МАНЕ́ЎРЫ,

буйныя ваенныя вучэнні; вышэйшая форма аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі войск. У шэрагу краін М. праводзіліся з 17 ст., асабліва шырока з канца 19 — пач. 20 ст. На тэр. Беларусі ў 1929 упершыню праводзіліся ўсеармейскія і ў 1930 акруговыя М. Найб. буйныя М. Беларускай ваеннай акругі адбыліся ў 1936, а ў пасляваенны час — М. (вучэнні) «Дзвіна» (1970), «Бярэзіна» (1976), «Захад-81», «Восень-88» і інш. У сучасных умовах М. надае вял. значэнне ваен. камандаванне многіх краін свету. М. войск блока НАТО праводзяцца гал. чынам у Еўропе і на Атлантыцы. У ходзе іх асаблівая ўвага аддаецца перакідванню стратэг. рэзерваў ЗША на еўрап. кантынент, баявому выкарыстанню мабільных сіл НАТО і інш. У апошні час замест М. усё часцей праводзяцца камп’ютэрныя камандна-штабныя вучэнні, у т. л. шматнац. узбр. сіл. Напр., тэмай вучэнняў «Шчыт-98», у якіх удзельнічалі ваеннаслужачыя 15 краін, у т. л. Рэспублікі Беларусь, было правядзенне аперацый у зонах этнічных канфліктаў, садзейнічанне міратворчым сілам ААН і г.д. Гл. таксама Вучэнні.

Літ.:

Гареев М.А. Тактические учения и маневры: (Ист. очерк). М., 1977;

«Двина»: Войсковые маневры, проведенные на территории Белоруссии в марте 1970 г. М., 1970;

Краснознаменный Белорусский военный округ. 2 изд. М., 1983;

Солонец Г. «Щит мира-98» // Армия. 1998. № 5.

І.​Р.​Дзенісенка, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́ЎР (франц. manoeuvre),

1) арганізаванае і хуткае перамяшчэнне войскаў або флоту з мэтай стварэння найб. выгаднай групоўкі сваіх сіл і сродкаў для выканання баявой задачы. Буйныя тактычныя вучэнні войск або флоту (часам сумесныя) ва ўмовах, блізкіх да баявых, наз. манеўры.

2) Пераноснае — хітрасць, выкрутас, удалы прыём.

3) Перамяшчэнне лакаматываў і вагонаў па станцыйных пуцях для састаўлення цягнікоў, сарціроўкі вагонаў і г.д. 4) Змена напрамку руху (курса, арбіты) судна, самалёта, касм. лятальнага апарата.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЧЭ́ННІ (ваен.),

адзін з асн. спосабаў баявой падрыхтоўкі войск (авіяцыі, флоту), камандзіраў і штабоў аб’яднанняў, злучэнняў (часцей) розных відаў узбр. сіл, а таксама органаў тылу і спец. войск да вядзення ваен. дзеянняў. Праводзяцца з мэтай вырашэння розных задач на мясцовасці ва ўмовах, найб. набліжаных да баявых. Паводле маштабу бываюць тактычныя, аператыўныя і стратэгічныя; паводле формы правядзення — вайсковыя (авіяцыйныя, марскія), з баявой стральбой і без баявой стральбы, камандныя, камандна-штабныя, штабныя, тылавыя, доследныя, даследчыя і спецыяльныя; паводле арганізацыі — адна- і двухбаковыя, адна-, двух- і многаступенныя. Гл. таксама Манеўры.

т. 4, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІННАЎЗРЫЎНЫ́Я ЗАГАРО́ДЫ,

сістэма мінных палёў, адзіночных мін і загарод выбуховага рэчыва, якія размяшчаюцца на мясцовасці. Выкарыстоўваюцца з мэтай перашкоды праціўніку ў прасоўванні і манеўры (гл. Загароды). Па прызначэнні падзяляюцца на процітанк., проціпяхотныя, процідэсантныя, змешаныя, паводле спосабу прывядзення ў дзеянне — на кіроўныя і некіроўныя. Устанаўліваюць уручную, з дапамогай сродкаў механізацыі, у т. л. самалётаў, верталётаў, а таксама ракетамі і артылерыяй. На Беларусі пасля Вял. Айч. вайны выяўлена і абясшкоджана каля 27 млн. мін і інш. выбуховых рэчываў. У некат. раёнах размініраванне працягваецца.

Літ.:

Варенышев Б.В. Преодоление инженерных заграждений и препятствий. М., 1976.

С.​У.​Чарных.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕР [Clair; сапр. Шамет

(Chomette)] Рэнэ (11.11.1898, Парыж — 15.3.1981),

французскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Чл. Франц. Акадэміі (1960). У 1935—46 у Вялікабрытаніі і ЗША. Творчасць адметная арыгінальнасцю аўтарскага бачання, высокай культурай, цікавасцю да праблем сучаснага жыцця. Фільмы вылучаюцца камедыйна-іранічнай накіраванасцю з элементамі пародыі, сатыры, часам лірызму, звязаным з паэт. пераасэнсаваннем жыцця сац. нізоў: «Саламяны капялюшык» (1927; нямы фільм), «Пад дахамі Парыжа» (1930), «Апошні міліярдэр» (1934), «Прыгажосць д’ябла» (1949), «Вялікія манеўры» (1955), «Порт дэ Ліла» (1957, у сав. пракаце «На ўскраіне Парыжа»), «Усё золата свету» (1961), «Галантныя святы» (1965, у сав. пракаце «Святы кахання»). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў, п’есы «Дзіўнае стварэнне нябёс» (1971), зб. апавяданняў «Гульня выпадку» (1976).

т. 8, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ВІН (Сяргей Аляксеевіч) (19.8.1858, Масква — 26.10.1908),

рускі жывапісец-жанрыст. Брат К.А.Каровіна. Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1876—86, у В.Пярова), выкладаў у ім з 1888. Блізкі да перасоўнікаў. У творчасці развіваў традыцыі дэмакр. рэаліст. мастацтва. Творы пераважна сялянскай тэматыкі, вызначаліся псіхалагізмам і вастрынёй характарыстык вобразаў, адлюстроўвалі сац. працэсы парэформеннай вёскі («Перад пакараннем», 1884; «На людзях», 1893, і інш.). Звяртаўся да тэм жыцця рус. арміі («На манеўрах», 1885; «Кавалерысты ля калодзежа», 1887; «Манеўры Сумскага палка», 1880-я г.), вандроўнікаў-багамольцаў (творы 1890-х г.). Ілюстраваў творы А.​Пушкіна, М.​Гогаля і інш. Вучнямі К. былі В.Бялыніцкі-Біруля, С.Жукоўскі.

Літ.:

Суздалев П. С.​А.​Коровин. Л., 1967.

С.Каровін. На людзях. 1893.

т. 8, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «РУСКІ БАЛЕ́Т».

Створаны ў 1981 як Ансамбль Класічнага балета Маскоўскай абл. філармоніі; з 1984 наз. Ансамбль «Маскоўскі балет», з 1988 сучасная назва. Маст. кіраўнікі І.​Ціхамірнава (з 1981), В.Гардзееў (з 1984). У рэпертуары класічныя, у т. л. рус., балеты «Жызэль» А.​Адана, «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, «Дон Кіхот» і «Баядэрка» Л.​Мінкуса, карціны і фрагменты з балетаў «Пахіта» Э.​Дэльдэвеза, «Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера, «Эсмеральда» Ц.​Пуні, «Шчаўкунок» Чайкоўскага, «Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.​Гуно; 1-актовыя балеты «Нечаканыя манеўры, або Вяселле з генералам» на муз. Дж.​Расіні, «Тэатр Карабаса» на муз. І.​Штрауса, «Карціны, якія ажылі» на муз. І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля і В.​А.​Моцарта, а таксама канцэртныя нумары «Паганіні» на муз. Гендэля, «Мужчыны і жанчына» на муз. Г.​Свірыдава, «Мелодыя кахання» на нар. аргенцінскую музыку (усе ў паст. Гардзеева). Сярод салістаў: С.​Анкудзінаў, М.​Багданава, К.​Дурнеў, Я.​Казанцава, А.​Казлоў, І.​Лузганава, А.​Рабаў і інш.

т. 10, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬМАН ((Kálmán) Імрэ) (Эмерых; 24.10.1882, г. Шыяфак, Венгрыя — 30.10.1953),

венгерскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў і найб. відных прадстаўнікоў т.зв. новай венскай аперэты.

Вучыўся ў Акадэміі музыкі, адначасова вывучаў права ва ун-це ў Будапешце. З 1911 жыў у Вене, з 1938 у Швейцарыі, з 1940 у ЗША, з 1948 у Францыі. Лепшыя яго аперэты пастаўлены ў Вене: «Цыган прэм’ер» (1912), «Каралева чардаша» («Сільва», 1915) — адна з вяршынь творчасці К., «Баядэра» (1921), «Графіня Марыца» (1924), «Прынцэса цырка» і «Фіялка Манмартра» (1930), «Д’ябальскі наезнік» (1932; у розныя гады ўсе паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі). Ім уласцівы разгорнутая драматургія, вастрыня сюжэтных сітуацый, яркая запамінальная меладыйнасць, эфектная аркестроўка; у многіх з іх прыкметны ўплыў вербункаша. Сярод інш. твораў: аперэты «Асеннія манеўры» (1908), «Салдат у адпачынку» (1910), «Маленькі кароль» (1912), «Залаты світанак» (1927), «Імператрыца Жазефіна» (1936), «Марынка» (1945); сімф. паэма «Сатурналіі» (1904); інстр. п’есы; рамансы; музыка для т-ра і кіно. Аўтар мемуараў.

Літ.:

Имре Кальман: Сб. статей и воспоминаний: Пер. с нем. М., 1980.

І.Кальман.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)