Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ДАВАЯ ПЕРАМЕ́ННАСЦЬ,
тыповае для народнай музыкі ўзаемадзеянне дыятанічных манадыйных (меладычных) ладоў. Можа выяўляцца ў пераходзе з аднаго ладу ў іншы (падобна мадуляцыі) або, значна радзей, у іх узаемапранікненні ў рамках адзінай структуры. Засн. на пераасэнсаванні тонаў меладычнага ладу. Вылучаюць 3 тыпы Л.п.: паралельную, аднайменную і складаную.
Пры першай узаемадзейнічаюць т. зв. паралельныя лады з агульным дыятанічным гукарадам, але рознымі ўстоямі (меладычнымі тонікамі); у традыц.муз. фальклоры ўсх.-слав. народаў, у т. л. беларусаў, найб. пашырана секундавая, квартавая, тэрцавая пераменнасць. Другая ўтвараецца ў выніку ўзаемадзеяння т.зв. аднайменных ладоў з агульным устоем, але рознымі гукарадамі, нязменнасць устоя цягне за сабой вышынную варыянтнасць пабочных ступеней гукарада. Складаная Л.п. вызначаецца ўзаемадзеяннем ладоў з рознымі ўстоямі і неаднолькавымі гукарадамі, звычайна ўтвараецца пры спалучэнні ў адным напеве меладычных фраз рознай ладавай структуры; у бел.нар. музыцы характэрна пазаабрадавай лірыцы познакласічнай традыцыі. Л.п. шырока адлюстравана ў творчасці бел. кампазітараў.
Літ.:
Кастальский А.Д. Особенности народно-русской музыкальной системы. М., 1961;
Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1964. № 4;
Юденич Н.Н. Народная ладовая гармония в творчестве белорусских композиторов // Музыка и жизнь. Л.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́Р (італьян. minore ад лац. minor меншы; таксама moll ад лац. mollis мяккі),
музычны лад, у аснове якога ляжыць малое (мінорнае) трохгучча, а таксама яго ладавая афарбоўка (нахіленне). Мае цёмную афарбоўку гучання, процілеглую афарбоўцы мажору (выяўляецца паняццем мінорнасці), што складае адзін з найб. важных эстэт. кантрастаў у музыцы. Асн. віды М.: натуральны, гарманічны і меладычны. Ускладненне 7-ступеннага гукарада М. звязана з вытворнымі і варыянтнымі тонамі. М. — адна з найб. пашыраных ладавых форм у музыцы 17—20 ст. Яго выяўл. якасці шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах музыкі.
Літ.:
Мазель Л. Проблемы классической гармонии. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖО́Р (франц. majeur, італьян. maggiore ад лац. major большы),
лад, у аснове якога ляжыць вялікае (мажорнае) трохгучча, а таксама яго ладавая афарбоўка (нахіленне). Мае светлую афарбоўку гучання, процілеглую афарбоўцы мінору, што складае адзін з найб. важных кантрастаў у музыцы. Асн. віды М.: натуральны, гарманічны (з VI паніжанай ступенню) і меладычны (з VI і VII паніжанымі ступенямі). Эвалюцыя М. выявілася ва ўзбагачэнні 7-ступеннай асновы вытворнымі і варыянтнымі тонамі. М. — адна з асн. ладавых форм у музыцы 17—20 ст. Яго выяўл. якасці шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах музыкі.
Літ.:
Мазель Л. Проблемы классической гармонии. М., 1972;
Бершадская Т.С. Лекции по гармонии. 2 изд. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬМІНА́ЦЫЯ (ад лац. culmen вяршыня),
1) у літаратурным творы — найбольш напружаны момант у развіцці дзеяння, вырашальны, пераломны момант ва ўзаемаадносінах, сутыкненнях герояў або паміж героем і абставінамі. У К. раскрываецца вастрыня канфлікту, што рэалізуецца ў сюжэце твора. К. найлепш выяўляецца ў творах эпічных і драм. жанраў. Напр., у апавяданні Я.Коласа «Малады дубок» К. — сцэна прызнання Андрэя Плеха ляснічаму аб пакражы ў панскім лесе. У навеле К. звычайна перанесена бліжэй да фіналу, уяўляе сабой кантрастную сітуацыю ў адносінах да нечаканай развязкі; у рамане ці драме развязка пасля К. адбываецца паступова. У творах вял. формы кожная сюжэтная лінія мае сваю К.
2) У музыцы — момант найвышэйшага напружання ў муз. творы ці якой-н. адносна завершанай яго частцы. Прысутнічае ва ўсіх узроўнях формы музычнай (свае К. ўзнікаюць у фразе, сказе, перыядзе і інш.), і таму форма твора — сістэма кульмінацый. К. мелодыі ці ўсяго твора звычайна знаходзіцца паблізу ад пункта залатога сячэння (напр., гук ці група гукаў, якія ўтвараюць рэгістравую вяршыню ў 2-й пал. меладычнай пабудовы; працяглая кульмінацыйная зона ў санатнай форме на мяжы распрацоўкі і рэпрызы). Гал. (генеральная) К. ўтварае сэнсавы цэнтр твора перад прынцыповым завяршэннем формы. У арганізацыі К. могуць удзельнічаць усе муз.-выразныя сродкі: гукавышыннасць. гучнасная дынаміка, метрычныя акцэнты, ладавая няўстойлівасць, фактура, аркестроўка і інш. К. музычна-сцэн. твора фарміруецца ў адпаведнасці з агульнымі законамі драмы (гл.Драматургія музычная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. modulatio мернасць) у музыцы, змена танальнасці з перамяшчэннем танальнага цэнтра — тонікі. Паняцце М. найб. часта звязваюць з гукавышыннымі адносінамі. Асн. віды М. — танальная (змена вышыннага становішча тонікі) і ладавая (змена нахілення). Сярод разнавіднасцей танальнай М. найб. пашырана функцыянальная М., калі пераход у новую танальнасць адбываецца праз пераасэнсаванне ступеневага значэння прамежкавага (агульнага) акорда, выбар якога рэгулюецца гарманічнай роднасцю танальнасцей. Новая танальнасць устанаўліваецца характэрным для яе гарманічным зваротам, які ўключае мадулюючы акорд з альтэрацыяй, адпаведнай новай танальнасці. У залежнасці ад месца ў форме і ступені замацавання новай тонікі вылучаюць М. дасканалую (з канчатковым ці адносным замацаваннем новай танальнасці) і недасканалую (замацоўваецца менш устойліва). Да недасканалай М. адносяцца адхіленне (са зваротам у асн. танальнасць) і праходная М. (з далейшым мадуляцыйным рухам). Спецыфічную выразнасць мае энгарманічнаяМ., звязаная з лаканізмам мадуляцыйнага моманту і раптоўнасцю пераключэння ў новую танальнасць; пераход пры ёй адбываецца за кошт энгарманічнага пераасэнсавання структуры агульнага акорда. Для мелодыка-гарманічнай М. характэрна сувязь танальнасцей з дапамогай плаўнага голасавядзення без агульнага акорда, для меладычнай М. — праз аднагалосую звязку. Увядзенне новай танальнасці без падрыхтоўкі, непасрэдным зацвярджэннем тонікі — якасць М.-супастаўлення. М. можна лічыць і ўсякую змену структуры сродкаў муз. выразнасці, у т. л. формы, жанру, фактуры, метра і інш. М. — важны формаўтваральны сродак, які ўплывае на дынамічныя працэсы і цэласнасць формы, узбагачае маляўніча-выразны бок гармоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІЯ ў музыцы, 1) сістэмна арганізаваныя сродкі муз. выразнасці, якія грунтуюцца на заканамерным аб’яднанні тонаў у сугуччы і заканамернай сувязі сугуччаў. Пад сугуччам у сучаснай тэорыі музыкі разумеюць лагічна дыферэнцыраваныя гукавыя спалучэнні, якія маюць у муз. кантэксце пэўную маст. выразнасць. У паслядоўнасці сугуччаў і іх суадносінах выяўляецца значэнне кожнага з іх у ладзе (ладавая функцыя), абумоўленае заканамернасцямі пэўнай ладава-гарманічнай сістэмы. Кожнае сугучча ў залежнасці ад яго інтэрвальнага (гл.Інтэрвал) складу, падваення тонаў, іх размяшчэння, рэгістра, дынамікі і інш. мае спецыфічны характар гучання — фанізм. Асн. тып сугучча — акорд. У падзеле акордаў на кансанансы і дысанансы, устойлівыя і няўстойлівыя адлюстраваны 2 бакі адной з’явы — акустычны і ладавы. Паміж кансанантнасцю і ўстойлівасцю, дысанантнасцю і няўстойлівасцю ў класічнай гармоніі існуе прынцыповая сувязь, якая абумоўлівае існаванне лада і функцыянальнасць акордаў. Гармонія ахоплівае таксама суадносіны танальнасцей і ладоў. Рух галасоў (голасавядзенне) падпарадкаваны пэўным правілам, выпрацаваным у шматгалосай музыцы гамафоннага і поліфанічнага складу. Функцыянальна і каларыстычна асэнсаваная паслядоўнасць акордаў, танальнасцей, ладоў, рытм іх змены (адхіленні, мадуляцыі, кадэнцыі, секвенцыі, гарманічнае вар’іраванне і інш.) — адна з неабходных умоў формаўтварэння ў музыцы (гл.Форма музычная). Вобразна-маст. значэнне гармоніі раскрываецца ва ўзаемадзеянні з мелодыяй, метрарытмам і інш. кампанентамі муз. мовы, з якімі гармонія ўтварае пэўны муз. стыль (эпохі, кірунку, кампазітара, асобнага твора і інш.). На гармонію ўплывае таксама інтанацыйны склад пэўнай нац. музыкі, вызначаючы яе нац. характэрнасць. Сутнасць і ўспрыняцце гармоніі эвалюцыяніруе ў працэсе творчай практыкі.
2) Навуковая і навуч. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю вучэнняў пра гармонію, класічныя і сучасныя яе сістэмы, прадугледжвае практычнае авалоданне тэхнікай гарманізацыі і інш. сродкамі выразнасці, уласцівымі гармоніі.
Літ.:
Шевалье Л. История учений о гармонии: Пер. с фр.М., 1931;
Тюлин Ю.Н. Учение о гармонии. 3 изд. М., 1966;
Скребков С.С. Гармония в современной музыке: Очерки. М., 1965;
Холопов Ю.Н. Очерки современной гармонии: Исслед. М., 1974;
Яго ж. Гармония: Теорет. курс. М., 1988;
Гуляницкая Н.С. Введение в современную гармонию. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДу музыцы,
абстрактна-лагічная сістэма, якая арганізуе гукавышынны бок музыкі на аснове колькасных (гукарадных) і якасных (функцыянальных) паказчыкаў і рэалізуе сябе ў працэсе інтанавання. Гукарад Л. — мелодыкаінтэрвальная схема, што прадстаўляе яго гукі ў паступенным парадку; функцыянальнасць заключаецца ў падзеле элементаў Л. на ўстойлівыя (цэнтр сістэмы) і няўстойлівыя (падпарадкаваныя ім). На падставе гэтых гал. характарыстык вылучаюць канкрэтныя віды Л. — т. зв. лады. Вызначальнымі з’яўляюцца тып гукарада (ангемітоніка, дыятоніка, храматыка, прамежкавыя формы), будова ўстойлівага (танічнага) цэнтра (меладычны тон, кансананс-трохгучча, сугучча-дысананс) і размяшчэнне гэтага цэнтра на пэўнай ступені гукарада (на аснове аднаго гукарада магчымы розныя лады). Ступень абагульнення рэальнага працэсу інтанавання неаднолькавая на розных узроўнях праяўлення Л. Ладаінтанацыйны ўзровень, што ўпарадкоўвае вышынныя суадносіны ў непасрэдным разгортванні музыкі ў рамках дробных пабудоў (папевак, асобных меладычных зваротаў), найб. блізкі да пачуццёвай канкрэтнасці інтанацыі. На ладафункцыянальным узроўні ладавая інтанацыйнасць рэтраспектыўна абагульняецца, гукарадны ж узровень найб. абстрактны. Эвалюцыя Л. адлюстроўвае развіццё муз. мыслення і звязана з колькасным павелічэннем аб’ёму і гукавога матэрыялу і якасным ускладненнем прынцыпаў яго арганізацыі. Пачатковыя этапы эвалюцыі прасочваюцца ў муз. фальклоры многіх народаў: вылучэнне апорных тонаў у першабытным экмелічным (без замацаванай вышыні гукаў) глісандаванні; манадыйны Л. у межах вузкааб’ёмных гукарадоў (алігатонікі); манадыйны Л. на аснове развітой гукараднай сістэмы ангемітонікі і дыятонікі. Гіст. формы Л.: апяванне цэнтр. тона (устою) блізкімі па вышыні гукамі, мадальныя (манадыйныя) Л., звязаныя з прынцыпамі мелодыі-мадэлі (модуса, папеўкі). Прафес.еўрап. музыка напачатку апіралася на традыцыі фалькл. ладаўтварэння (з характэрнай для яго ладавай пераменнасцю), аднак у сувязі з ускладненнем характару шматгалосся актыўна развіваюцца і новыя прынцыпы Л Шматгалосае раскрыццё меладычных (манадыйных) Л. змяняецца танальна-гарманічнай сістэмай (гл.Мажора-мінорная сістэма, Танальнасць) — асновай еўрап. музыкі новага часу, што апіраецца на 2 Л. — мажор і мінор. Прафес.муз. мастацтва 20 ст. вызначаецца разнастайнасцю канкрэтных форм і прынцыпаў Л., спалучэннем вядомых раней і істотна новых з’яў, у т. л. і тых (у серыйнай тэхніцы, канкрэтнай музыцы, электроннай музыцы, санорыцы), якія цяжка ці немагчыма аднесці да сферы Л.
Першае навук. абгрунтаванне Л. ў еўрап. музыцы далі прадстаўнікі піфагарэйскай школы ў Стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Сваю тэорыю Л. вылучыла еўрап. сярэдневякоўе. Ладавыя заканамернасці танальна-гарманічнай сістэмы ўпершыню асэнсаваў і вытлумачыў Ж.Ф.Рамо, у рамках сістэмы якога паняцце «Л.» цесна сутыкаецца з паняццямі «гармонія» і «танальнасць». Пытанні Л. ў практыцы ўсх.-слав. партэсных спеваў абагульнены ў працах І.Шайдуры (1-я пал. 17 ст.) і М.Дулецкага («Граматыка мусікійская»). У 19—20 ст.вял. ўвагу ладаваму боку музыкі аддавалі рус. тэарэтыкі У.Адоеўскі, А.Сяроў, П.Сакальскі, Дз.Разумоўскі, А.Кастальскі, Б.Яворскі, Б.Асаф’еў, В.Бяляеў, К.Квітка, Ю.Цюлін, Х.Кушнароў, М.Бражнікаў, М.Успенскі, А.Далжанскі, Л.Мазель, Ю.Кон, Ю.Халопаў. На Беларусі да праблем Л. звярталіся музыказнаўцы А.Друкт, Б.Златавярхоўнікаў, Т.Мдывані, Р.Сергіенка, Н.Юдзеніч, В.Ялатаў і інш.
Літ.:
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Бершадская Т. Принципы ладовой классификации // Сов. музыка. 1971. № 8;
Яе ж. Лекции по гармонии. Л., 1978;
Кон Ю.Г. Вопросы анализа современной музыки. Л., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́Й ЭЛ, Рэспубліка Марый Эл, Марыйская Рэспубліка,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 23,2 тыс.км². Нас. 763 тыс.чал. (1998), гарадскога 62%. Сярэдняя шчыльн. 33 чал. на 1 км². Жывуць марыйцы (43,3%), рускія (47,5%), татары (5,9%) і інш. Сталіца — г.Йашкар-Ала. Гарады: Волжск, Козьмадзям’янск, Звянігава.
Прырода. Размешчана ў бас. сярэдняга цячэння р. Волга. Большая ч. тэрыторыі раўнінная, парэзаная рачнымі далінамі. ярамі і лагчынамі. На У Вяцкі Увал (выш. да 275 м) з карставымі формамі рэльефу, на З Марыйская нізіна. Правабярэжжа занята адгор’ямі Прыволжскага ўзв. Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, гіпс, кварцавы пясок, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -13 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 450—500 мм за год. Гал. рака — Волга з прытокамі Вятлуга, Вял. і М.Какшага, Ілець, Рутка. Шмат азёр. Чэбаксарскае вадасховішча. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ПдУ і У перагнойна-карбанатныя, ёсць балотныя і шэрыя лясныя. Пад лесам 53% тэрыторыі (хвоя, піхта, елка, бяроза). З жывёл пашыраны воўк, буры мядзведзь, ліс, лось, рысь і інш.; баравая і вадаплаўная птушка. Нац. парк Марый Чадра, запаведнік Вял. Какшага.
Гісторыя. Людзі на тэр. М.Э. пасяліліся 40—30 тыс. гадоў назад. З пач. 1-га тыс. да н.э. развіваліся земляробства і жывёлагадоўля. Да 7 ст.н.э. склаўся стараж.-марыйскі этнас (саманазва мары, інш. народы наз. іх чарамісы), які з гэтага часу жыў на тэр. сучаснай М.Э. і суседніх абласцей па левым (лугавым), з 11—12 ст. і правым (горным) берагах Волгі. Вылучаліся 3 асн. групы марыйскага этнасу. марыйцы лугавыя (левабярэжныя), горныя (правабярэжныя) і ўсходнія. З 11 ст. марыйцы межавалі з рус. княствамі і Балгарыяй Волжска-Камскай. У 1236 яны заваяваны мангола-татарамі і з 1240-х г. знаходзіліся ў складзе Залатой Арды. З 15 ст. прыволжскія марыйцы ўваходзілі ў Казанскае ханства, а паўн.-заходнія (пры р. Вятлуга) — у склад Маскоўскай дзяржавы; у іх з’явіліся і ўласныя князі. У выніку Казанскіх паходаў 1545—52 марыйцы прызналі ўладу рас. цара. У 2-й пал. 16 ст. на марыйскіх землях пабудаваны гарады Какшайск, Козьмадзям’янск, Царовакакшайск і інш. У 17 ст. ў краі ствараліся маёнткі рус. памешчыкаў, адбывалася рассяленне рус. сялян, аднак б.ч. зямель належала дзяржаве. Асн. маса карэннага насельніцтва плаціла ясак (даніну) цару. Марыйцы ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам І.Балотнікава (1606—07), С.Разіна (1670—71), Е.Пугачова (1773—75). З 18 ст. ўзмацніўся працэс русіфікацыі і пераводу ў праваслаўе (усх. марыйцы хрысціянства не прынялі і захавалі традыц. вераванні). У 1779—82 марыйскія землі падзелены паміж Казанскай, Ніжагародскай і Вяцкай губ. Пасля адмены прыгоннага права асн. заняткам насельніцтва заставаліся земляробства і жывёлагадоўля, аднак з’явіліся буйныя фабр.-заводскія прадпрыемствы: Звянігаўскі суднамех., Нікалаеўскі хрусталёва-шкляны з-ды і інш. Насельніцтва краю ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—07.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Царовакакшайску, Юрыне, Козьмадзям’янску і інш. узніклі Саветы, у якіх пераважалі меншавікі і эсэры. У чэрв. 1917 у г. Бірск (Башкортастан) адбыўся 1-ы Усерас. з’езд марыйцаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сав. ўлада перамагла ў большасці мясцін краю, летам 1918 задушаны буйныя антыбальшавіцкія выступленні. У ліп. 1918 утвораны аддзел мары Наркамнаца РСФСР. 4.11.1920 дэкрэтам ВЦВК і СНК РСФСР утворана Марыйская аўт.вобл. (нас. 338,5 тыс.чал., у т. л. марыйцаў 183 тыс.) з цэнтрам у г. Чырвонакакшайск (з 1927 Йашкар-Ала). 5.12.1936 яна пераўтворана ў Марыйскую Аўт.Сав.Сацыяліст. Рэспубліку (Марыйская АССР). У 1920—30-я г. развівалася дрэваапрацоўчая, цэлюлозна-папяровая прам-сць. У выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі асабліва пацярпела жывёлагадоўля (у 1941 колькасць жывёлы ў М.Э. была меншая, чым у 1916). Насельніцтва М.Э. удзельнічала ў Вял.Айч. вайне, больш за 40 ураджэнцаў рэспублікі ўдастоены звання Героя Сав. Саюза. У 1944 Марыйская АССР накіравала ў дапамогу вызваленай Беларусі 50 трактароў. У кастр. 1990 Вярх. Савет Марыйскай А́ССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У 1992 рэспубліка падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй і прыняла назву Марыйская Рэспубліка (Марый Эл).
Гаспадарка. М.Э. — індустрыяльна-агр. рэспубліка. Аснову эканомікі складаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (21,6% ад аб’ёму ўсёй прадукцыі, 1997). Вытв-сцьметалаапр. інструментаў, прылад і сродкаў аўтаматызацыі, тэхнал. абсталявання для лясной і лесаапр. прам-сці (Йашкар-Ала), халадзільнага абсталявання для гандлю і грамадскага харчавання (Волжск), радыёдэталей (Козьмадзям’янск), пральных машын (Маркі), суднарамонт (Звянігава). У 1997 выраблена 24,8 тыс.шт.гандл.-халадзільнага абсталявання, 17,5 тыс.шт. міксераў. Электраэнергетыка (24% прамысл. прадукцыі) прадстаўлена ЦЭЦ у Йашкар-Але і Волжску. З галін харч. прам-сці (18,7% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, масларобная, малочная, алейная, кансервавая, піваварная. Вытв-сць (тыс.т, 1998): мяса (укл. субпрадукты 1-й катэгорыі) — 11,6, масла — 3,3, натуральнамалочнай прадукцыі — 22,3, алею — 0,1. Развіта лясная, дрэваапр., мэблевая і цэлюлозна-папяровая прам-сць (прадпрыемствы ў Волжску, Йашкар-Але, Звянігаве, Савецкім, Суслонгеры). На адходах дрэваапрацоўкі працуе гідролізна-дражджавы з-д у Волжску. Лёгкая прам-сць прадстаўлена абутковай (Йашкар-Ала, Юрына), трыкат. і швейнай (Йашкар-Ала), ільняной (Аршанка) галінамі. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць жалезабетонных вырабаў, шкла, асфальту, цэглы і інш). З-д па вытв-сці лек. сродкаў у Йашкар-Але. С.-г. ўгоддзі займаюць 772,1 тыс.га, у т. л. ворныя землі — 637,8 тыс.га. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на жывёлагадоўлі (малочна-мяснога і малочнага кірунку), авечка-, свіна- і птушкагадоўлі. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 237,1, свіней 181,9, авечак і коз 91,9. Вытв-сць мяса 42,2 тыс.т, малака 314,8 тыс.т, яец 210,3 млн.шт., настрыг воўны 211 т. Развіта пчалярства, збор мёду ў 1998—388 т. Вырошчваюць збожжавыя культуры (жыта, пшаніца, авёс, ячмень, грэчка) на пл. 301,7 тыс.га, тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец, хмель) — 7,5 тыс.га, кармавыя — 226,7 тыс.га, бульбу — 40,4 тыс.га. Збор (тыс.т, 1998) збожжа — 538,7, лёну-даўгунцу — 0,8, цукр. буракоў — 0,5, бульбы — 500,5. Пладаводства (збор 14,8 тыс.т), агародніцтва (83,4 тыс.т). Даўж. чыгункі 204 км (Казань — Йашкар-Ала — Яранск). Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 3131 км. Суднаходства па рэках Волга і Вятлуга. Аэрапорт у г. Йашкар-Ала. Экспарт (22,3 млн.дол. ЗША, 1998): лекавыя сродкі, гандл.-халадзільнае абсталяванне, быт. прылады, цэлюлоза, папера. Імпарт (51,8 млн.дол. ЗША, 1998): паліва, машыны і абсталяванне, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці.
Культура. Літаратура ўзнікла ў пач. 20 ст. Пачынальнік — С.Чавайн. Найб. плённа развівалася паэзія (М.Мікай, М.Мухін, У.Саві, О.Шабдар і інш.). Значную ролю ў развіцці драматургіі адыгралі С.Нікалаеў, М.Шкетан, А.Канакоў, О.Тыныш, прозы — Н.Лекайн, Н.Ігнацьеў, Шабдар, паэзіі — І.Олык, К.Йыван, Чавайн, Мухін. Л-ра перадваен. дзесяцігоддзяў прадстаўлена паэзіяй М.Казакова, В.Рожкіна, В.Чалая, прозай Дз.Арая, М.Мічурына-Азмякея, Шабдара, Ігнацьева, Я.Ялкайна, Чавайна, Лекайна, публіцыстыкай і сатырай Ігнацьева і інш. У Вял.Айч. вайну ў розных жанрах працавалі А.Бік, С.Вішнеўскі, Б.Данілаў, Казакоў, М.Майн, Г.Мацюкоўскі, І.Осмін, Чалай. У л-ры пасляваен. перыяду ў жанры рамана працавалі Лекайн, Тыныш, А.Крупнякоў, у драматургіі — Нікалаеў, у паэзіі — Казакоў, Вішнеўскі і інш. На бел. мову асобныя творы марыйскіх пісьменнікаў (С.Брылякова, Вішнеўскага, М.Гаяза, Данілава, В.Дзмітрыева, Д.Ісламава, Казакова, Майна, Мацюкоўскага, П.Рэчкіна) пераклалі Э.Валасевіч, Х.Жычка, І.Калеснік, У.Рыгорава, У.Скарынкін, К.Цвірка.
Да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. адносяцца прымітыўныя фігуркі жывёл з каменю і гліны, метал. ўпрыгожанні бронзавага веку. Для нар. дойлідства характэрны зрубныя з бярвення хаты з П-падобным дваром, летняй кухняй («кудо», без акон), 2-павярховай клеццю з галерэяй-балконам. Да сярэдзіны 19 ст. паселішчы забудоўваліся хаатычна, пазней усталявалася вулічная планіроўка. Гарады ўзніклі ў 2-й пал. 16 ст. (Какшайск, цяпер Йашкар-Ала; Козьмадзям’янск, Юрына). З пач. 20 ст. яны забудоўваліся паводле генпланаў. Асновы прафес.выяўл. мастацтва закладзены ў 1920-я г. (мастакі В.Цімафееў, П.Радзімаў, А.Грыгор’еў, К.Ягораў, Л.Атлашкіна). У 1940—50-я г. значныя творы стваралі П.Гарбунцоў, У.Казьмін, Б.Осіпаў, І.Пландзін, А.Пушкоў, П.Шабярдзін; з 1960-х г. працуюць жывапісцы А.Бутаў, Ю.Бялкоў, З.Лаўрэнцьеў, С.Падмароў, Б.Пушкоў, М.Тактаулаў, І.Яфімаў; графікі А.Арлоў, А.Бакулеўскі, І.Міхайлін, А.Фамін; скульптары А.Дзедаў, У.Карпееў, А.Шырнін; майстар нац. вышыўкі Л.Арлова. У дэкар.-прыкладным мастацтве здаўна пашыраны разьба па дрэве, узорыстае ткацтва, пляценне з бяросты, гнутая і плеценая мэбля, вышыўка. У 1941 створаны Саюз архітэктараў, у 1968 — Саюз мастакоў М.Э.
Найб. стараж. пласт нар.муз. культуры — прац., абрадавыя, быт., лірычныя і інш. песні. Яны пераважна 1-галосыя, куплетнай формы, выконваюцца ва унісон ці ў актаву, вылучаюцца багаццем рытму і метра. Ладавая аснова — пентатоніка. Марыйскія песні падзяляюць на песні горных мары (пабудаваны на квартава-квінтавых, секставых інтанацыях, з чаргаваннем простых і мяшаных памераў). лугавых (вылучаюцца лірычнасцю, роўнасцю рытму, часам імправізацыйнасцю) і ўсходніх (прыкметны ўплыў тат. і башк.муз. культур, ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка; пашыраны жанр такмак, блізкі да прыпеўкі). Сярод нар. інструментаў: стр.-шчыпковы кусле (гуслі); смычковы кавыж (2-стр. скрыпка); духавыя шувыр (дуда), шыялтыш (падоўжная флейта), пуч (жалейкі), шушпык (гліняны салавей), ударны тумыр (барабан); храматычныя гармонікі, баян, балалайка. Першы прафес. кампазітар — І.Палантай (Ключнікаў) увёў у марыйскую музыку шматгалоссе. Сярод кампазітараў: В.Аляксееў, К.Гейст, В.Данілаў, Ю.Еўдакімаў, В.Захараў, А.Іскандараў, В.Кульшэтаў, У.Купрыянаў, А.Лупаў (першы нац. балет «Лясная легенда», 1971), С.Макаў, І.Молатаў, А.Нязнакін, Э.Сапаеў (першая нац. опера «Акпатыр», 1963), Л.Сахараў, Н.Сідушкін, К.Смірноў, Я.Эшпай, А.Яшмолкін і інш. Працуюць: Муз.т-р (з 1971), Хар.т-ва (з 1958), філармонія (з 1939), вак.-харэаграфічны ансамбль «Мары Эл» (з 1939), Марыйская хар. капэла (з 1981); муз. вучылішча, дзіцячыя муз. школы і школы мастацтваў. У 1940 створаны Саюз кампазітараў М.Э.
Літ.:
Прокушев Г.И. Художники Марийской АССР. Л., 1982;
Герасимов О.М. Народная песня в хоровом творчестве марийских композиторов. Йошкар-Ола, 1979;
Ягож. Музыкальная культура мари... Йошкар-Ола, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЦІЯ, Рэспубліка Бурація,
складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 351,3 тыс.км². Нас. 1056 тыс.чал. (1994), гарадскога 60%. Жывуць бураты (24%), рускія (69,9%), украінцы, татары і інш. Сталіца — г.Улан-Удэ; 20 раёнаў, 6 гарадоў, 34 пасёлкі гар. тыпу.
Прырода. Размешчана Бурація на ПдУсх. Сібіры. Пераважаюць выш. 500—700 м, найб. — 3491 м (г. Мунку-Сардык). Паводле характару рэльефу падзяляецца на Селенгінскае сярэднягор’е (хрыбты Цаган-Дабан, Цаган-Хуртэй, Заганскі і інш.), Усх. Саян, Байкальскую горную вобл. (хрыбты Хамар-Дабан, Улан-Бургасы, Баргузінскі, Байкальскі і інш.) і Віцімскае пласкагор’е з выш. 1000—1200 м; паміж хрыбтамі — міжгорныя катлавіны: Гусінаазерская, Удзінская, Баргузінская, Верхнеангарская і інш. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль, руды вальфраму і малібдэну, поліметалічныя руды, нефеліны, золата, графіт, азбест, цэментная сыравіна. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -24 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 300 мм за год. Гал. рэкі: Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Віцім. Воз. Байкал. Больш як 300 мінер. крыніц. Шматгадовая мерзлата. Глебы пераважна падзолістыя, у цэнтр. і паўд. раёнах — каштанавыя і чарназёмы. 80% тэр. ўкрыта лясамі з лістоўніцы, піхты, кедру, хвоі. На Пд і ў цэнтр.ч. — стэп і лесастэп. Запаведнікі: Баргузінскі, Байкальскі.
Гісторыя. Засяленне тэр. Бураціі пачалося з верхняга палеаліту. У 3 ст. да н.э. — 11 ст.н.э. тут існавалі недаўгавечныя племянныя саюзы качэўнікаў і зменьвалі адна адну раннефеад. дзяржавы. Бур. плямёны занялі Прыбайкалле і Забайкалле ў пач. 13 ст.Бур. народнасць склалася ў 17—18 ст. У пач. 17 ст. ў Бураціі з’явіліся першыя рус. казацкія атрады. У сярэдзіне 17 ст. Бурація ўвайшла ў склад Расіі. У 2-й пал. 19 ст. тут пачалі развівацца капіталіст. адносіны. Умацаванню эканам. сувязей з Расіяй спрыяла буд-ва Сібірскай чыгункі (1892—1905). З гэтага часу царскі ўрад узмацніў прыгнёт буратаў і рэзка абмежаваў іх землекарыстанне, адабраў каля палавіны зямель. У лют. 1918 у Бураціі ўстаноўлена сав. ўлада. У жн. 1918 тэр. Бураціі акупіравана японскімі, у крас. 1919 — амер. войскамі; у Забайкаллі ўстанавіўся рэжым атамана Сямёнава. 2.3.1920 Чырв. Армія і прыбалтыйскія партызаны занялі Верхнеудзінск (Улан-Удэ), а да канца 1920 — усю Бурацію. Усх. частка Бураціі ўвайшла ў Далёкаўсходнюю рэспубліку, дзе 27.4.1921 утворана Бурат-Мангольская аўт.вобл., а заходняя — у РСФСР, дзе 9.1.1922 утворана Мангола-Бур.аўт. вобласць. 23.5.1923 абедзве аўт. вобласці аб’яднаны ў Бурат-Мангольскую АССР (з 7.7.1958 Бур. АССР) у складзе РСФСР.
У кастр. 1990 Вярх. Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бураціі і ўвёў пост прэзідэнта. У сак. 1992 Бурація падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй, але пазней адмовілася ад яго. Афіцыйна застаецца суб’ектам Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для дрэваапр. прам-сці, суднабудаванне, вагонабудаванне і інш.), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў (цэмент, шкло), харч. (мясныя і рыбныя кансервы) прам-сць. Здабыча бурага вугалю і графіту, здабыча і перапрацоўка вальфраму, малібдэнавых руд, апатытыў і інш. Гусінаазерская ДРЭС. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечка-, свінагадоўля). Птушкагадоўля. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс, жыта) і кармавых культур. Бульбаводства, агародніцтва. Пушны промысел. Зверагадоўля. Рыбалоўства. Тэр. Бураціі перасякае Транссібірская магістраль, на Пн праходзіць Байкала-Амурская магістраль (буйныя тунэлі Паўн.-Муйскі — 15 км і Байкальскі — 6,7 км). Суднаходства па воз. Байкал, рэках Селенга і Баргузін. Курорты: Аршан, Гарачынск.
Культура. Першая бурацкая масавая газета «Шэнэ байдал» («Новае жыццё») выйшла ў Чыце ў 1921. У 1995 выходзілі газеты «Бураад унэн» («Бурацкая праўда»), «Бурятия», «Правда Бурятии» і інш. Радыёвяшчанне на бур. мове з 1934. З 1961 працуе тэлецэнтр ва Улан-Удэ. Радыё- і тэлевяшчанне на бур. і рус. мовах.
Аснова л-ры Бураціі — фальклор (оды-магталы, вершы, песні, паэмы, легенды, паданні, сказанні-улігеры). Вяршыня вуснай нар. творчасці — гераічны эпас «Гэсэр». Адзін з заснавальнікаў пісьмовай нац. л-ры — Х.Намсараеў. Традыцыі рэалізму ў л-ры савецкага часу развівалі П.Дамбінаў (Салбанэ Туя), Ц.Дандубон (Ц.Дон), Н.Балдано, Ч.Цыдэндамбаеў, А.Шадаеў, Ж.Тумунаў, М.Дамдзінаў і інш. Грамадска-сацыяльныя працэсы, фарміраванне новага чалавека адлюстроўвалі Б.Абідуеў, А.Бадаеў, Ц.-Б.Бадмаеў, Д.Батажабай, Ц.Галсанаў, Ц.Дамдзінжапаў, Д.Дашынімаеў, Д.Жалсараеў, А.Жамбалдаржыеў, Ц.Шагжын і інш. Плённа развіваліся паэзія, проза і драматургія. Патрыят. матывамі прасякнута творчасць бур. пісьменнікаў перыяду Вял.Айч. вайны. У пасляваенныя гады актывізаваўся жанр гіст. рамана (І.Калашнікаў, Б.Мунгонаў, Намсараеў, Тумунаў, Цыдэндамбаеў, А.Бальбураў), развіваюцца паэзія, дзіцячая л-ра, літ. крытыка і літ.-знаўства (С.Ангабаеў, Ч.-Р.Намжылаў, А.Сактоеў, Г.Тудзенаў, Д.Улзытуеў, М.Хамаганаў і інш.).
На тэр. Бураціі захаваліся рэшткі паселішчаў эпохі палеаліту і неаліту, наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэн палявання (т.зв.пісаніцы), помнікі бронзавага веку: «аленевыя камяні» са стылізаванымі фігуркамі аленяў, плітачныя магілы, нажы і кінжалы з скульпт. выявамі жывёл, а таксама шматлікія гарадзішчы з рэшткамі жылля эпохі гунаў, ірыгацыйныя збудаванні, гарадзішчы, могільнікі курумчынскай культуры. У 18—19 ст. будаваліся манастыры-дацаны, у архітэктуры якіх перапляталіся цэнтр.-азіяцкія і мясц. традыцыі. У 1-й пал. 19 ст. ўзведзены шэраг класіцыстычных будынкаў. У сучасным буд-ве шырока выкарыстоўваюць жалезабетон, алюміній, шкло і пластык. У нар.-прыкладным мастацтве развіты вышыўка і аплікацыя па аксаміце, скуры, сукне, разьба па косці і дрэве. У апрацоўцы вырабаў з металу выкарыстоўваюцца насечка, чаканка, чэрнь, гравіроўка. Асвойваецца габеленавае ткацтва з выкарыстаннем конскага воласу.
У муз. фальклоры Бураціі вядомыя эпічныя паданні (улігер), лірычныя абрадавыя і танц. песні (ганец-карагод ёхар) і інш.Ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка. Сярод нар. інструментаў: духавыя лімба (тып флейты) і бішхур (язычковы), струнныя хур (смычковы) і чанза (шчыпковы), шмат ударных. Сярод дзеячаў нац.муз. мастацтва: кампазітары Б.Ямпілаў, Д.Аюшэеў, Ж.Батуеў, Г.Дадуеў, С.Манжыгееў, Г.-Д.Дашыпылаў, спевакі К.Базарсадаеў, Д.Дашыеў, Л.Лінхавоін і інш. Працуюць (1996): Бурацкі т-р оперы і балета, муз. вучылішча, харэагр. вучылішча, Усх.-Сібірскі ін-т культуры, філармонія, Саюз кампазітараў і інш.
Вытокі бур.тэатр. мастацтва ў нар. песнях, гульнях, абрадах, пантамімічных танцах («цан»). У пач. 20 ст. наладжваліся этнагр. і аматарскія вечары, паявіліся бур. п’есы, аматарскі т-р. З 1927 працуе т-ррус. драмы, з 1932 — бурацкі драм. т-р. Ставіліся п’есы Г.Цыдынжапава, Х.Намсараева, А.Шадаева, Н.Балдано, Д.Батажабая і інш. Сярод артыстаў: Цыдынжапаў, Б.Вампілаў, Н.Гендунова, Ч.Генінаў, У.Халматаў, Н.Балдано, Д.Дандукаў.