Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПСАМА́НІЯ (ад грэч. dipsa смага + манія),
гл. ў арт. Запой.
т. 6, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМФАМА́НІЯ (ад німфа + манія),
паталагічная павышаная палавая цяга ў жанчын, якая праяўляецца нястрымным імкненнем да палавога збліжэння з рознымі партнёрамі. Сіндром арган. хвароб галаўнога мозга, гіпаманіякальнага стану, псіхапатыі, паталаг. клімаксу і інш.
т. 11, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФАМА́НІЯ (ад графа... + манія),
хваравітая цяга да пісьменніцтва ў асоб, пазбаўленых літаратурных здольнасцей. Узнікае на аснове наіўнага ўяўлення пра лёгкасць і агульнадаступнасць пісьменніцкай працы або ў выніку пераацэнкі асабістых творчых магчымасцей. Часта графаманіі спрыяюць «гучнае імя», дачыненне да выдавецкага асяроддзя і неабмежаваная магчымасць друкавацца. Элементы графаманскай шматслоўнасці як відавочны элемент стылю бываюць і ў творчасці прафесійных пісьменнікаў.
т. 5, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСМАРФАМА́НІЯ (ад дыс... + марфа... + манія),
псіхічнае расстройства, якое выяўляецца хваравітай упэўненасцю ў наяўнасці выдуманай фіз. заганы. Уласціва пераважна падлеткаваму ўзросту (як і дысмарфафабія) і тычыцца бачных участкаў цела, фігуры і палавых органаў. Часцей праяўляецца ў выглядзе звышцэнных ідэй або трызнення, звычайна суправаджаецца стараннай маскіроўкай сваіх перажыванняў, імкненнем да выпраўлення выдуманага дэфекту любым шляхам. Пры гэтым магчымы імкненне да самагубства, самапашкоджанне, розныя віды самалячэння.
т. 6, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРКАМА́НІЯ (ад грэч. narkē здранцвенне, аняменне + манія),
хвароба, якую выклікае сістэматычнае ўжыванне наркатычных сродкаў. На ўжыванне наркатычных сродкаў (наркотыкаў) уплываюць псіхал. асаблівасці чалавека (нізкая самаацэнка, псіхічныя захворванні), проціпраўная дзейнасць і інш. Асабліва схільныя да Н. падлеткі і маладыя людзі. Наркаманы (людзі, якія ўжываюць наркотыкі) адмежаваны ад рэальнага свету, трацяць пачуццё адказнасці і абавязку, хлуслівыя, эгаістычныя, схільныя да антысац. паводзін (рабаванне, насілле і інш.). Дзеці наркаманаў нярэдка нараджаюцца з фіз. і псіхічнымі дэфектамі і расстройствамі. Пры Н. існуе вял. небяспека заражэння рознымі формамі гепатыту, СНІДам. Скарачэнню жыцця наркаманаў садзейнічае перадазіроўка, септычныя ўскладненні, спробы да самагубства і інш. Пры Н. расстройваецца абмен рэчываў у арганізме, дзейнасць стрававальна-кішачнага тракту, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм.
Адрозніваюць 3 стадыі Н.: адаптацыя, абстынентныя з’явы і знясіленне. У хворых на Н. выяўляецца вял. наркаманічны сіндром, які складаецца са змененай рэактыўнасці, псіхічнай і фіз. залежнасцей. Аднаразовае ўжыванне наркотыкаў выклікае эйфарыю. Псіхічная залежнасць характарызуецца пастаяннымі думкамі аб скарыстанні наркотыку, інакш узнікае стан незадаволенасці, прыгнечанасці, раздражняльнасці; назіраецца на ранніх этапах сістэм. ўжывання наркотыку. Фіз. залежнасць праяўляецца неадольнай хваравітай цягай да наркотыку, развіццём сіндрому пазбаўлення (абстыненцыі), калі перапынак у прыёме наркотыку выклікае расстройствы фіз. і псіхічных функцый. Лячэнне ў спец. лячэбных установах у залежнасці ад наркатычнага сродку.
Літ.:
Пятницкая И.Н. Наркомании: (Руководство для врачей). М., 1994;
Каплан Г.И., Сэдок Б.Дж. Клиническая психиатрия: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1994.
А.І.Скугарэўская.
т. 11, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)