МАРАХО́ДНЫЯ Я́КАСЦІ судна,

сукупнасць характарыстык судна, якія вызначаюць яго плывучасць, астойлівасць, непатапляльнасць, ходкасць, кіравальнасць, узыходжанасць на хвалю і інш.

Вызначаюць магчымасць эксплуатацыі судна ў басейнах з рознымі гідраметэаралагічнымі ўмовамі (на рэках, вадасховішчах, партовых акваторыях, рэйдах, у пэўных марскіх раёнах) або без абмежавання раёна плавання. Залежаць ад памераў і суадносін гал. вымярэнняў судна (даўжыні, шырыні, вышыні борта, асадкі), формы абводаў (абрысу вонкавай паверхні корпуса), размеркавання мас па даўжыні і вышыні.

т. 10, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАМАРА́Н (тамільскае, літар. звязаныя бярвёны),

1) плыт для кароткіх зносін і рыбнай лоўлі ў народаў азіяцкага ўзбярэжжа Інд. ак. і прылеглых астравоў, а таксама астравоў Ціхага ак. і Паўд. Амерыкі. Перамяшчаецца з дапамогай вёслаў або ветразяў.

2) Невял. грабное або ветразевае судна з некалькіх выдзеўбаных і завостраных з канцоў бярвён, злучаных масткамі.

3) Сучаснае марское або рачное судна (грузавое, рыбалоўнае, пасажырскае, буксірнае, спартыўнае) з двума злучанымі (палубай або фермамі) у верх. ч. паралельнымі карпусамі. Мае добрую астойлівасць і мараходныя якасці, вял. палубу. К. наз. таксама аднакорпуснае судна з паплаўкамі-балансірамі па баках.

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЖАЛУДЫ́ (Balanomorpha і Venucomorpha),

2 надсямействы вусаногіх ракападобных жывёл падатр. тарацыкавых. Больш за 400 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 160 м. Жывуць на дне, прымацоўваюцца да цвёрдага субстрату (скалы, канструкцыі) або да прадметаў ці жывёл (кіты, чарапахі і інш.), днішчаў суднаў (адмоўна ўплываюць на іх мараходныя якасці). Устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя, могуць некаторы час абыходзіцца без вады.

Вышыня вапністага пласціністага доміка-ракавіны, што ўкрывае цела, да 25 см, шыр. да 10 см. Кормяцца планктонам, водарасцямі, якія фільтруюць праз ракавіну з дапамогай 6 пар двухгалінастых ножак. Пераважна гермафрадыты, развіццё з лічынкай. Некат, ядомыя. Гл. таксама Вусаногія.

Марскія жалуды.

т. 10, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)