Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛЬЦЫ́М (ад грэч. analkis слабы),
пародаўтваральны мінерал падкласа каркасных сілікатаў (група цэалітаў), Na2[AlSi2O6]2∙2H2O. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, зярністыя масы, друзы, жэоды і інш. Бясколерны ці белы, шэры, зеленаваты, ружовы. Празрысты да амаль непразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6; крохкі. Шчыльн. 2,2—2,3 г/см³. Па паходжанні гідратэрмальны, радзей магматычны, таксама аўтыгенны мінерал у азёрных адкладах, гліністых сланцах, пясчаніках. На Беларусі выяўлены ў значнай колькасці (да 20—30%) у пародах верхняга пратэразою, як акцэсорны мінерал — у адкладах дэвону, карбону і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГЕНЕ́ЗІС МІНЕРА́ЛАЎ,
заканамернае сумеснае размяшчэнне ў зямной кары мінералаў, звязаных агульнымі ўмовамі ўтварэння (магматычны расплаў, гідратэрмальная сістэма, басейн седыментацыі і інш.). Вызначальнымі фактарамі П.м. з’яўляюцца хімізм асяроддзя, гісторыя яго геал. развіцця і тэрмадынамічныя ўмовы мінералаўтварэння. Вылучаюць тыповы П.м. (напр., сумеснае размяшчэнне мускавіту, турмаліну, берылу ў гранітных пегматытах) і нетыповы (алівін і кварц у вывергнутых пародах). З П.м. цесна звязаны парагенезіс элементаў (напр., хром Cr, нікель Ni, плаціна Pt звязаны з асноўнымі горнымі пародамі). Вывучэнне П.м. мае вял. значэнне пры пошуках і ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ГЕ́ЙЗЕРЫ (Great Geysers),
геатэрмальнае радовішча ў ЗША, штат Каліфорнія, на Пн ад г. Сан-Францыска, у Даліне Вялікіх Гейзераў, найб. ў свеце. Пл. 55 км². Крыніцай цяпла радовішча лічаць магматычны ачаг (або сістэму ачагоў) плейстацэнавага ўзросту на глыб. 5—8 км. Разведка радовішча з 1921. Прагнозныя запасы пары ў разведанай частцы могуць забяспечыць работу электрастанцый магутнасцю больш за 1000 МВт. Глыб. свідравін у асн. 1500—1800 м, паравая фаза існуе да глыб. 2000—3000 м. Т-ра пары 200—260 °C. У 1960 пабудавана першая гідратэрмальная цеплаэлектрастанцыя (ГеаЦЭС) магутнасцю 12,5 МВт. Агульная магутнасць электрастанцый на радовішчы больш за 900 МВт (1981).