ЛУ́КАС Дзмітрый Аляксандравіч

(16.6. 1911, г. Швенчоніс, Літва — 13.10. 1979),

бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Бел. кансерваторыю (1941, клас В.Залатарова). З 1943 узначальваў рэпертуарную камісію, у 1944—46 — муз. аддзел Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР. З 1948 гал. рэдактар, у 1955—58 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё. У 1965—72 выкладаў у Мінскім пед. ін-це. Найб. значныя дасягненні ў жанрах вак. музыкі, дзе выявіліся ўласцівыя яму меладычнасць, лірызм, веданне прыроды пеўчага голасу, здольнасць да глыбокай муз. інтэрпрэтацыі паэт. тэксту. Сярод твораў: оперы «Кастусь Каліноўскі» (лібрэта М.Клімковіча, паст. 1947), «Песня пра шчасце» (1951), «Дачка партызана» (1969), радыёопера «Рак-вусач» паводле Я.Коласа (1960); араторыі «Казка пра папа і работніка яго Балду» паводле А.Пушкіна (1975), «Добрай раніцы, свет» (1978); сімфонія (1959); 4 смыковыя квартэты (1939, 1945, 1966, 1974); хары; камерна-вак. творы, у т.л. вак. цыклы «Поры года» на вершы Э.Агняцвет, «Мелодыі» на вершы Лесі Украінкі; музыка да драм. спектакляў, у т.л. «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона і «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бел. т-ры імя Я.Купалы, і кінафільмаў «Дзеці партызана» (з Г.Паповым), «Несцерка», «Шчасце трэба берагчы» і інш.

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Дзмітрый Лукас. Мн., 1973.

Дз.М.Жураўлёў.

Дз.А.Лукас.

т. 9, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)