род кветкавых раслін сям. ластаўневых. Больш за 120 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы, некат. — у Афрыцы. На Беларусі 1 заносны від — П. сірыйскі, або эскулапава трава (A. syriaca). Трапляецца на берагавых схілах, у зарасніках, каля жылля. Як дэкар. расліну культывуюць П. мяса-чырвоны (A. incarnata).
Шматгадовыя пераважна травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя. Лісце чаранковае, суцэльнае, супраціўнае. Кветкі двухполыя ў парасоніках. Плод — лістоўка. У культуры вырошчваюць П. сірыйскі (насенне мае каля 20% тэхн. алею, лісце — горкія гліказіды, засухаўстойлівы меданос). Лек., алейныя, тэхн., дэкар. расліны.