СТЭРКУ́ЛІЯ (Sterculia),

род кветкавых раслін сям. стэркуліевых. Каля 100 (паводле інш. звестак каля 300) відаў. Пашыраны ў тропіках, пераважна Азіі і Афрыкі. Як дэкар. расліну культывуюць С. платаналістую (S. platanifolia).

Вечназялёныя лістападныя дрэвы выш. да 30 м. Лісце чаргаванае, простае ці складанае. Кветкі часта з непрыемным пахам, дробныя, часам буйныя, зеленаватыя, ярка-чырв., у мяцёлчатых суквеццях. Плод — лістоўка. Драўніну С. платаналістай выкарыстоўваюць для вырабу паперы, насенне — сурагат кавы. У многіх відаў насенне і маладыя карані ядомыя, са сцёблаў атрымліваюць камедзі, валокны для вяровак і інш. Лек., харч., тэхн., кармавыя, дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

т. 15, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)