КРОЎ,

вадкая тканка, што цыркулюе ў крывяноснай сістэме чалавека, пазваночных жывёл і некат. беспазваночных (напр., кольчатых чарвей); разнавіднасць злучальнай тканкі. Асн. функцыі К.: дыхальная, харчавальная, экстрэторная, гомеастатычная, рэгулятарная, тэрмарэгулятарная, ахоўная. К. падтрымлівае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма: пераносіць кісларод з лёгкіх у тканкі і вуглякіслы газ у адваротным кірунку, пажыўныя рэчывы, якія ўсмоктваліся кішэчнікам (глюкоза і інш.), — да тканак, прадукты абмену (мачавіна і інш.) — да органаў выдзялення; удзельнічае ў падтрыманні кіслотна-шчолачнай раўнавагі, водна-салявога абмену, пастаяннай т-ры цела; разносіць па арганізме біялагічна актыўныя рэчывы — гармоны; выконвае ахоўную функцыю (удзел лімфацытаў пры ўтварэнні антыцел, захоп і ператраўленне іншародных элементаў нейтрафіламі і манацытамі, утварэнне імі разам з тканкавымі макрафагамі ахоўнага бар’ера, гумаральная ахова ад інфекцыі лізацымам і інш. рэчывамі, удзел у згусанні крыві і спыненні крывацёку).

К. у чалавека складае 5—8% яго масы. У яе саставе вадкая частка — плазма (55%), у якой раствораны бялкі, тлушчы, тлушчападобныя рэчывы, вугляводы, мінер. солі, вітаміны, гармоны, газы і інш.; форменныя элементы (45%) — эрытрацыты (чырв. крывяныя цельцы), лейкацыты (белыя крывяныя цельцы) і крывяныя пласцінкі — трамбацыты. У дарослага чалавека ў 1 л К. ўтрымліваецца: 3,9—5∙10​12 эрытрацытаў, 4—9∙10​9 лейкацытаў, 180—320∙10​9 трамбацытаў, 120—160 г гемаглабіну. Адноснае пастаянства колькасці форменных элементаў рэгулюецца нейрагумаральнымі механізмамі. Гл. таксама Групы крыві.

Літ.:

Кассирский И.А., Алексее в Г.А. Клиническая гематология. 4 изд. М., 1970.

Л.У.Чантурыя.

т. 8, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)