Ліяны 6/246, 415—416

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯ́НЫ (франц. lianes ад lier звязваць),

група травяністых і дрэвавых раслін, якія не здольны самастойна захоўваць вертыкальнае становішча сцябла і выкарыстоўваюць у якасці апоры інш. расліны, скалы, пабудовы. Больш за 2 тыс. відаў, пашыраны пераважна ў трапічных лясах. Л. ўзнімаюцца да святла, абвіваюць інш. расліны або падпоры, чапляюцца за іх вусікамі, кручкападобнымі валаскамі. Пераважна кветкавыя расліны. Адрозніваюць Л. лазячыя і павойныя. Да культ. Л. адносяцца вінаград, хмель, некат. віды бабовых (напр., гарох); дэкар. — розныя віды дзявочага вінаграду, павойніку, фасолі, некат. віды аспарагуса, сапр. язмін і інш.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВО́ЙНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

гл. ў арт Ліяны.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ВАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

шматгадовыя расліны з адраўнелымі сцябламі. У залежнасці ад характару і ступені адраўнення падзяляюцца на дрэвы, кусты, кусцікі, паўкусты, паўкусцікі, ліяны. На Беларусі больш за 100 дзікарослых і каля 1500 інтрадукаваных відаў.

т. 6, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЮ́ЧКІ ў раслін,

цвёрдыя востраканцовыя ўтварэнні ў выніку метамарфозы парастка (у глогу, цёрну), ліста (у барбарысу, кактусаў), прылісткаў, чаранка (у акацыі, сукулентных малачаяў), зрэдку кораня (у некат. лазячых пальмаў). Характэрны для раслін сухіх і гарачых абласцей, сустракаюцца таксама і ў раслін інш. кліматычных зон (ліяны). Біял. значэнне К. — ахова раслін ад жывёл, памяншэнне выпарэння вады.

т. 7, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВО́ЙНІК (Periploca),

род кустоў сям. ластаўневых. Вядома каля 15 відаў, пашыраны ў Міжземнамор’і, трапічнай Афрыцы, ва ўмераных і субтрапічных паясах Азіі; на Каўказе расце абвойнік грэчаскі (P. graeca), на Д.Усходзе абвойнік тынавы (P. sepium).

Ліяны выш. да 12 м. Кветкі буйныя, да 3 см у дыяметры, зеленавата-бурыя, з цяжкім пахам. Плады — лістоўкі са шматлікім плоскім насеннем. Вырошчваюць як лек. і дэкар. расліны.

Абвойнік грэчаскі.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМО́ННІК (Schizandra),

род кветкавых раслін сям. лімоннікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. і Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны Л. кітайскі (S. chinensis).

Лістападныя ліяны даўж. да 15 м. Лісце простае, эліпсоіднае, пры расціранні мае пах лімона (адсюль назва). Кветкі звычайна аднаполыя, духмяныя. Плод — сакаўная шматлістоўка ў выглядзе гронкі з ягадападобных 1—2-насенных плодзікаў, ядомы. Мае ў сабе арган. к-ты, вітаміны, цукар, эфірны алей. Дэкар., лек. і пладовыя расліны.

У.П.Пярэднеў.

Лімоннік.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НСТЭРА (Monstera),

род кветкавых раслін сям. ароідных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў трапічнай Амерыцы. У аранжарэях і пакоях вырошчваюць пераважна М. далікатэсную (M. deliciosa) з ядомымі пладамі са смакам ананаса.

Вечназялёныя расліны, кусты са звісаючымі паветранымі каранямі, ліяны, якія лазяць з дапамогай прыдаткавых каранёў (часта страчваюць сувязь з глебай і жывуць як эпіфіты).

Лісце буйное, скурыстае, перыстарассечанае, чаранок доўгі. Кветкі дробныя, двухполыя, сабраныя ў катах, абкружаны яйцападобным пакрывалам. Плод — ягада. Дэкар. расліны.

Монстэра далікатэсная.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІМО́ЗА (Mimosa),

род кветкавых раслін сям. бабовых. 400—500 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, некат. віды — у Афрыцы і Азіі. На Беларусі — у аранжарэях.

Шматгадовыя травы, кусты (часам ліяны), дрэвы, часта з калючкамі. Лісце двойчыперыстае. У некат. відаў (напр., вечназялёнага кусціка М. сарамлівай (M. pudica)] лісце здольнае да рухаў (настый). пры дакрананні ці наступленні цемнаты складваецца і апускаецца. Кветкі дробныя, у галоўчатых або коласападобных суквеццях. Плод — боб, пры выспяванні распадаецца на членікі. М. няправільна называюць акацыю серабрыстую.

Мімоза сарамлівая.

т. 10, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯВО́ЧЫ ВІНАГРА́Д (Parthenocissus),

род кветкавых раслін сям. вінаградавых. 15 відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах Паўн. Амерыкі, ва Усх. Азіі і на Гімалаях. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды: Дз.в. пяцілісточкавы (P. quinquefolia), прымацаваны (P. inserta), трохвостраны (P. tricuspidata).

Дрэвавыя лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя ліяны з лазячымі сцябламі. Лісце зубчастае, цёмна-зялёнае, на доўгіх чаранках, увосень набывае пурпуровы колер. Кветкі дробныя, зеленаватыя, двухполыя або толькі мужчынскія, з недаразвітай завяззю, сабраныя ў паўпарасонікі ці шчыткі. Плод — дробная шарападобная цёмна-шызая ягада. Дэкар. расліны. Размнажаюцца атожылкамі, чаранкамі, насеннем.

Г.У.Вынаеў.

Дзявочы вінаград восенню.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)