі), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Саламея («Саламея» Р.​Штрауса), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні), Шарлота («Вертэр» Ж.​Маснэ). Выканала больш за 100 роляў у аперэтах. Аўтар успамінаў.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛІС-ГА́РА ((Žylis-Gára) Тэрэса) (н. 23.1.1930, Вільня),

польская спявачка (сапрана). Вучылася ў Вышэйшай муз. школе ў Лодзі (1952—57). З 1957 у Оперным т-ры ў Кракаве. З 1960 у ФРГ: салістка оперных т-раў у гарадах Обергаўзен, Дортмунд, Дзюсельдорф. Выступае ў буйнейшых т-рах свету. Валодае моцным рухомым голасам прыгожага тэмбру, вял. муз. культурай, акцёрскім майстэрствам. Адна з лепшых сучасных выканальніц партый у операх В.​А.​Моцарта. Сярод інш. партый: Дэздэмона, Леанора, Віялета («Атэла», «Трубадур», «Травіята» Дж.​Вердзі), Чыо-Чыо-сан, Тоска (аднайм. оперы Дж.​Пучыні), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Ліза («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага). Мае вял. камерны рэпертуар.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІКАЎ (Аляксей) (Альберт) Дзмітрыевіч (н. 9.9.1929, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія),

расійскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Расіі (1973). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас А.Катульскай). З 1956 саліст, з 1986 рэжысёр Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Юродзівы і ’Самазванец («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Берандзей («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Фін («Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Рудольф, Пінкертон («Багема», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Вертэр («Вертэр» Ж.​Маснэ), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Аляксей Іванавіч («Гулец» С.​Пракоф’ева). Інтэрпрэтатар вак. твораў Дз.​Шастаковіча і Г.​Свірыдава. Дзярж. прэмія Расіі 1977.

т. 10, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАШНІЧЭ́НКА (Яўгенія Сямёнаўна) (н. 12.6.1931, с. Радзянскае Валчанскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна),

украінская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1965). Скончыла. Кіеўскую кансерваторыю (1957). З 1957 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. Валодае лёгкім рухомым голасам вял. дыяпазону, дасканалай тэхнікай, яскравым артыстызмам. Сярод лепшых партый: Венера («Энеіда» М.​Лысенкі), Іалан («Мілана» Г.​Майбарады), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Мюзета («Багема» Дж.​Пучыні), Шамаханская царыца, Марфа («Залаты пеўнік», «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава). 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў (г. Тулуза, Францыя, 1958). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1972. Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІ́НГА ((Domingo) Пласіда) (н. 21.1.1941, Мадрыд),

іспанскі спявак (тэнар). З сям’і акцёраў і спевакоў — выканаўцаў сарсуэл. Вучыўся ў бацькоў і ў кансерваторыі ў Мехіка. З 1966 выступае ў буйнейшых т-рах свету, з 1968 саліст т-ра «Метраполітэн-опера»; спявае і ў т-ры «Ла Скала». Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта, выконвае лірычныя і драм. партыі: Атэла, Радамес, Альфрэд, Дон Карлас («Атэла», «Аіда», «Травіята», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Каварадосі, Калаф, Рэнэ дэ Грые («Тоска», «Турандот», «Манон Леско» Дж.​Пучыні), Вертэр у аднайм. операх Вердзі і Ж.​Маснэ. Яго выкананне вылучаецца вышэйшым сінтэзам акцёрскага і вак. майстэрства, натуральнай, спантаннай эмацыянальнасцю. Выступае як оперны дырыжор, здымаецца ў кіно («Травіята», 1983). Аўтар кн. «Мае першыя сорак гадоў» (рус. пер. 1989).

П.Дамінга ў ролі Калафа.

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ДА (Gedda; сапр. Усцінаў) Мікалай

(н. 11.7.1925, Стакгольм),

шведскі спявак (тэнар); адзін з найб. вядомых спевакоў 20 ст. Вучыўся ў кансерваторыі ў Стакгольме. З 1952 выступае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Гранд-Апера», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера» і інш.). Валодае голасам мяккага цёплага тэмбру. Тонкі стыліст. спявак высокай культуры; выконвае амаль усе партыі лірычнага тэнара ў операх В.​А.​Моцарта, італьян. і франц. кампазітараў, у т. л. партыі Герцага, Альфрэда («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Рауля («Гугеноты» Дж.​Меербера), Вертэра («Вертэр» Ж.​Маснэ), Ленскага («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага). Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Л.​Бетховена, Ф.​Шуберта, Э.​Грыга, Чайкоўскага і інш.; адзін з лепшых замежных выканаўцаў рус. нар. песень і старадаўніх рамансаў.

Тв.:

Рус. пер. — Дар не дается бесплатно. М., 1983.

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКЕ́ЕВА (Нона Сяргееўна) (н. 19.4.1925, г. Смаленск, Расія),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Вільнюскую кансерваторыю (1950). З 1950 артыстка Літ. філармоніі. З 1953 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1971 педагог Рэсп. вучэбнага комплексу гімназія-каледж пры Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалі добрая вак. школа, голас прыгожага тэмбру, высокая муз. культура. Сярод партый: у нац. операх — Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.​Пукста), Святлана («Калючая ружа» Ю.​Семянякі); з інш. партый — Марфа, Валхава ( «Царская нявеста», «Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Неда («Паяцы» Р.​Леанкавала), Чыо-Чыо-сан, Мімі («Чыо-Чыо-сан», «Багема» Дж.​Пучыні), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ).

Б.​С.​Смольскі.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)