ПЯЧЫ́НСКАЯ (Тамара Сяргееўна) (н. 6.8.1949, г.п. Руская Паляна Омскай вобл., Расія),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Уральскую кансерваторыю (1973, Свярдлоўск). У 1976—78 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. З 1980 салістка Бел. тэлебачання і радыё, адначасова з 1991 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае прыгожым аксамітным голасам шырокага дыяпазону. Сярод партый: Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Любка («Сівая легенда» Дз.​Смольскага). Першая выканальніца вакальных цыклаў бел. кампазітараў Смольскага, Я.​Глебава, В.​Іванова, В.​Сярых, А.​Хадоскі, А.​Клеванца.

т. 13, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ДАРАВА (Глафіра Пятроўна) (н. 2.12.1922),

расійская актрыса. Нар. арт. Комі (1949). Засл. арт. Расіі (1967). Нар. арт. СССР (1980). Скончыла Комі-студыю Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (1942). З 1942 у Комі рэсп. драм. т-ры імя В.​А.​Савіна (г. Сыктыўкар). Актрыса шырокага дыяпазону з яркім тэмпераментам і вял. унутранай сілай. Сярод роляў: Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Кабаніха («Навальніца» А.​Астроўскага), Квашня («На дне» М.​Горкага), Лушка («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Любка Шаўцова («Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева) і інш.

т. 14, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСРАШВІ́ЛІ (Маквала Філімонаўна) (н. 13.3.1942, г. Кутаісі, Грузія),

грузінская і расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. Расіі (1975), нар. арт. Грузіі (1980), нар. арт. СССР (1986). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1966). З 1966 салістка Вял. т-ра. Валодае моцным рухомым голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Таццяна, Ліза, Іаланта («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні), Дэздэмона, Леанора, Амелія («Атэла», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Наташа Растова, Любка, Паліна («Вайна і мір», «Сямён Катко», «Гулец» С.​Пракоф’ева), Тамар («Выкраданне месяца» А.​Тактакішвілі). У камерным рэпертуары рамансы С.​Рахманінава, Чайкоўскага, М. дэ Фалья. 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў (Манрэаль, 1973). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЕВА (Наталля Аляксандраўна) (н. 27.5.1951, г. Самара, Расія),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1994). Нар. арт. Беларусі (1999). Скончыла Бел. кансерваторыю (1981). З 1972 артыстка хору, з 1981 салістка Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае моцным голасам, яркім драм. талентам. Першая выканаўца гал. партый у операх бел. кампазітараў: Квета («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі), Ганна («Новая зямля» Ю.​Семянякі), Клара Цаханасян («Візіт дамы» С.​Картэса), а таксама Мадалена («Мадалена» С.​Пракоф’ева). Сярод інш. партый: Любка («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Любаша, Лель, Вясна («Царская нявеста», «Снягурка» М.​Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Паліна, Графіня, Вольга, няня («Пікавая дама», «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Элен Бязухава, Соня, Ахросімава («Вайна і мір» Пракоф’ева), Амнерыс, Эбалі, Ульрыка, Азучэна, Мадалена, Фенена («Аіда», «Дон Карлас», «Баль-маскарад», «Трубадур», «Рыгалета», «Набука» Дж.​Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні) і інш.

Н.Руднева ў ролі прынцэсы Эбалі.

т. 13, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНКО́ВІЧ (Алена Васілеўна) (н. 30.9.1923, в. Лысая Гара Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.​Купалы (1948). З 1948 праце ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца драм. і характарных роляў. Творчасць адметная тонкім пранікненнем у сутнасць вобраза, мяккім гумарам і лірызмам. Шэраг яркіх роляў сыграла ў бел. рэпертуары: Агата («Паўлінка» Я.​Купалы), Мякішава («Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Наташа, Лідзія Сямёнаўна, Клава («Выбачайце, калі ласка!», «Таблетку пад язык», «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Марыя Фадзееўна («І змоўклі птушкі...» І.​Шамякіна), Аня («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Марфа («Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава), Маці («Парог» А.​Дударава). Сярод роляў у класічнай і сучаснай драматургіі: Ганна Паўлаўна, Глафіра Фірсаўна, Людміла («Даходнае месца», «Апошняя ахвяра», «Позняе каханне» А.​Астроўскага), Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага), Любка Шаўцова («Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева), графіня Русільёнская («Канец — справе вянец» У.​Шэкспіра).

Г.​Г.​Коваль.

т. 13, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛА́ШКІНА (Тамара Андрэеўна) (н. 13.9.1934, г. Астрахань, Расія),

расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1973). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1959, клас А.Катульскай). У 1958—89 салістка Вял. т-ра. Валодае голасам прыгожага цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), роўным ва ўсіх рэгістрах, сцэн. абаяльнасцю. Выкананню ўласцівы шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокі псіхалагізм. Сярод партый: Ліза, Таццяна, Марыя, Іаланта («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Мазепа», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Аіда, Лізавета, Леанора, Дэздэмона («Аіда», «Дон Карлас», «Трубадур», «Атэла» Дж.​Вердзі), Валхава, Фяўроння («Садко», «Казанне пра нябачны горад Кіцеж...» М.​Рымскага-Корсакава), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Донна Анна («Каменны госць» А.​Даргамыжскага), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні), Наташа Растова, Любка («Вайна і мір», «Сямён Катко» С.​Пракоф’ева), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» В.​Шабаліна). Выступала ў «Ла Скала» і інш. замежных т-рах, выконвала партыю драм. сапрана ў «Рэквіеме» Вердзі. Яе творчасці прысвечаны фільм «Чараўніца з горада Кіцежа» (1966). Дзярж. прэмія Расіі 1978.

Літ.:

Грошева Е. Тамара Милашкина // Певцы Большого театра СССР. М., 1978.

Т.Мілашкіна ў ролі Таццяны.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)