бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Бел. кансерваторыю (1941, клас В.Залатарова). З 1943 узначальваў рэпертуарную камісію, у 1944—46 — муз. аддзел Упраўлення па справах мастацтваў пры СНКБССР. З 1948 гал. рэдактар, у 1955—58 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё. У 1965—72 выкладаў у Мінскім пед. ін-це. Найб. значныя дасягненні ў жанрах вак. музыкі, дзе выявіліся ўласцівыя яму меладычнасць, лірызм, веданне прыроды пеўчага голасу, здольнасць да глыбокай муз. інтэрпрэтацыі паэт. тэксту. Сярод твораў: оперы «Кастусь Каліноўскі» (лібрэта М.Клімковіча, паст. 1947), «Песня пра шчасце» (1951), «Дачка партызана» (1969), радыёопера «Рак-вусач» паводле Я.Коласа (1960); араторыі «Казка пра папа і работніка яго Балду» паводле А.Пушкіна (1975), «Добрай раніцы, свет» (1978); сімфонія (1959); 4 смыковыя квартэты (1939, 1945, 1966, 1974); хары; камерна-вак. творы, у т.л. вак. цыклы «Поры года» на вершы Э.Агняцвет, «Мелодыі» на вершы Лесі Украінкі; музыка да драм. спектакляў, у т.л. «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона і «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бел. т-ры імя Я.Купалы, і кінафільмаў «Дзеці партызана» (з Г.Паповым), «Несцерка», «Шчасце трэба берагчы» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУХА́ЛЬСКІ (Андрэй) (1767?, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),
бел. танцоўшчык. Прыгонны падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У жн. 1778 удзельнічаў у якасці саліста ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. У 1785—90 у складзе трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве. Выступаў на каралеўскіх сцэнах, у т.л. ў замку ў балеце «Лукас і Калінета» (1785) і ў Нац. т-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІ́НСКІ (Ежы) (1765?, г. Паставы Віцебскай вобл. — 28.6.1840),
танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах (у Ле Ду). У 1785—94 у трупе «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, удзельнічаў у спектаклях у каралеўскім замку і ў Лазенках, на сцэне Нац. т-ра. Выконваў сольныя партыі ў балетах «Казакі», «Лукас і Калінета», «Каралева Ванда». Пасля 1794 выступаў у спектаклях антрэпрыз С.Галніцкага і К.Аўсінскага ў Варшаве, у 1795 працаваў у Гродне, з 1795 зноў у Варшаве (да 1799 у трупах Трускаляскіх і В.Багуслаўскага, у 1800—23 выкладчык танцаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́НСКАЯ (магчыма, Малевіч) Мар’яна (Марыя; 1767 ? — ?), бел. танцоўшчыца. Родам з Палесся. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У вер. 1778 саліравала ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра. У 1785—94 першая танцоўшчыца балетнай трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступала на каралеўскіх сцэнах і ў Нац. т-ры. Выконвала партыі Сіліі («Капітан Сандор на востраве Караліна»), Эляны («Шлюб самнітаў»), выступала ў балетах «Гілас і Сільвія», «Кора і Алонза, або Дзяўчаты Сонца», «Мірза і Ліндор», «Лукас і Калінета». У 1795—97 салістка ням.т-ра ў Львове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЭ́ЎСКАЯ (Апалонія) (вядома і як Дарота; 1767 ?—?),
танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза, выхаванка яго балетных школ у Гродне і Паставах. У 1778 выступіла як фігурантка ў школьным паказе «Сялянскага балета» Г.Петынеці ў Гродзенскім т-ры Тызенгаўза. Паводле завяшчання магната перайшла ва ўласнасць Станіслава Аўгуста Панятоўскага і з 1785 першая салістка трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве; гратэскавая танцоўшчыца на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Партыі: у балетах «Мірза і Ліндор», «Рыбакі», «Лукас і Калінета», «Па-дэ-дэ» Ф.Шлянцоўскага (у дуэце з аўтарам, 1788). У 1794—97 у прыватных антрэпрызах Варшавы і Гданьска (Польшча). У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста выехала ў Пецярбург.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЗЕР ((Moser) Лукас) (каля 1390, г. Вейль-дэр-Штат, Германія — пасля 1434),
нямецкі жывапісец. Працаваў у Швабіі. Аўтар алтара св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне каля г. Бадэн (жывапісныя кампазіцыі «Падарожжа па моры», «Сон святых, якія прыбылі ў Марсель», «Яўленне св. Магдаліны жонцы князя», «Апошняе прычашчэнне св. Магдаліны ў саборы Экса», «Св. Марта», «Св. Лазар», «Магдаліна выцірае ногі Хрысту ў час балю ў Сімона», «Хрыстос з дзевамі разумнымі і неразумнымі», усе 1432). Вял. дакладнасцю і назіральнасцю вызначаецца перадача тыпажу персанажаў, арх. і пейзажнага фону, светлавых эфектаў, што сведчыць пра блізкасць мастака да жывапісных прыёмаў ранняга нідэрл. Адраджэння.
Я.Ф.Шунейка.
Л.Мозер. Алтар св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне. 1432.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКА́ ЛЕ́ЙДЭНСКІ, Лукас ван Лейдэн (Lucas van Leyden; 1489 або 1494, г. Лейдэн, Нідэрланды — 1533),
нідэрландскі гравёр і жывапісец эпохі Адраджэння. Вучыўся ў свайго бацькі Х.Якабса (1504—08) і К.Энгелбрэктса. Зазнаў уплывы А.Дзюрэра і М.Раймондзі. У творчасці імкнуўся да спалучэння дакладнасці перадачы фігур і дэталей, псіхал. выразнасці вобразаў і цэласнасці кампазіцыі. У ранні перыяд працаваў як майстар разцовай гравюры на медзі («Магамет і манах Сергій», 1508; «Кароўніца», 1510; «Танец Магдаліны», 1519; «Вергілій у кашы», 1523), пазней звярнуўся да афорта і дрэварыта. У жывапісе ствараў жанравыя сцэны («Гульня ў шахматы», каля 1508—10; «Гульня ў карты», каля 1521), рэліг. кампазіцыі («Св. Антоній», 1511; «Пропаведзь у царкве», 1521; трыпціхі «Страшны суд», 1526—27, «Вылячэнне іерыхонскага сляпога», 1531), партрэты, у т.л. аўтапартрэт (каля 1514).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ (Ларыса Пампееўна) (15.2.1904, Мінск — 23.5.1980),
бел. спявачка (сапрана), рэжысёр і грамадскі дзеяч. Нар.арт. Беларусі (1938), нар.арт.СССР (1940). Скончыла Бел.муз. тэхнікум (1928, клас В.Цвяткова), опернае майстэрства ўдасканальвала ў А.Баначыча (1930—33). У 1919—24 удзельніца арганізаванай ёю самадз. трупы пры палітаддзеле Зах. фронту. У оперы дэбютавала ў 1928 партыяй Маргарыты («Фауст» Ш.Гуно, спектакль муз. тэхнікума). Да 1960 салістка, у 1951—60 і гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам шырокага дыяпазону, выконвала сапранавыя і мецца-сапранавыя партыі. Музыкальнасць, драм. тэмперамент і артыстызм абумовілі моцнае эмац. ўздзеянне створаных ёю вобразаў. Сярод партый у нац. спектаклях: Марыся і Алеся («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса). Своеасаблівасцю вак.-сцэнічнай трактоўкі, пранікнёным лірызмам вызначаліся партыі ў класічных операх: Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Яраслаўна, Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава) і інш. Рэжысёр пастановак: «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага (1951), «Страшны двор» С.Манюшкі і «Мазепа» Чайкоўскага (1952), «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага і «Аіда» Дж.Вердзі (1953), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Надзея Дурава» А.Багатырова (1956), «Міхась Падгорны» (1957), «Яснае світанне» Туранкова (1958), «Пікавая дама» (1960) і інш. Выступала як канцэртная спявачка, выконвала бел.нар. песні, у т. л. на Міжнар.муз. выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне (1927), гастраліравала ў Германіі, Швецыі (з С.Навіцкім; першы выезд бел. артыстаў за мяжу ў сав. час). Адна з арганізатараў Бел.тэатр. аб’яднання (з 1946 старшыня, з 1976 ганаровы старшыня яго прэзідыума). Дзярж. прэмія СССР 1941. З 1987 праводзіцца Рэсп. конкурс вакалістаў імя Александроўскай, у 1992 устаноўлена прэмія імя Александроўскай у галіне тэатр. мастацтва.
Літ.:
Модэль М. Л.П.Александроўская. Мн., 1945;
Рузов Г. Л.П.Александровская. М.; Л., 1950;
Лукас Д., Жураўлёў Д. Выдатны дзеяч опернага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Б.С.Смольскі.
Л.П.Александроўская.Л.Александроўская ў ролі Канчакоўны.