Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБЕ́ЛІЯ (Lobelia),
род кветкавых раслін сям. лабеліевых. Каля 350 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў вільготных тропіках і субтропіках Амерыкі і Афрыкі. На Беларусі 1 від — Л. Дортмана (L. dortmanna), занесены ў Чырв. кнігу; вядомы ў заказніках на воз. Свіцязь Навагрудскага і воз. Белае Лунінецкага р-на. Расце ў прыбярэжных зонах з пясчаным грунтам на глыб. 50—80 см, разам з палушнікам азёрным утварае зараснікі. У дэкар. садоўніцтве інтрадукаваны від Л. эрынус (L. erinus).
Лепшыя сарты: Кайзер Вільгельм (кветкі ярка-сінія), Розамунд (кветкі пурпуровыя), Сапфір (кветкі цёмна-блакітныя з белым вочкам) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя водныя і наземныя расліны, паўкусты і кусты. Лісце простае, чаргаванае. Кветкі няправільныя. адна- ці двухгубыя ў гронках на канцы сцябла або адзіночныя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек. (некат. віды маюць у сабе алкалоід лабелін), дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБЕЛІ́Н,
алкалоід, што маюць у сабе расліны роду лабеліясям. званочкавых; вытворнае піперыдзіну, стымулятар дыхання. Гідрахларыд Л. выкарыстоўваецца ў медыцыне пры аслабленні і спыненні дыхання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобл., у бас.р. Прыпяць, за 17 км на ПнЗ ад г. Лунінец. Пл. 0,22 км², даўж. 600 м, найб.шыр. 400 м, найб.глыб. 5 м.
Схілы катлавіны пясчаныя, пад хваёвым лесам. Берагі выш. да 2 м, пясчаныя. У возеры растуць палушнік азёрны і лабелія Дортмана — ахоўныя віды раслін, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́НІНСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл.Засн. ў 1997 з мэтай аховы прыродных комплексаў Палесся. Пл. 9283 га. Хвойнікі, дубровы, дубова-грабавыя лясы, астраўныя ельнікі. Балоты. Журавіннікі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: венерын чаравічак, зубніца клубняносная, тайнік яйцападобны, цыбуля мядзведжая (чарамша), купальнік горны, грыб-баран; у воз. Белае рэліктавыя лабелія Дортмана і палушнік азёрны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КАЕ-ЧАРБАМЫ́СЛА,
гідралагічны заказнік у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Размешчаны на ПнУ Полацкай нізіны. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік рэсп. значэння для аховы Глыбокага возера, воз.Чарбамысла і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 516 га (1996). Вадазборная плошча на 95% пад лесам. Пераважае хвоя, трапляюцца невял. ельнікі з дамешкам бярозы, па берагах воз. Глыбокае — вольха. У азёрах растуць рэдкія ахоўныя віды — палушнік азёрны, лабелія Дортмана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМАНТА́НТНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, здольныя да паўторнага або шматразовага цвіцення і плоданашэння на працягу аднаго вегетац. перыяду. Маюць вельмі кароткі перыяд спакою і здольнасць перыядычна (на працягу 2—3 тыдняў) закладваць пладовыя пупышкі, якія хутка прарастаюць, адбываецца аддзяленне бутонаў, цвіценне і плоданашэнне амаль да замаразкаў. Да Р.р. належаць травяністыя (напр., алісум, лабелія, рэмантантны гваздзік), дэкар.-кустовыя (рэмантантныя і чайнагібрыдныя ружы, некат. віды спірэі), цытрусавыя, ягадныя (некат. сарты суніц і малін) культуры. Пры спрыяльных пагодных умовах (цёплая і вільготная восень пасля сухога лета) рэмантантнасць бывае ў бэзу, вішні, грушы, яблыні і інш. Пры паўторным цвіценні і плоданашэнні кветкі і плады драбнеюць, насенне горш узыходзіць. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. і аматарскім садаводстве, кветкаводстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІЦЯЗЯ́НСКІ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1970 для аховы унікальнага азёрна-ляснога комплексу. Пл. 1034 га. Знаходзіцца амаль у цэнтры Навагрудскага ўзвышша. Рэльеф узгорысты. Уключае воз.Свіцязь з прылеглым лясным масівам. Расліннасць падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць яловыя, хваёвыя, дубовыя і бярозавыя лясы, менш пашыраны асінавыя, альховыя, грабавыя. Растуць клён, ясень і пародыэкзоты — лістоўніца сібірская, дуб чырвоны, таполя лаўралістая. У флоры каля 300 відаў сасудзістых раслін, з якіх палушнік азёрны, лабелія Дортмана, прыбярэжнік аднакветкавы, купальнік горны, тлушчанка звычайная, лілея кучаравая, гідрыла кальчаковая, наяда гнуткая занесены ў Чырв. кнігу. На паўн. беразе воз. Свіцязь 2 векавыя дубы — помнікі прыроды, на паўд.зах. — група стараж. курганоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРДЗЮ́Р (франц. bordure ад bord край),
1) крывыя або прамыя палосы, якія абрамляюць малюнак, тэкст і інш. 2) У дарожным будаўніцтве — вузкія палосы (бартавыя камяні, пліты), якія аддзяляюць праезную частку дарогі ад абочын, тратуараў і інш. 3) У дэкаратыўным садаводстве — паласа бардзюрных (нізкіх) раслін па контуры клумбы, газона, рабаткі, уздоўж жывых агароджаў, дарожак для стварэння маляўнічых кветкавых кампазіцый. Бывае просты — пасадка шыр. 1—2 м з 1—2 відаў раслін, размешчаных радамі або ў шахматным парадку, і складаны — шыр. 2,5—5 м з некалькіх відаў раслін. Для бардзюраў выкарыстоўваюць адна- і шматгадовыя нізкарослыя (сцылы, крокусы, бурачок скальны, лабелія, эрынус і інш.), сярэднярослыя (касачы, астыльба гібрыдная, флёксы, самшыт вечназялёны і інш.), высакарослыя (дэльфініумы, астры кітайскія, барбарысы і інш.) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ХЕМАА (Lahemaa),
нацыянальны парк на ўзбярэжжы Фінскага заліва, у Эстоніі. Засн. ў 1971. Пл. каля 65 тыс.га, у т. л. лясная — 45 тыс.га. Падзелены на функцыян. зоны: рэзерватаў, прыродных ландшафтаў, адпачынку і інш. Размешчаны на 4 паўастравах; па берагах абломкі скал, валуны. На рэчках і ручаях невял. вадаспады і парогі. Лясная расліннасць — зеленамошныя хвойнікі і ельнікі, у поймах рэк — забалочаныя ўчасткі лесу з бярозы і вольхі. Вярховыя балоты. У флоры 838 відаў, у т. л. 26 рэдкіх: чаравічак сапраўдны, луннік ажываючы, лабелія Дортмана і інш. У фауне 37 відаў звяроў, у т. л. казуля, дзік, лось, мядзведзь, норка і інш.; 213 — птушак, у т. л. чорны бусел, глушэц, цецярук і інш.; шмат пералётных птушак.