Лейкацыты 1/298; 6/116—117, 296, 372, 605
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАЦЫ́ТЫ (ад грэч. leukos белы + kytos клетка),
белыя крывяныя клеткі, бясколерныя шарападобныя клеткі крыві і лімфы пазваночных жывёл і чалавека. Маюць ядры, самастойна рухаюцца (могуць і супраць цёку крыві), выконваюць пераважна ахоўную функцыю. Адрозніваюць Л. зярністыя — гранулацыты (базафілы, нейтрафілы, эазінафілы) і незярністыя — агранулацыты (лімфацыты, манацыты). Маюць агульнае паходжанне з эрытрацытамі і трамбацытамі. У 1 л крыві здаровага чалавека 3,8—9 × 109 Л. Функцыянуюць у тканках арганізма: знішчаюць мікраарганізмы, змярцвелыя клеткі, прадукты распаду і інш. (гл. Імунітэт).
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАНУЛАЦЫ́ТЫ [ад a... + лац. granulum зярнятка + ... цыт(ы)],
незярністыя лейкацыты, лейкацыты, у цытаплазме якіх адсутнічае зярністасць — лімфацыты і манацыты ў пазваночных жывёл і чалавека і падобных да іх, амёбацыты ў беспазваночных. Выконваюць ахоўную функцыю.
т. 1, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Белыя крывяныя цельцы, гл. Лейкацыты
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНУЛАЦЫ́ТЫ [ад лац. granulum зярнятка + ...цыт(ы)],
зярністыя лейкацыты, лейкацыты жывёл і чалавека, у цытаплазме якіх ёсць зерні (гранулы). Складаюць асн. масу лейкацытаў. Па здольнасці гранул афарбоўвацца кіслымі ці асн. фарбавальнікамі гранулацыты падзяляюць на эазінафільныя (афарбоўваюцца кіслымі фарбавальнікамі), базафільныя (афарбоўваюцца асн. фарбавальнікамі) і нейтрафільныя (афарбоўваюцца фарбавальнікамі 2 тыпаў). Гранулацыты маюць сегментаваныя ядры. Функцыі гранулацытаў — мікрафагацытоз і ферментатыўная актыўнасць, удзел у імуналагічных рэакцыях. Колькасныя суадносіны розных відаў гранулацытаў залежаць ад узросту, фізіял. стану арганізма, стану здароўя. У беспазваночных жывёл гранулацыты наз. зярністымі амёбацытамі.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЕЛАНЕФРЫ́Т (ад грэч. pyelos лаханка + nephros нырка),
інфекцыйна-запаленчае захворванне лаханкі і парэнхімы ныркі з пераважным пашкоджаннем яе прамежкавай тканкі. Узбуджальнікі П. — стрэптакокі, стафілакокі, сінягнойная палачка і інш. Развіваецца як самаст. захворванне або на фоне хвароб мочапалавой сістэмы (напр., мочакамянёвая хвароба), як ускладненне пасля грыпу, запалення лёгкіх і інш. Бывае ў цяжарных жанчын. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Прыкметы вострага: дрыжыкі, т-ра цела да 40 °C, моташнасць, ірвота, боль у паясніцы, мышцах, лейкацыты ў мачы. Пры хранічным П. — слабасць, хуткая стамляльнасць, ацёчнасць твару, расстройствы мочаспускання, у мачы лейкацыты і бактэрыі; бывае нырачная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.
т. 12, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ПАТ,
вадкасць, што прасочваецца з дробных крывяносных сасудаў у тканкі ці поласці цела пры запаленнях (эксудат), ацёках (трансудат). Змяшчае бялок, лейкацыты, часта — мікробы, якія выклікаюць запаленчы працэс. Пры своечасовым і правільным лячэнні выпат поўнасцю расходзіцца.
т. 4, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЭЛАЦЫ́ТЫ [ад грэч. myelos (касцявы) мозг + ...цыт(ы)],
адна з форм клетак крывятворнай (міэлоіднай) тканкі чырвонага касцявога мозгу ў пазваночных. Утвараюцца са ствалавых крывятворных клетак, праходзяць стадыі міэлабласту і праміэлацыту. З М. развіваюцца зярністыя лейкацыты (гранулацыты). У норме М. ў кроў не паступаюць, але могуць з’яўляцца пры паталаг. працэсах (напр., лейкозах).
т. 10, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРАФІ́ЛЫ [ад лац. neuter ні той, ні іншы + ...філ(ы)],
мікрафагі, спецыяльныя лейкацыты, гетэрафілы, адна з форм зярністых лейкацытаў (гранулацытаў) у пазваночных жывёл і чалавека. Дыяметр 9—12 мкм. Цытаплазма мае нейтрафільныя гранулы, лізасомы. Утвараюцца Н. са стваловых крывятворных клетак і праходзяць паслядоўныя стадыі дыферэнцыроўкі. У чалавека Н. складаюць 48—78% лейкацытаў перыферычнай крыві. Асн. іх функцыя — фагацытоз, растварэнне (лізіс) амярцвелых тканак.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАЦЫТА́РНАЯ ФО́РМУЛА, лейкацытаграма, лейкаграма,
працэнтныя суадносіны розных відаў лейкацытаў у перыферычнай крыві пазваночных жывёл і чалавека. Мае ўзроставыя асаблівасці. У норме Л.ф. дарослага чалавека ўтрымлівае лейкацыты (базафільныя гранулацыты — 0—1%, эазінафільныя — 0,5—5%, нейтрафільныя — 65—75%), лімфацыты — 19—45%, манацыты — 3—11%. Л.ф. і колькасць лейкацытаў адрозніваюцца ў розных відаў жывёл і чалавека, залежаць ад фізіял. стану арганізма, зменьваюцца ў час хвароб. Л.ф. мае дыягнастычнае і прагнастычнае значэнне.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)