Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОХ, джыда,
пшат (Elaeagnus),
род кветкавых раслін сям. лохавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі інтрадукаваны Л. вузкалісты (E. angustifolia), парасонавы (E. umbellata), серабрысты (E. argentea), усходні (E. orientalis).
Лістападныя або вечназялёныя дрэвы ці кусты. Лісце эліптычнае да лінейнага, шэра-зялёнае, часта знізу серабрыстае. Кветкі палігамныя, невял., духмяныя. Плод — касцянкападобны, пераважна ядомы. Лек., камедзяносныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОХ-НЕЙ (Lough Neagh),
возера ў Паўн. Ірландыі, на плато Антрым. Пл. 396 км² (самае вял. на Брытанскіх а-вах), глыб. да 31 м. Берагі нізкія, часткова забалочаныя, на Пн — узвышаныя. Сцёк праз р. Бан у Атлантычны ак. Суднаходства. Рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОХ-НЕС (Loch Ness),
возера на Пн Вялікабрытаніі, у Шатландыі, у даліне Глен-Мор. Ледавікова-тэктанічнага паходжання. Пл. 56 км², даўж. 39 км, глыб. да 230 м. Берагі высокія, скалістыя. Сцёк праз р. Нес у заліў Моры-Ферт Атлантычнага ак. Не замярзае. Л.Н. — частка суднаходнага Каледонскага канала. Набыло шырокую вядомасць у сувязі з «Нэсі» — буйной жывёлінай, якая нібыта жыве ў ім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́НАН (Shannon),
самая вялікая рака ў Ірландыі. Даўж. 368 км, пл.бас. 15,7 тыс.км². Цячэ па Цэнтр. раўніне цераз шэраг азёр (Лох-Ален, Лох-Ры, Лох-Дэрг і інш.). Упадае ў Атлантычны ак., утварае эстуарый (даўж. каля 100 км). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 200 м³/с. Суднаходная ад воз.Лох-Ален. 2 каналамі звязана з г. Дублін. ГЭС. Каля вусця марскі порт Лімерык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕН-МОР (Glen More),
нізіна ў межах тэктанічнай упадзіны на Пн Вялікабрытаніі (Шатландыя). Даўж. каля 100 км. У межах Глен-Мор — ледавіковыя азёры Лох-Нес, Лох-Лохі, злучаныя з морам суднаходным Каледонскім каналам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ШАТЛА́НДСКАЕ НАГО́Р’Е.
На Пн Вялікабрытаніі, у Шатландыі. Даўж. з Пн на Пд каля 300 км, шыр. больш за 200 км. Выш. да 1343 м (г. Бен-Невіс у Грампіянскіх гарах). Складзена з гнейсаў, гранітаў, крыштал. сланцаў, пясчанікаў. Пласкагор’і і масівы, расчлянёныя тэктанічнымі ўпадзінамі (найб. Глен-Мор) са старажытналедавіковымі формамі рэльефу, цяснінамі, на З — фіёрдамі. Шмат азёр (Лох-Ломанд, Лох-Нес), балот. Верасоўнікі, лугі, участкі лясоў. Жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РА,
самастойны атрад цяжкаўзброенай пяхоты колькасцю больш за 1000 чал. у стараж. Спарце (з 431 да н.э.); тактычная адзінка спартанскай арміі. Кожная М. ўключала 4 лохі, лох — 2 пентакостысы, пентакостыс — 2 брацтвы або двайную энамотыю. У час бою падраздзяленні М. дзейнічалі ў складзе фалангі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАТЛА́НДЫЯ (Scotland),
адм.-паліт. частка (гістарычная правінцыя) Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. Займае паўн.ч. в-ва Вялікабрытанія і прылеглыя а-вы: Гебрыдскія, Аркнейскія, Шэтлендскія. Пл. 78.8 тыс.км², у т. л.пл. сушы 77,2 тыс.км². Нас. 5,13 млн.чал. (1996), пераважна шатландцы. У складзе Ш. 9 раёнаў і 3 астраўныя тэрыторыі. Гал. горад — Эдынбург. Найб. гарады: Глазга, Абердзін, Данды. У рэльефе пераважаюць нагор’і, найб. — Паўн.-Шатландскае (выш. да 1343 м, г. Бен-Невіс). Клімат умераны, марскі. Густая рачная сетка. Шмат азёр (Лох-Ломанд, Лох-Нес і інш.) Пашыраны верасовыя пусткі. Асн. галіны прам-сці: чорная металургія, алюмініевая, машынабудаванне (аўтамабілебудаванне, электроннае, эл.-тэхн., вытв-сцьмед. абсталявання), хім. і нафтахім., паліграф., тэкст., шарсцяная, папяровая, харчовая, у т. л.вытв-сць віскі. Здабыча нафты (на шэльфе Паўн. мора). У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць авечак, буйн. раг. жывёлу. Сеюць ячмень, авёс, бульбу. Рыбалоўства. Транспарт марскі, чыг., аўтамабільны.
Найстараж. насельніцтва Ш. — пікты. У 5—7 ст.н.э. тут пасяліліся кельцкія плямёны скотаў (ад іх і назва краіны Scotland — краіна скотаў), гэлаў, брытаў і германскія — англаў. З 6 ст. пашыралася хрысціянства. У 844—1018 дзяржава скотаў падпарадкавала сабе ўсе інш. плямёны, утварылася Шатл. каралеўства. Адбываліся працэсы феадалізацыі, але ў горнай Ш. да 18 ст. захоўвалася сістэма родавых абшчын — кланаў. З 2-й пал. 11 ст. Ш. — васал Англіі, войскі якой у 1296 уварваліся на яе тэрыторыю. Пад кіраўніцтвам У.Уолеса і караля Роберта Бруса [1306—29] шатландцы да 1328 аднавілі сваю незалежнасць. У канцы 13 — пач. 14 ст. аформіўся шатл. парламент. У сярэдзіне 16 ст. праведзена кальвінісцкая Рэфармацыя, у 1560 парламент зацвердзіў у якасці дзярж. рэлігіі прэсвітэрыянства. Зацвярджэнне шатл. каралеўскай дынастыі Сцюартаў на англ. прастоле (1603) прывяло да асабістай уніі Ш. з Англіяй. Паводле англа-шатландскай уніі 1707 утворана адзінае каралеўства Вялікабрытанія з агульным парламентам (72 дэп. ад Ш. ў 2003) пры захаванні ў Ш. ўласных прававой і суд. сістэм, нац. царквы і мясц. органаў самакіравання. Ва ўрадзе Вялікабрытаніі справамі Ш. кіруе дзярж. сакратар па Ш. За незалежнасць Ш. выступае Шатл.нац. партыя (засн. ў 1928). Паводле закона ад 11.9.1997 у маі 1999 адбыліся выбары ў шатл. рэгіянальны заканад. орган з абмежаванымі паўнамоцтвамі, створаны рэгіянальны ўрад.