СВІЦЯЗЯ́НСКІ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1970 для аховы унікальнага азёрна-ляснога комплексу. Пл. 1034 га. Знаходзіцца амаль у цэнтры Навагрудскага ўзвышша. Рэльеф узгорысты. Уключае воз. Свіцязь з прылеглым лясным масівам. Расліннасць падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць яловыя, хваёвыя, дубовыя і бярозавыя лясы, менш пашыраны асінавыя, альховыя, грабавыя. Растуць клён, ясень і пародыэкзоты — лістоўніца сібірская, дуб чырвоны, таполя лаўралістая. У флоры каля 300 відаў сасудзістых раслін, з якіх палушнік азёрны, лабелія Дортмана, прыбярэжнік аднакветкавы, купальнік горны, тлушчанка звычайная, лілея кучаравая, гідрыла кальчаковая, наяда гнуткая занесены ў Чырв. кнігу. На паўн. беразе воз. Свіцязь 2 векавыя дубы — помнікі прыроды, на паўд.зах. — група стараж. курганоў.

т. 14, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)