Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́ЎКА,
сухі шматнасенны плод, утвораны з аднаго пладалісціка. Раскрываецца па шве, уздоўж якога прымацавана насенне. Нагадвае складзены ў дзве столкі лісцік (адсюль назва). Характэрна для магноліевых (магнолія), казяльцовых (боцікі, ворлікі, лотаць, рагулькі), некат. ружакветных і інш. Часцей сустракаецца шматлістоўка (вял. колькасць Л. размешчана спіральна на восі кветкі). З Л. ўтварыліся інш. тыпы пладоў: пры памяншэнні колькасці насення да аднаго — арэшак, пры змене спосабу раскрыцця — боб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́ЎКА,
від літаратуры і сродак масавай інфармацыі, актуальны паводле зместу і аператыўны ў распаўсюджванні. Выдаецца эпізадычна з мэтай агітацыйна-паліт., ідэалаг.-выхаваўчага і інфарм.-арыентацыйнага ўплыву на шырокія слаі грамадства, адлюстравання актуальных падзей і з’яў свайго часу. Выконваецца ў выглядзе друкаванага або рукапіснага тэксту на аркушах паперы пераважна малых памераў. Тэкст можа быць арыгінальны (адозвы, аб’явы) ці запазычаны з інш. крыніц (афіц. дакументы, маст. творы).
Л. — адна з форм масавай рэв. прапаганды. Папярэднікі рэв. Л. — рукапісныя пісьмы і граматы з заклікамі да паўстанняў. Л. выпускалі Вольная рус. друкарня ў Лондане, народніцкія арг-цыі, першыя рабочыя гурткі, Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». На Беларусі рукапісныя Л. вядомы з 17 ст. У форме зваротаў выдаваліся ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, у вайну 1812, у час паўстання 1863—64; у выглядзе Л. друкавалася газ. «Мужыцкая праўда». Шырока выкарыстоўваліся Л. ў час рэв. 1905—07, Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый 1917, герм. і польск. акупацыі ў 1918—20. У Вял.Айч. вайну Л. на тэр. Беларусі выдавалі і распаўсюджвалі партызаны, падпольшчыкі, парт.-дзярж структуры з-за лініі фронту. Герм.акупац. ўлады і прадстаўнікі калабарацыі выдавалі антысав. Л. на бел., рус., польск. і ням. мовах.
Л. — важны сродак масавай інфармацыі і цяпер. Яны выкарыстоўваюцца паліт. партыямі і рухамі Беларусі ў час выбарчых кампаній і падрыхтоўкі рэферэндумаў, у рэкламных мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫРАПЛО́ДНІК (Physocarpus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукавана 8 відаў. Найб. вядомы П. каліналісты (Ph. opulifolius).
Лістападныя кусты выш. да 4 м з густой кронай. Лісце 3—5-лопасцевае. Кветкі белыя або ружовыя ў шчытках. Плод — складаная лістоўка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШАНЕ́Ц, ватачнік (Asclepias),
род кветкавых раслін сям. ластаўневых. Больш за 120 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы, некат. — у Афрыцы. На Беларусі 1 заносны від — П. сірыйскі, або эскулапава трава (A. syriaca). Трапляецца на берагавых схілах, у зарасніках, каля жылля. Як дэкар. расліну культывуюць П. мяса-чырвоны (A. incarnata).
Шматгадовыя пераважна травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя. Лісце чаранковае, суцэльнае, супраціўнае. Кветкі двухполыя ў парасоніках. Плод — лістоўка. У культуры вырошчваюць П. сірыйскі (насенне мае каля 20% тэхн. алею, лісце — горкія гліказіды, засухаўстойлівы меданос). Лек., алейныя, тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРВЕ́НАК (Vinca),
род кветкавых раслін сям. кутровых. 7 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 1 здзічэлы — барвенак малы (Vinca minor), які расце на старых могілках, у садах і парках, і 2 інтрадукаваныя віды — барвенак травяністы (Vinca herbaces) і барвенак вялікі (Vinca major).
Невялікія шматгадовазялёныя ці лістападныя травяністыя расліны і паўкусты з ляжачымі або прыўзнятымі сцёбламі даўж. да 1 м, якія лёгка ўкараняюцца. Лісце супраціўнае, эліпсоіднае або яйцападобнае, на кароткіх чаранках. Кветкі сінія, фіялетавыя, ружовыя або белыя, адзіночныя ў пазухах лісця. Плод — 2-цыліндрычная шматнасенная лістоўка. Дэкар., лек. (гіпатэнзіўны і вяжучы сродак) і ядавітыя (маюць алкалоіды вінкамін, пубесцын, мінарын) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛОДу раслін,
орган размнажэння кветкавых (пакрытанасенных) раслін, што развіваецца з кветкі і мае насенне. Функцыя П. — фарміраванне, ахова і распаўсюджванне насення. Марфал. аснова П. — завязь (завязі), але часта ва ўтварэнні П. прымаюць удзел і інш.ч. кветкі: калякветнік, кветаложа (суніцы), кветкавыя лускавінкі (злакі) і інш. Структурныя адзнакі П. звязаны пераважна са спосабам рассейвання насення. Адрозніваюць П. сухія і сакавітыя, шматнасенныя і аднанасенныя. Сухія шматнасенныя, што раскрываюцца — каробачка, лістоўка, стручок, боб; што распадаюцца — віслаплоднік, двухкрылатка, членісты стручок; сухія аднанасенныя — жолуд, зярняўка, сямянка, арэх. Сакавітыя шматнасенныя — яблык, ягада, аднанасенныя — касцянка. Эканам. значэнне П. вельмі вял.: з іх атрымліваюць алей, крухмал, сыравіну для тэкст. прам-сці, гатуюць лек. прэпараты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́МАЎ (сапр.Ліповіч) Марк Давыдавіч
(27.12.1918, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1986),
расійскі паэт. Скончыў Кіеўскі пед.ін-т (1940). Удзельнік партыз. руху на тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Асн. тэмы паэт. зб-каў «Спадчына» (1946), «Равеснікі» (1947), «Праз дзесяць гадоў» (1956), «Салдат» (1959), «Незапатрабаванае каханне» (1967), «Бясстрашныя» (1968), «Лірыка» (1976) і інш. — братэрства народаў, героіка падполля і партыз. барацьбы, пераемнасць пакаленняў. Аўтар п’есы «Ніколі не забудзем» («Назаўсёды», паст. 1954), сцэнарыя фільма «Асабіста вядомы» (1958). На бел. тэматыку напісаў паэмы «Блакітныя агні», «У краі маўклівасці», раздзел з аповесці «Грышынцы», вершы («Курган Бессмяротнасці», «Маці», «Ноч перад расстрэлам», «Балада пра палаючае сэрца», «Лістоўка», «З партызанскага дзённіка», «Радзіма», «Балада пра маўклівасць», «Бярозка» і інш.). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі К.Жук, М.Калачынскі, Г.Кляўко, Я.Семяжон.