АЗАЎСКІ́Т

(ад назвы Азоўскага мора),

мінерал. Агрэгаты шчыльныя, уключэнні, лускавінкі, сеткаватыя пражылкі. Колер цёмна-буры. Бляск смалісты. Цв. 4. Крохкі. Лёгка раствараецца ў салянай і азотнай кіслотах.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕНЕБЯСПЕ́ЧНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

рэчывы, якія лёгка загараюцца пры кароткатэрміновым уздзеянні крыніцы запальвання з нізкай энергіяй (напр., полымя запалкі, іскра). Да вогненебяспечных рэчываў адносяць выбуховыя рэчывы, цэлулоід, сухую драўняную стружку, усе лёгкія на загаранне вадкасці, полістырол, каўчукі і інш. палімеры (гл. таксама Самаўзгаранне).

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ДКІЯ КАЎЧУКІ́,

нізкамалекулярныя лінейныя палімеры, пры ацвярджэнні (вулканізацыі) якіх утвараюцца гумападобныя матэрыялы.

Вязкія вадкасці, малекулярная маса (0,5—10)·10​3. Найб. пашыраныя тыпы: вуглевадародныя, крэмнійарганічныя, полісульфідныя, урэтанавыя. Лёгка перапрацоўваюцца ў гумавыя вырабы метадам свабоднага ліцця. Выкарыстоўваюць таксама як аснову кляёў, герметыкаў, штучнага пакосту, пластыфікатараў.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСІДЫЯ́Н

(ад лац. Obsidianus lapis) камень Абсідыя),

прыроднае вулканічнае шкло чорнага, цёмна-шэрага, карычневага, чырвонага колераў, з рэжучым сколам. Бляск шкляны. Цв. 5. Шчыльн. 2500—2600 кг/м³. Лёгка паліруецца. Утвараецца пры хуткім ахалоджванні вязкай кіслай лавы. Выкарыстоўваецца як напаўняльнік лёгкіх бетонаў і вырабны камень.

Абсідыян.

т. 1, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНІ́ЛАВЫЯ ЭФІ́РЫ,

ненасычаныя эфіры, простыя CH2=CHOR і складаныя CH2==CH—OCOR (R — алкіл ці арыл). Бясколерныя вадкасці, добра раствараюцца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе. Хімічна актыўныя злучэнні, лёгка далучаюць галагены, галагенавадароды і інш. Атрымліваюць узаемадзеяннем ацэтылену са спіртамі і карбонавымі кіслотамі. Выкарыстоўваюцца як манамеры ў вытв-сці палімераў (напр., полівінілацэтат) і супалімераў.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСУЛЬФІ́ТЫ,

бісульфіты, гідрагенсульфіты, кіслыя солі сярністай кіслаты. У цвёрдым стане вылучаны толькі гідрасульфіты шчолачных металаў і амонію (напр., гідрасульфіты калію KHSO3, натрыю NaHSO3). Добра раствараюцца ў вадзе. Аднаўляльнікі, лёгка акісляюцца кіслародам паветра, раскладаюцца к-тамі з вылучэннем дыаксіду серы. Гідрасульфіты натрыю выкарыстоўваюць для адбельвання тканін, прыродных валокнаў, гідрасульфіты кальцыю — для атрымання цэлюлозы з драўніны (кампанент сульфітнага шчолаку).

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯРЭХАЛАКА́ЦЫЯ

(ад бія... + рэха + лакацыя),

выпрамяненне і ўспрыманне жывёламі высокачастотных гукавых сігналаў з мэтай выяўлення аб’ектаў (здабыча, перашкода і інш.) у прасторы, а таксама атрымання інфармацыі аб іх уласцівасцях і памерах; адзін са спосабаў арыентацыі жывёл. Развіта ў лятучых мышэй, дэльфінаў, некаторых птушак, землярыек і інш. Дзякуючы біярэхалакацыі кіты, напр., лёгка шукаюць згуртаванні планктону, дэльфіны лацыруюць чароды рыб на адлегласці да 3 км.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНІЛАЦЭТЫЛЕ́Н,

ненасычаны вуглевадарод, H2C==CH—C≡CH. Бясколерны газ, tкіп 5 °C, шчыльн. 709,5 кг/м³ (0 °C), добра раствараецца ў бензоле і інш. арган, растваральніках. Мае выключную хім. актыўнасць: лёгка акісляецца, здольны да рэакцый далучэння, замяшчэння, полімерызацыі. У прам-сці атрымліваюць дымерызацыяй ацэтылену ў прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці хларапрэну. Раздражняе слізістыя абалонкі, аказвае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 20 мг/м³.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМУ́ЧАЯ РТУЦЬ, фульмінат ртуці,

ртутная соль грымучай кіслаты, Hg(CNO)2; ініцыіруючае выбуховае рэчыва. Бясколерны ці шэры крышт. парашок. Нерастваральны ў вадзе. Шчыльн. монакрышталёў 4420 кг/м³. Лёгка ўзрываецца ад удару, трэння і інш. мех. і цеплавых уздзеянняў. Пры т-ры 179—180 °C самазагараецца з выбухам (цеплата выбуху 1,8 Мдж/кг). Захоўваюць пад слоем вады (вільготная менш небяспечная). Выкарыстоўваюць у капсулях-дэтанатарах.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАХІДО́НАВАЯ КІСЛАТА́,

вітамін FCH3(CH2)4 (CH=CHCH2)4 (CH2)2 CO-OH, ненасычаная вышэйшая кіслата. Прысутнічае ў раслінных алеях, у складзе ліпідаў жывёльных тканак (у фосфаліпідах наднырачнікаў каля 20% ад тлустых к-т). Бясколерная, масляністая вадкасць; малекулярная маса 304,46; tпл 49,5 °C; лёгка акісляецца кіслародам паветра. Належыць да незаменных карбонавых тлустых к-т. Разам з гома-γ-ліналенавай к-той з’яўляецца першаснай крыніцай простагландзінаў.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)