КІШЭ́ЧНАЯ ПА́ЛАЧКА, колібактэрыя (Escherichia coli),

грамадмоўная бактэрыя сям. энтэрабактэрый; адна з найб. звычайных прадстаўнікоў кішэчнай флоры млекакормячых. Мае форму палачкі з закругленымі канцамі (0,4—0,8 χ 1—3 мкм). Рухомая, факультатыўны анаэроб, споры не ўтварае. Зброджвае глюкозу, лактозу і інш. вугляводы. Выдзяляецца з фекаліямі. Прысутнасць К.п. ў пробах (напр., вады) сведчыць аб іх фекальным забруджванні. Патагенныя штамы К.п. — узбуджальнікі кішэчных хвароб — колібактэрыёзаў. Аб’ект мікрабіял. і малекулярна-генет. даследаванняў. Выкарыстоўваюць у, генет. інжынерыі для атрымання інтэрферону, інсуліну і інш.

т. 8, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦЫЛІ́Н,

антыбіётык, які выпрацоўвае сянная палачка (Bacillus subtilis). Паводле хім. саставу — поліпептыд. Уздзейнічае на грамстаноўчыя (стафілакокі) і грамадмоўныя (кішэчная палачка) бактэрыі. Шырока не выкарыстоўваецца (інактывуецца пры наяўнасці бялковых рэчываў крыві і сывараткі).

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ЖА,

выпучванне ўнутр. органаў або іх тканак праз адтуліны ў анатамічных утварэннях у міжмышачную клятчатку, поласці, пад скуру.

Бывае прыроджаная і набытая; траўматычная, штучная, пасляаперацыйная; поўная і няпоўная і інш. Паводле лакалізацыі адрозніваюць грыжу галаўнога і спіннога мозга, жывата (пахвінная, сцегнавая, эпігастральная, пупочная, сядалішчная і інш.), мышцаў. Утварэнню набытай грыжы садзейнічаюць прыроджаная слабасць пэўных анатамічных абласцей, цяжкая фіз. праца, знясіленне, траўмы. Лячэнне хірургічнае. Хворыя, якім проціпаказана аперацыя, носяць бандаж. Ускладненні: ушчамленне грыжы, магчыма кішэчная непраходнасць грыжы, запаленне і інш.

А.​У.​Руцкі.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́СТРУЛА (позналац. gastrula ад грэч. gastēr страўнік),

зародак шматклетачнага жывёльнага арганізма ў перыяд гаструляцыі; адна са стадый зародкавага развіцця. Упершыню апісаў А.​А.​Кавалеўскі ў 1865 пад назвай «кішэчная лічынка». Вылучаюць этапы ранняй (пасля бластулы), сярэдняй і позняй гаструлы. На апошнім этапе гаструла складаецца з двух слаёў клетак — вонкавага (першасная эктадэрма) і ўнутранага (першасная энтадэрма); у большасці жывёл да іх далучаецца трэці слой (мезадэрма). Унутраная поласць гаструлы (гастрацэль) трансфармуецца ў поласць кішэчніка, злучаецца з вонкавым асяроддзем праз бластапор — адтуліну першаснага рота.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІШЭ́ЧНЫ СОК, стрававальны сок,

вадкі прадукт залоз тонкага і тоўстага аддзелаў кішэчніка ў некат. беспазваночных (малюскі, членістаногія), усіх пазваночных і чалавека. У пазваночных і чалавека К.с. бясколерны або жаўтаваты са шчолачнай рэакцыяй, з камячкамі слізі і злушчанымі клеткамі эпітэлію. Састаў К.с.: вада, арган. і неарган. рэчывы, ферменты, якія канчаткова расшчапляюць бялкі, тлушчы і вугляводы ежы (амілаза, цукраза, фасфатаза, энтэракіназа і інш.). Выдзяляецца бесперапынна (у чалавека за суткі 1—3 л). Кішэчная сакрэцыя рэгулюецца нерв. і гумаральным шляхамі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАБІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ навакольнага асяроддзя,

прыўнясенне ў прыроднае асяроддзе нехарактэрных для яго або надзвычайнае павелічэнне колькасці пастаянна прысутных у ім відаў мікраарганізмаў; форма біялагічнага забруджвання. Вынік прыроднага пераносу мікраарганізмаў (паветр. плынямі, жывёламі, з насеннем і інш.), масавага іх размнажэння на антрапагенных (бытавыя адходы, сцёкавыя воды і інш.) ці змененых чалавекам прыродных субстратах і інш. Часта спадарожнічае біятычнаму (непажаданымі біягенамі, напр., угнаеннямі, выдзяленнямі арганізмаў, трупамі) і механічнаму забруджванню. Найб. небяспечнае М.з. мікробамі, патагеннымі для чалавека, жывёл і раслін або здольнымі пры пэўных умовах набываць патагенныя ўласцівасці (сінягнойная. кішэчная палачка і інш.).

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,

паталагічны стан арганізма, які ўзнікае ад агульнага дзеяння іанізавальнага выпрамянення.

Пры П.х. адбываецца іанізацыя атамаў і малекул цела радыеактыўным выпрамяненнем з глыбокімі незваротнымі зменамі ў клетках і органах, парушаюцца функцыі генет. апарата, нерв., крывятворнай, страўнікава-кішачнай сістэм і інш. Адрозніваюць вострую і хранічную форму П.х. Вострая форма падзяляецца на лёгкую, сярэднюю, цяжкую і вельмі цяжкую. Ступень цяжкасці абумоўлена дозай выпрамянення, плошчай апрамянення і рэактыўнасцю арганізма. У залежнасці ад доз агульнага апрамянення выдзяляюцца 4 формы П.Х.: косцемазгавая, кішэчная, цэрэбральная, таксемічная. У цячэнні косцемазгавой формы вылучаюць першасную рэакцыю, латэнтны перыяд, разгар хваробы і ўзнаўленчы перыяд. Лячэнне комплекснае.

А.​С.​Маўрычаў.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)