МАЙН (Main),

рака ў Германіі, правы прыток р. Рэйн. Даўж. 524 км, пл. бас. 27,2 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Ротэр-М. і Вейсер-М., якія пачынаюцца адпаведна на схілах Франконскага Альба і ў гарах Фіхтэль. Цячэ па сярэднягор’ях і ўзгорыстых раўнінах паўд. ч. краіны. Найб. воднасць зімой і на пачатку вясны, летам — асобныя дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады ў вусці 170 м​3/с. Суднаходная на 400 км ад вусця. Басейн М. злучаны Людвігс-каналам з сістэмай водных шляхоў Дуная. Даліна М. густа заселена. На М. — гарады Вюрцбург, Франкфуртна-Майне.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙН РЫД (Mayne Reid) Томас, гл. Рыд Томас Майн.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ФЕНБАХ (Offenbach),

горад на З Германіі, зямля Гесен. Фактычна зліўся з г. Франкфурт-на-Майне. Засн. ў 10 ст. Каля 120 тыс. ж. (1999). Трансп. вузел. Порт на р. Майн. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. аўтамабіле- і трактарабудаванне; гарбарна-абутковая, хім., ювелірная. Міжнар. кірмаш скураных тавараў і музей. Цэнтр службы надвор’я Германіі.

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЮ́РЦБУРГ (Würzburg),

горад у цэнтр. частцы ФРГ, зямля Баварыя. 128,9 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Майн. Машынабудаванне (у т. л. вагонабудаванне, вытв-сць друкарскіх машын, эл.-тэхн. вырабаў); хім., харч., паліграф, прам-сць. Цэнтр вінаградарства і вінаробства. Ун-т (з 1582). Музеі. Арх. помнікі 8—18 ст., у т. л. будынак епіскапскай рэзідэнцыі (1719—53), які ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 4, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́ВЫ, свебы (лац. Suevi, Suebi),

зборная назва шэрагу стараж.-герм. плямён (семноны, гермундуры, квады і інш.), якія займалі ў 1 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. басейны рэк Эльба, Майн, Некар, верхні Рэйн. Упершыню апісаны Ю.​Цэзарам, які ў 58 да н.э. нанёс паражэнне С. пад кіраўніцтвам герм. правадыра Арыявіста. У 409 н.э. С. з Верхняга Дуная перасяліліся на Пірэнейскі п-аў, дзе стварылі сваё каралеўства (у 585 заваявана вестготамі).

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКАМА́НЫ (лац. Marcomanni жыхары маркі),

адно з плямён стараж. германцаў, што насялялі даліну р. Майн. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 58 да н.э. (згадваюцца ў войску Арыявіста). У 9—8 да н.э. выцеснены рымлянамі на тэр. сучаснай Чэхіі. У 1 ст. н.э. разам з роднаснымі ім квадамі прасунуліся на землі паміж верхнім цячэннем Эльбы і Дунаем. Адсюль яны рабілі набегі ў Паўн. Італію, што прывяло да Маркаманскай вайны 166—180 з рымлянамі. З 4 ст. ўдзельнічалі ў Вялікім перасяленні народаў. У 5 ст. аселі пераважна на тэр. Баварыі (гл. Бавары).

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ДЫР,

рака на крайнім ПнУ Сібіры, у Чукоцкай аўт. акрузе Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1150 км, пл. бас. 191 тыс. км. Пачынаецца на Анадырскім пласкагор’і, упадае ў Анадырскі заліў Берынгава м. У вярхоўях мае горны характар, вузкую даліну. На Анадырскай нізіне рэчышча расчляняецца на сетку рукавоў і пратокаў. Асн. прытокі: Майн (справа), Белая, Танюрэр (злева). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 1680 м³/с. Ледастаў з кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. У бас. Анадыра больш за 23,5 тыс. азёраў агульнай пл. 3231 км². У ніжнім цячэнні — рыбалоўства. Суднаходная ад с. Маркава (570 км).

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКІ МІР 1866,

мірны дагавор паміж Аўстрыяй і Прусіяй, які завяршыў аўстра-прускую вайну 1866. Падпісаны 23 жн. ў занятай прускімі войскамі Празе. П.м. пацвердзіў асн. ўмовы папярэдняга Нікальсбургскага дагавора (26.7.1866). Аўстрыя прызнавала роспуск Герм. саюза, пагаджалася на «новае ўпарадкаванне Германіі» без удзелу Аўстрыі, абяцала прызнаць новы саюз на Пн ад р. Майн на чале з Прусіяй, а таксама будучыя анексіі Прусіі на Пн Германіі; адмаўлялася на карысць Прусіі ад сваіх правоў на Шлезвіг і Гольштэйн, прызнавала перадачу Венецыянскай вобл. Італіі, выплачвала Прусіі кантрыбуцыю ў 20 млн. прускіх талераў. Прусія заняла пануючае становішча сярод герм. дзяржаў.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1866,

вайна Прусіі супраць Аўстрыі за аб’яднанне палітычна раздробленай Германіі і панаванне ў ёй прускага юнкерства. Зачэпкай да вайны стала спрэчка з-за зямлі Шлезвіг-Гольштэйн, заваяванай Аўстрыяй і Прусіяй у вайне супраць Даніі. Прусія заручылася нейтралітэтам Францыі і Расіі, заключыла ваен. саюз з Італіяй, і 16 чэрв. яе войскі ўварваліся ў Гесен, Гановер і Саксонію. Пасля паражэння Аўстрыі каля Садавы 23 жн. ў Празе падпісаны мірны дагавор, паводле якога зямля Шлезвіг-Гольштэйн адышла да Прусіі. Прусія, атрымаўшы права стварыць саюз герм. дзяржаў на Пн ад р. Майн, у вер. 1866 захапіла Гановер, Гесен-Касель, Насаў і Франкфурт-на-Майне. У 1867 яна арганізавала Паўн.-герм. саюз (19 ням. дзяржаў і вольныя гарады Брэмен, Гамбург і Любек). Герм. дзяржавы, размешчаныя на Пд ад Майна, падпісалі з Прусіяй сакрэтныя ваен. пагадненні.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫД ((Reid) Томас Майн) (4.4.1818, Баліроні, Ірландыя — 22.10.1883),

англійскі пісьменнік. З 1838 жыў у ЗША, займаўся журналістыкай. У 1849 вярнуўся ў Еўропу. Першы раман «Вольныя стралкі» (т. 1—2, 1850) пра нац.-вызв. рух у Мексіцы. Аўтар авантурна-прыгодніцкіх раманаў «Белы правадыр» (т. 1—3, 1855), «Квартэронка» (т. 1—3, 1856), «Ацэола, правадыр семінолаў» (1858), «Коннік без галавы» (т. 1—2, 1866, экранізаваны 1972), «Смяротны стрэл» (т. 1—3, 1873) і інш., у якіх жыццё, побыт і норавы амер. Поўдня, трагічны лёс амер. індзейцаў і неграў. У трылогіі «У нетрах Паўднёвай Афрыкі, або Прыгоды бура і яго сям’і» (1856), «Юныя паляўнічыя» (1857), «Паляўнічыя на жырафаў» (т. 1—3, 1867), дылогіі «Паляўнічыя на расліны» (1857) і «Паўзуны па скалах» (1864) адлюстравана прырода экзатычных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Яго творы прасякнуты гуманіст. пафасам, непрыманнем расізму і сац. ўціску, адметныя рэзкім размежаваннем персанажаў на герояў і антыгерояў, спалучэннем рамант. тэндэнцый з рэаліст., з дакументальнасцю і выразным дэтэктыўным элементам.

Тв.:

Бел. пер. — Коннік без галавы. Мн., 1996;

Рус. пер. — Соч. Т. 1—6. М., 1956—58;

Собр. соч. Т. 1—12. Мн., 1991.

Е.​А.​Лявонава.

Т.М.Рыд.

т. 13, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)