ВА́СЕРМАН ((Wassermann) Якаб) (10.3.1873, г. Фюрт, Германія — 1.1.1934),
нямецкі і аўстрыйскі пісьменнік. У сярэдзіне 1880-х г. супрацоўнічаў з час. «Simplicissimus» («Сімпліцысімус»). Набыў вядомасць як аўтар раманаў «Габрэі з Цырндорфа» (1897), «Молах» (1903), «Чалавечак з гусямі» (1915), «Этцэль Андэргаст» (1931) і асабліва «Каспар Гаўзер, або Лянота сэрца» (1908) і «Справа Маўрыцыуса» (1928), у цэнтры якіх — герой-самотнік, шукальнік праўды, які супрацьстаіць варожаму свету. У творах Васермана поўнае напружання дзеянне спалучаецца з псіхал. рэалізмам, узмоцненым псіхааналізам, маралістычнай крытыкай грамадства і яго інстытутаў (уплыў Ф.М.Дастаеўскага). Аўтар сатыр. п’есы «Камедыя хлусні» (1898), кн. «Дух пілігрыма» (1923).
Тв.:
Gesammelte Werke. Bd. 1—7. Zürich, 1944—48;
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—5. М., 1912—13;
Золото Кахамарки. М., 1956;
Каспар Хаузер, или Леность сердца. М., 1990.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 4, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРТО́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ,
разнавіднасць пазаабрадавай сац.-бытавой лірыкі вуснай нар. творчасці. У іх высмейваюцца адмоўныя з’явы ў сямейна-бытавым і грамадскім жыцці (лянота, нядбайнасць, прагнасць, п’янства, нявернасць, несумленнасць і інш.). Гал. персанажы — муж і жонка, дзед і баба, хлопец і дзяўчына. Ж.п. малююць канкрэтныя тыпы, падкрэсліваючы і перабольшваючы іх заганы, надаюць ім абагульненасць. Нярэдка ў песнях гучыць аўтаіронія, што сведчыць пра духоўнае здароўе народа (напр., песня «Чаму ж мне не пець»), Характарыстыка героя ўспрымаецца не як публічнае самавыкрыццё, што мяжуе з самапрыніжэннем, а як усведамленне правільнасці нар. ідэалу. Высмейванне адмоўных якасцей ставіла адну мэту — сцвердзіць дабро. Асобную групу складаюць т.зв. песні-небыліцы або небывальшчыны. У дзіцячым рэпертуары пашыраны Ж.п. алегарычнага зместу, іх персанажы — звяры, птушкі, насякомыя. Часам яны дыдактычныя. Шмат песень жартоўнага характару ў каляндарнай і сямейна-абрадавай паэзіі, але іх не вылучаюць у асобныя жанравыя групы.
Публ.: Жартоўныя песні. Мн., 1974.
Літ.:
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 63—68;
Фядосік А.С. Трапным народным словам. Мн., 1971. С. 150—169;
Беларуская народнапаэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 367—375.
І.К.Цішчанка.
т. 6, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)