УРЭТРЫ́Т,
запаленне мочаспускальнага канала (урэтры). Асн. ўзбуджальнікі: стафілакокі, кішэчная палачка, ганакокі, трыхаманады і інш.
Адрозніваюць інфекц. неспецыфічныя (бактэрыяльныя, вірусныя, мікатычныя, хламідыйныя, урэаплазменныя і інш.) і спецыфічныя (ганарэйныя, трыхаманадныя і інш.); неінфекц (траўматычныя, алергічныя, абменныя і інш.). Бывае востры і хранічны; у залежнасці ад пашыранасці па мочаспускальным канале — пярэдні, задні, татальны. Прыкметы: боль, смыленне, сверб, выдзяленні з мочаспускальнага канала, частае мочаспусканне. Прыводзіць да архіту, бясплоднасці, прастатыту. Лячэнне камбінаванае, накіраванае на ліквідацыю прычыны У., запалення і Яго наступстваў.
А.У.Строцкі.
т. 16, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)