МІНО́Р (італьян. minore ад лац. minor меншы; таксама moll ад лац. mollis мяккі),
музычны лад, у аснове якога ляжыць малое (мінорнае) трохгучча, а таксама яго ладавая афарбоўка (нахіленне). Мае цёмную афарбоўку гучання, процілеглую афарбоўцы мажору (выяўляецца паняццем мінорнасці), што складае адзін з найб. важных эстэт. кантрастаў у музыцы. Асн. віды М.: натуральны, гарманічны і меладычны. Ускладненне 7-ступеннага гукарада М. звязана з вытворнымі і варыянтнымі тонамі. М. — адна з найб. пашыраных ладавых форм у музыцы 17—20 ст. Яго выяўл. якасці шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах музыкі.
Літ.:
Мазель Л. Проблемы классической гармонии. М., 1972.
Т.С.Ляшчэня.
т. 10, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)